Завершана навуковае апісанне фонду № 450 (вопіс № 1) драматурга, празаіка, публіцыста, кінасцэнарыста Алеся Петрашкевіча

Алесь (Аляксандр Лявонцьевіч) Петрашкевіч нарадзіўся 1 мая 1930 г. у в. Пярэвалачня Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў 3 класы пачатковай школы. У 1948 г. скончыў Забалоцкую сямігадовую, у 1951 г. – Коханаўскую сярэднюю школу. У 1955 г. атрымаў дыплом юрыста (БДУ імя У.І. Леніна). З 1954 г. працаваў у ЦК ЛКСМБ інструктарам, загадчыкам лектарскай групы, намеснікам загадчыка аддзела. З 1961 г. у ЦК КПБ: інструктар, загадчык сектара ў аддзеле культуры (1963-1967). У 1974- 1975 гг. – адказны сакратар, а затым з 1973 да 1975 г. – намеснік галоўнага рэдактара БелСЭ. Рэктар Мінскага інстытута культуры з 01.09.1975 г. да 976 г., з 1982 г. да 2004 г. працаваў там выкладчыкам. Загадчык аддзела культуры ЦК КПБ з 1976 да 1978 гг. З 1991 г. да 1998 г. – кіраўнік арганізацыйна – метадычнага цэнтра па выданні гісторыка-дакументальных хронік “Памяць” пры Міністэрстве культуры і друку Рэспублікі Беларусь. А.Л. Петрашкевіч прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Беларусі: з 1981 г. – у Беларускім добраахвотным аб’яднанні аховы помнікаў гісторыі і культуры, з 1989 г. – у экалагічнай камісіі пры Прэзідыуме АН БССР. З 1989 г. з’яўляўся адным з заснавальнікаў і актыўным дзеячам ТБМ. З 1991 г. – старшыня Беларускага фонду славянскага пісьменства і славянскіх культур. З 1991 па 2007 гг. – сябра рады МГА “Згуртаванне беларусаў свету ”Бацькаўшчына”.

Кандыдат гістарычных навук (1967) (кандыдацкая дысертацыя “Комсомол Беларуси – активный помощник Коммунистической партии в мобилизации молодёжи на выполнение cемилетнего плана развития народного хозяйства (1959-1965 гг.”). Член Саюза журналістаў з 1961 г. У 1975 г. атрымаў званне заслужанага работніка культуры БССР, а ў 1976 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР “за ўдзел у выданні БелСЭ”. Узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, медалём Ф. Скарыны (1990), граматамі Вярхоўнага Савета БССР і УССР і інш.

Літаратурную дзейнасць А.Л. Петрашкевіч пачаў у 1955 г. з фельетонаў, нарысаў, памфлетаў. Выступаў пад псеўданімамі Алесь Аляксееў, Алесь Тутэйшы, Алесь Шпак, Алесь Былініч і інш. Аўтар аднаактоўкі “Кары егіпецкія” (1966), п’ес “Трывога” (1974, пастаўлена тэатрам імя Я. Коласа), “Злыдзень” (1974, пастаўлена Магілёўскім абласным тэатрам драмы і камедыі), “Укралі кодэкс” (1976, пастаўлена Гомельскім абласным драмтэатрам), “Напісанае застаецца” (1979, пастаўлена тэатрам імя Я. Купалы ), “Соль” (1981, пастаўлена Рускім драмтэатрам БССР, тэатрамі Украіны), “Русь Кіеўская” = “Гора і слава” (1982, пастаўлена Крымскім рускім драмтэатрам), “Злавеснае рэха” (1984, пастаўлена Магілёўскім абласным тэатрам драмы і камедыі) і інш. Выйшлі зборнікі “П’есы” (1976, 1988), “У спадчыну - жыццё” (1986), “Здрапежаная зямля” (2003), “Крыніцы і каламуць” (2008) і і нш. Напісаў лібрэта оперы “Новая зямля” паводле аднайменнай паэмы Я. Коласа (пастаўлена ў 1982 г.)

А.Л. Петрашкевіч – аўтар сцэнарыяў мастацкіх фільмаў “Воскресная ночь” (пастаўлены ў 1977 г.) і “Время выбрало нас” (з У.Т. Халіпам, 2 серыі, пастаўлены ў 1976-1978 гг.), сцэнарыяў навукова – папулярнага фільма “Францыск, сын Скарынін” (1989), дакументальнага фільма “Вдоль и поперёк Днепра” (1988, пастаўлены ў 1990 г.) (к/с “Беларусьфільм”). Напісаў сцэнарыі да радыёспектакляў “Новая зямля” (пастаўлены ў 1976), “Злавеснае рэха” (пастаўлены ў 1984 г.), “У спадчыну – жыццё” (пастаўлены ў 1986 г.), “Надзвычай цяжкая пасада” (пастаўлены ў 1986 г.)

Дакументы А.Л. Петрашкевіча паступілі ад самога пісьменніка ў 1998 г. У выніку навукова-тэхнічнай апрацоўкі фонду № 450 быў складзены вопіс № 1 у колькасці 978 спраў (5 865 дакументаў) за 1928-2007 гг.

Вопіс складаецца з 8 раздзелаў:

  1. Рукапісы А.Л. Петрашкевіча: п’есы, сцэнкі пра аўцюкоўцаў па матывах аповесці У.С. Ліпскага “Аўцюкоўцы” (1965-2004), літаратурныя сцэнарыі фільмаў, творчыя заяўкі на напісанне кінасцэнарыяў мастацкіх фільмаў, кінааповесць А.І. Петрашкевіча і У.Т. Халіпа “Время выбрало нас” (1978), апавяданні, фельетоны, нарыс “Францыск – сын Скарынін з слаўнага града Полацка ў навуках вызваленых і лекарскіх доктар”, артыкулы, выступленні на адкрыцці Мінскага інстытута культуры, на пленуме СП БССР, пасяджэнні калегіі Дзяржкамітэта па друку, на вечарынах, прысвечаных юбілеям пісьменнікаў, даклады на Скарынаўскіх чытаннях, рэцэнзіі, інтэрв’ю, аўтабіяграфія, аўтабібліяграфіі прац А.Л. Петрашкевіча, успамінальны аповяд “Крыніцы і каламуць”, успаміны пра П.У. Броўку, А.Я. Макаёнка, анатацыі да сваіх прац, верш, эпіграмы на супрацоўнікаў БелСЭ, пераклады з рускай, польскай і ўкраінскай моў, літаратурны запіс А.Л. Петрашкевіча дакументальнай аповесці С. П. Шмуглеўскага “Рядовые подполья”.
  2. Пераклады п’ес А.Л. Петрашкевіча з беларускай мовы М. Мірашнічэнкам, Дз.М. Мусіенкам, М.Я. Зарудным, У.Я. Бурбанам на рускую і ўкраінскую мовы.
  3. Пісьмы, паштоўкі, тэлеграмы А.Л. Петрашкевіча да дзеячаў літаратуры, мастацтва і інш., пісьмы ва ўстановы. Пісьмы, паштоўкі, тэлеграмы ад пісьменнікаў, тэатральных дзеячаў, рэжысёраў, перакладчыкаў Беларусі, Расіі, Украіны.
  4. Дароўныя надпісы А.Л. Петрашкевічу на буклетах, праграмах, аўтарэфераце дысертацыі і інш.
  5. Біяграфічныя дакументы А.Л. Петрашкевіча: асабістыя дакументы, дакументы службовай дзейнасці, дакументы аб працы ў БелСЭ, дакументы аб працы ў арганізацыйна-метадычным цэнтры па выданні гісторыка-дакументальных хронік “Памяць”, дакументы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дакументы аб працы А.Л. Петрашкевіча ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры, дагаворы выдавецтваў, тэатраў з А.Л. Петрашкевічам на напісанне, выданне, пераклад п’ес, праграмы, буклеты, афішы, запрашальныя білеты на спектаклі па яго п’есах. Дакументы грамадскай дзейнасці А.Л. Петрашкевіча сабралі дакументы працы ў Беларускім фондзе славянскага пісьменства і славянскіх культур, Беларускім фондзе культуры, у МГА “Згуртаванне беларусаў свету ”Бацькаўшчына”, БТА, у Экалагічнай камісіі пры Прэзідыуме АН БССР. Сярод юбілейных дакументаў – ганаровыя граматы, віншавальныя адрасы, тэлеграмы, пісьмы, артыкулы да 50-годдзя, 60-годдзя, 70-годдзя пісьменніка, да ўзнагароджання медалём Ф. Скарыны і інш.
  6. Сцэнарыі, артыкулы, нататкі, рэцэнзіі, інтэрв’ю, пісьмы радыёслухачоў, гледачоў з водгукамі на творы А.Л. Петрашкевіча.
  7. Дакументы, сабраныя А.Л. Петрашкевічам да сваіх прац і па розных тэмах: дакументы да напісання п’ес, дакументальнай аповесці С.П. Шмуглеўскага “Рядовые подполья”, п’есы, артыкулы, даклад, выступленні і інш. розных аўтараў, газеты, брашуры, тэлефонныя даведнікі.
  8. Выяўленчыя дакументы: індывідуальныя фатаграфіі А.Л. Петрашкевіча, у групах з дзеячамі мастацтва, роднымі, землякамі; фатаграфіі, зробленыя ў час працы ў ЦК ЛКСМБ, ЦК КПБ, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры, БелСЭ; фатаграфіі сцэн са спектакляў па п’есах А.Л. Петрашкевіча, фатаграфіі кадраў з фільмаў; фатаграфіі дзеячаў мастацтва, вокладак кніг з п’есамі А.Л. Петрашкевіча, эскізаў, афіш, дэкарацый да спектакляў і інш.

23 верасня 2016 г.