Завершана навуковае апісанне фонду № 467 (вопіс № 1) пісьменніка і кінарэжысёра Міколы Садковіча

Мікалай Фёдаравіч Садковіч нарадзіўся 21(8).01.1907 г. у в. Вусце Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Да 1924 г. жыў разам з бацькамі, працаваў на гаспадарцы. Вучыўся спачатку ў прыходскай школе, потым у Аршанскім педтэхнікуме. Быў юнкорам газеты “Чырвоная змена”. У 1924 г. Акружкам камсамола накіраваў М. Ф. Садковіча на вучобу ў Маскву, дзе ён закончыў Дзяржаўны тэхнікум кінематаграфіі, аддзяленне кінарэжысуры (1928). Працаваў рэжысёрам на Маскоўскай (1928–1933), Адэскай (1933–1936) кінафабрыках, Кіеўскай кінастудыі “Украінфільм” (1936–1941), Ташкенцкай кінастудыі (1941–1942). У 1942–1945 гг. М. Ф. Садковіч – кіраўнік Беларускай кінагрупы на Цэнтральнай студыі дакументальных фільмаў у Маскве. З кінагрупай выязджаў у штаб партызанскага руху на Гомельшчыну (1942–1945), а таксама ў Германію (1945). У 1946 г. – рэжысёр на кінастудыі “Союздетфильм” (Масква), галоўны рэдактар і рэжысёр на Цэнтральнай студыі дакументальных фільмаў (1948–1950). Член Саюза кінематаграфістаў СССР з 1957 г. Быў міністрам кінематаграфіі БССР (1946–1947, 1950), намеснікам міністра культуры БССР (1953–1956). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1947–1959). З 1956 да 1958 г. М. Ф. Садковіч працаваў прадстаўніком “Совэкспортфильма” і Міністэрства культуры СССР у Вялікабрытаніі.

М. Ф. Садковіч – рэжысёр мастацкіх і дакументальных фільмаў: “Счастливые кольца” (1929), “Песня про первую девушку” (1930, абодва з Л. У. Голубам), “Шуми, городок” (1939), “Демократическая Германия” (1950, Дзяржаўная прэмія СССР). Сцэнарыст і пастаноўшчык фільмаў “Майская ночь” (1940, паводле М. В. Гогаля), “Три гвардейца” (1942), “Живи, родная Беларусь!”, “Освобождение Советской Белоруссии” (1944, абодва з У. У. Корш-Сабліным). Сцэнарыст фільмаў “Міколка-паравоз” (1957, з М. Ц. Лыньковым), “Счастье женщины” (1967), “Я, Франциск Скорина” (1968) і інш.

Член СП СССР з 1947 г. У беларускім друку выступіў у 1948 г. Пісаў на рускай мове. Аўтар гістарычнага рамана “Георгий Скорина” (у сааўт. з Я. Львовым, 1951, дапоўненае ў 1957 г.), “Повести о ясном Стахоре” (1956), аповесці “Человек в тумане” (1960), рамана “Мадам Любовь” (1966).

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1944).

Памёр М. Ф. Садковіч 16.08.1968 г. Пахаваны на Новых Данскіх могілках у Маскве.

Дакументы М. Ф. Садковіча паступалі ў БДАМЛМ ад удавы P. M. Клябанавай (Садковіч) у 1987, 1989 гг., у 1992 г. – ад нявесткі Т. М. Кудраўцавай (Садковіч).

18 лістапада 2020 г.