Завершана навуковае апісанне фонду № 457 (вопіс № 1) фалькларыста, літаратуразнаўцы Цішчанкі Івана Кірылавіча

Цішчанка Іван Кірылавіч нарадзіўся 22 мая 1930 г. у в.Улукі Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Да вайны І.К.Цішчанка скончыў 3 класы Улукскай пачатковай школы. У гады вайны за дапамогу партызанам быў схоплены карнікамі, цудам выратаваўся ад растрэлу. Пасля вайны вучыўся ў Слаўгарадскай СШ, рэдагаваў школьны рукапісны літаратурны часопіс “Прамень”, дзе змяшчаў свае вершы, нататкі. Пасля заканчэння школы паступіў на філалагічны факультэт БДУ імя У.І. Леніна. У студэнцкія гады пачаў цікавіцца народнай творчасцю, удзельнічаў у фальклорных экспедыцыях. Супрацоўнічаў ва ўніверсітэцкай газеце “За сталінскія кадры” (“Беларускі ўніверсітэт”), у якой апублікаваў шэраг нарысаў пра студэнтаў. У 1956-1957 г., пасля заканчэння ўніверсітэта, выкладаў мову і літаратуру ў Мінскім тэхнікуме харчовай прамысловасці. З 1957 г. па 1992 г. працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі малодшым навуковым супрацоўнікам, з 1971 г. – старшым навуковым супрацоўнікам. У 1968 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Беларуская частушка. Пытанні генезісу жанру”. Штогод прымаў ўдзел у фальклорных экспедыцыях па збору вуснай народнай паэзіі, удзельнічаў у падрыхтоўцы першага навуковага выдання “Беларускі эпас”. З 1969 г. кадыдат філалагічных навук. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986) за шматтомнае выданне “Беларуская народная творчасць”. З 1992 г. да 2001 г. дацэнт, загадчык кафедры фальклору Беларускага ўніверсітэта культуры, выкладаў фальклор і міфалогію. У 1996 г. атрымаў званне прафесара.

Свае творы ў розны час падпісваў псеўданімамі: К.Іванчанка, І.Кірылаў, У.Улукскі, Ц.Цагельны. Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці – даследаванне праблем беларускай традыцыйнай культуры, беларускай фалькларыстыкі, жанры фальклёру, міфалогіі. У першыню ў друку І.К.Цішчанка выступіў з фельетонам “Маўклівая размова” у 1951 г. Першыя яго публікацыі па пытаннях фалькларыстыкі і гісторыі літаратуры ў рэспубліканскай перыёдыцы датуюцца 1956 г. З 1965 г. удзельнічае ў падрыхтоўцы шматтомнага акадэмічнага збору беларускага фальклору. Выдаў манаграфіі: “Жыццё песні” (1984), “Да народных вытокаў” (1986), “Беларускі фальклор” (1977). У серыі Беларуская народная творчасць падрыхтаваў тамы “Жартоўныя песні” (1974), “Песні пра каханне” (1978), “Сямейна-бытавыя песні” (1984), “Прыпеўкі” (1989), “Сацыяльна-бытавыя песні” (1989). Адзін з укладальнікаў калектыўных манаграфій “Беларуская частушка” (1960), “Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны” (1961), “Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць” (1967), “Паэзія барацьбы” (1985), “Беларуская фалькларыстыка” (1989). Адзін з укладальнікаў падручнікаў, дапаможнікаў, хрэстаматый і праграм па фальклору для студэнтаў ВНУ Рэспублікі Беларусь “Беларускі фальклор. Хрэстаматыя” (1969), “Беларуская вусна-паэтычная творчасць” (1978), “Беларуская народная паэтычная творчасць” (1979), “Беларуская вусна-паэтычная творчасць. Праграма для гуманітарных факультэтаў універсітэтаў рэспублікі”. Напісаў звыш 200 літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, рэцэнзій, нарысаў пра творчасць А.Міцкевіча, М.Багдановіча і інш., па беларуска-руска-украінскіх сувязях. Займаўся даследаваннем аўтарства ананімнай гутаркі “Во цяпер які люд стаў”. У БелСЭ і ЭЛІМ Беларусі змясціў 48 артыкулаў. Спрабаваў пісаць празаічныя творы - апавяданне “Склезень” (1988). Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў “Бывайце здаровы” (1981, пра А.Г.Русака, зняты на кінастудыі “Беларусьфільм”), “Песня на ўсё жыццё” (1986, пра Р.Р.Шырму, сааўтар А.С.Ліс, зняты на беларускім тэлебачанні), “Вяртанне Міхася Забэйды” (1990, сааўтар П.Марчук, зняты на кінастудыі “Беларусьфільм – кінарэжысёрам Р.Ясінскім).

Памёр І.К.Цішчанка 24 лютага 2001 г. Пахаваны ў в.Улукі Магілёўскай вобласці.

Дакументы І.К.Цішчанкі паступілі ў архіў-музей ад удавы Марыі Ільінічны Цішчанкі ў 2001 і 2005 гг. У выніку навуковага апісання быў складзены вопіс № 1 у колькасці 447 адз. зах. (2203 дакумента) за 1958-2001 гг., фотакопіі дакументаў за 1836-1939 гг., друкаванае выданне “Нашае Ніва” 1910 г.

Вопіс складаецца з 9 раздзелаў:

  1. У раздзел “Рукапісы І.К.Цішчанкі” ўвайшло 7 падраздзелаў. У падраздзеле 1.1. змешчаны кандыдацкая дысертацыя “Беларуская частушка. Пытанні генезісу жанра”, картатэка частушак, сабраных да дысертацыі, доктарская дысертацыя “Гісторыя беларускай фалькратыстыкі другой палавіны ХІХ ст.” (не абараніў), манаграфіі “Легенды і паддані”, “Да народных вытокаў”, “Беларуская фалькларыстыка: збіранне і даследванне народнай творчасці ў 60-х гадах ХІХ – пачатку ХХ ст.”, энцыклапедыя (рэестр тэрмінаў). Падраздзелы 1.2.–1.6. складаюць артыкулы пра фалькларыстаў Я.Карловіча, Я.А.Ляцкага, І.А.Сербава, П.В.Шэйна і інш., па фальклору, этнаграфіі і міфалогіі, сцэнарыі да дакументальных фільмаў “Бывайце здаровы”, “Песня на ўсё жыццё”, “Вяртанне Міхася Забэйды”, апавяднне “Склезень”, рэцэнзіі на кнігі, рукапісы, зборнікі, манаграфіі, водгукі на рукапіс, зборнік, дысертацыю, пьесу, выступленіі пра М.І.Забэйды-Суміцкага, М.Я.Грынблата, інтэрв’ю з А.А.Петрашкевічам, лекцыі і праграма па міфалогіі, дэманалогіі, сімволіцы, беларускаму фальклору для філалагічных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў. У падраздзеле 1.7. змешчана бібліяграфія за 1956–1999 гг., картатэка прац І.К.Цішчанкі.
  2. У раздзеле “Дакументы ўкладальніцкай дзейнасці І.К.Цішчанкі” змешчаны артыкулы розных аўтараў да мяркуемага выдання “Хрэстаматыя па беларускай фалькларыстыцы”.
  3. У раздзел “Перапіска” ўвайшло 3 падраздзелы. У першым падраздзеле змешчаны пісьмы І.К.Цішчанкі. У другім падраздзеле – пісьмы да І.К.Цішчанкі ад А.М.Адамовіча, А.Н.Галчанава (Масква), Л.А.Геніюш, Н.С.Гілевіча, А.С.Фядосіка, знаёмых з замежных краін (Украіна, Польшча, Літва, Расія), сяброў, бацькоў. У трэцім падраздзеле змешчаны пісьмы да І.К.Цішчанкі ад устаноў: ад Баранавіцкага краязнаўчага музея, Цэнтральнай бібліятэкі АН Літоўскай ССР, Архіва Міністэрства абароны СССР, выдавецтва БелСЭ, часопіса “Полымя”, “Беларусьфільма”. За падраздзелам змешчаны артыкулы з дароўнымі надпісамі К.М.Галкоўскага І.К.Цішчанку.
  4. У раздзеле “Дакументы да біяграфіі І.К.Цішчанкі” змешчаны дакументы аб працы І.К.Цішчанкі ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, у Беларускім універсітэце культуры.
  5. У раздзеле “Дакументы пра І.К.Цішчанку” змешчаны вершы, прысвечаныя І.К.Цішчанку, рэцэнзіі і водгукі Н.С.Гілевіча, М.М.Грынчыка, Г.А.Каханоўскага, М.Р.Ларчанкі, В.Д.Ліцьвінкі, С.М.Міско, П.Савіцкага, І.У.Саламевіча, Ф.Сіміцкага, В.М.Тарасава, А.С.Фядосіка, М.Янкоўскага, І.Я.Яшкіна, на кнігі, дысертацыю, манаграфіі, артыкулы І.К.Цішчанкі, артыкул да 70-годдзя І.К.Цішчанкі.
  6. У раздзел “Дакументы, сабраныя І.К.Цішчанкам да сваіх прац” увайшло 8 падрадзелаў. У падраздзел 6.1. “Дакументы, сабраныя для працы над сцэнарыем дакументальнага фільма “Вяртанне Міхася Забэйды” увайшло 4 падпадраздзелы: пісьмы М.І.Забэйды-Суміцкага да І.К.Цішчанкі; запрашэнні, афішы і праграмы канцэртаў М.І.Забэйды-Суміцкага; артыкулы і рэцэнзіі С.І.Грахоўскага, Н.Кавалёвай, В.Корзуна, М.Плавінскага, М.Машары, Р.Р.Шырмы на канцэрты М.І.Забэйды-Суміцкага, біяграфічная даведка М.І.Забэйды-Суміцкага, пісьмы Ю.Сяргіевіча, Я.Мажыка, Цэнтральнага Нацыянальнага камітэта Прагі да М.І.Забэйды-Суміцкага; фатаграфіі М.І.Забэйды-Суміцкага. У падраздзеле 6.2. “Дакументы пра І.П.Урбановіча (стрыечнага брата М.І.Забэйды-Суміцкага)” змешчаны фатаграфіі І.П.Урбановіча, лістоўкі Камітэта па барацьбе з нямецкімі акупантамі, успаміны, фатаграфіі Б.Д.Кнубавец (удавы І.П.Урбановіча). У падраздзеле 6.3. “Дакументы, сабраныя І.К.Цішчанкам да манаграфіі “Жыццё песні” змешчаны фатаграфіі Л.П.Александройскай, І.І.Любана, ноты за 1931 – 1960-я гг. У падраздзеле 6.4. “Дысертацыя, артыкулы, рэцэнзіі, верш” змешчаны кандыдацкая дысертацыя М.Д.Мацюха, артыкулы С.Глінкі, М.М.Клімовіча, Я.А.Ляцкага, Р.П.Платонава, Я.Саламевіча, Т.К.Хадкевіча, І.В.Швед, І.Я.Яшкіна, рэцэнзіі. У падраздзеле 6.5. “Фотакопіі дакументаў з архіваў і бібліятэк” змешчаны фотакопіі кнігі І.І.Насовіча, дакументаў Паўночна-Заходняга аддзела Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства і інш. У канцы падраздзела змешчана выданне “Наша Ніва”, песня Л.М.Рагоўскага “А хто там ідзе?”. У падраздзел 6.6. “Выпіскі І.К.Цішчанкі з друкаваных і архіўных крыніц” увайшлі выпіскі пра фалькларыстаў А.Г.Кіркора, І.І.Насовіча, Я.А.Ляцкага і інш., фальклор, міфалогію, частушкі. У падраздзеле 6.7. “Бібліяграфічная картатэка па фальклоры, этнаграфіі, міфалогіі і інш.” змешчана картатэка пра фалькларыстаў П.А.Гільтэбранта, П.А.Бяссонава, А-Г.К.Кіркора, Я.А.Ляцкага, І.А.Сербава і інш. У падраздзеле 6.8. “Выяўленчыя дакументы, сабраныя І.К.Цішчанкам да сваіх прац” змешчаны копіі фатаграфій І.А.Сербава 1911-1912 гг., фотакопіі, малюнкі і ксеракопіі да лекцый па міфалогіі за 1970-я-2001 гг.
  7. У раздзел “Дакументы, сабраныя І.К.Цішчанкам па цікавых для яго тэмах” увайшлі апавяданні, артыкулы, вершы розных аўтараў за 1962-1999 гг.
  8. У раздзел “Выяўленчыя дакументы” увайшло 2 падраздзела. У падраздзеле 8.1. змешчаны фатаграфіі І.К.Цішчанкі за 1960-я - др.пал. 1970-х гг. У падраздзеле 8.2. “Фатаграфіі розных асоб” змешчаны фатаграфіі В.І.Казлоўскага, спевакоў, кампазітараў і інш., паштоўкі канца ХІХ – пачатка ХХ стст. замежных краін.
  9. У раздзеле “Дакументы К.А.Цішчанкі (бацькі І.К.Цішчанкі)” змешчаны артыкулы К.А.Цішчанкі, біяграфія К.А.Цішчанкі, пісьмы да К.А.Цішчанкі, артыкулы пра К.А.Цішчанку.

22 лістапада 2017 г.