Завершана навуковае апісанне фонду № 373 (вопіс № 1) паэта, празаіка, перакладчыка Уладзіміра Паўлава

Паўлаў Уладзімір Андрэевіч нарадзіўся 25 кастрычніка 1935 г. у в. Замошша Слуцкага, цяпер Любанскага раёна Мінскай вобласці. У 1954 г. Уладзімір Андрэевіч скончыў Дарасінскую сярэднюю школу, працаваў літработнікам любанскай раённай газеты “Кліч Радзімы”. У тым жа годзе быў прызваны ў Савецкую Армію, служыў да 1957 г. у Маскоўскай ваеннай акрузе ў авіяцыйнай часці механікам па электраабсталяванні самалётаў. У 1957 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ імя Леніна, якое скончыў у 1962 г. Апошнія тры гады навучання ва ўніверсітэце спалучаў з працай у газеце “Чырвоная змена” і на Беларускім радыё. З 1963 г. да 1967 г. – загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва, быў адказным сакратаром газеты “Чырвоная змена”, з 1967 г. – адказны сакратар кінабюлетэня “На экранах Беларусі”, з 1971 г. – літкансультант Саюза пісьменнікаў БССР. З 1972 г. – загадчык рэдакцыі паэзіі, з 1982 г. – рэдакцыі збору твораў і выбраных твораў выдавецтва “Мастацкая літаратура”. З 1986 г. – кансультант па пытаннях літаратуры, з 1990 г. – член Рады, намеснік страршыні Саюза пісьменнікаў БССР. Член СП БССР з 1962 г.

Першы верш У.А. Паўлава “Слаўнае лета” быў надрукаваны ў 1954 г. у газеце “Піянер Беларусі”. Падборкі вершаў друкаваліся ў часопісах “Бярозка”, “Вясёлка”, “Маладосць”, “Полымя”, газетах “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, “Калгасная праўда” і інш. Аўтар зборнікаў паэзіі: “Узлётная паласа” (1960), “Далягляд” (1964), “Светацень” (1967), “Начная балада” (1971), “Сонца купаецца” (1976), “Сляза на вейцы” (1982), “Гадавое кальцо” (1986) і інш.; кніг аповесцяў і апавяданняў: “Годы нашы птушкі” (1970), “Ад агню і мяча” (1973) і інш. Шэраг кніг адрасаваны юным чытачам “Пажарніца”=“Тайна бункера № 7” (1968), “Чуж-чужаніца” (1979), “Радзімкі” (1989), “Хто знае – адгадае” (1997), “Згадка на дабро” (2004) і інш. Пераклаў на беларускую мову раман “Чужая дачка” Я. Фельдэака (1979), “Момант ісціны”=“У жніўні сорак чацвёртага” У.В. Багамолава (1984), паасобныя творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, грузінскіх, балгарскіх і інш. паэтаў (кніга яго перакладаў “Поціск рукі”, 1991).

Дакументы Уладзіміра Андрэевіча Паўлава паступалі ў архіў-музей у 1990 г. і 1993 г. ад яго самаго. У выніку навукова-тэхнічнай апрацоўкі быў складзены вопіс № 1 у колькасці 23 адзінак захоўвання (132 дак.) за [канец 1950-х]–1993 гг. Вопіс складаюць “Рукапісы У.А. Паўлава”, якія ўключаюць два падраздзелы, справы ў якіх сістэматызаваны па жанрах, а ўнутры – па храналогіі.

2 сакавіка 2021 г.