Завершана навуковае апісанне фонду № 358 (вопіс № 1) актрысы, рэжысёра Гурыч Соф’і Якаўлеўны

Гурыч Соф’я Якаўлеўна нарадзілася 29 снежня 1919 г. у г. Сумы УССР. Закончыла беларускую студыю пры Цэнтральным тэатральным вучылішчы ў Ленінградзе, працавала актрысай у Тэатры юнага гледача БССР імя Н.К. Крупскай (1937-1941). Выканала ролі: Фелікса (“Наша зброя” А. Крона), Гешкі (“Чарамыш, брат героя” паводле Л. Касіля), Валі Брузжак (“Як гартавалася сталь” паводле М.А. Астроўскага), Ніны (“Ноч у верасні” І. Чэкіна), Зербінеты (“Хітрыкі Скапэна” Ж.-Б. Мальера), Шурыка (“Казка” М.А. Святлова) і інш. У час Вялікай Айчыннай вайны была начальнікам клуба эвакашпіталя, а з 1942 г. да 1944 г. – дырэктарам радыёстанцыі “Савецкая Беларусь” (Масква). Актрыса і рэжысёр у Брэсцкім абласным драмтэатры імя Ленінскага камсамола (1944-1950). У 1951 г. вучылася на рэжысёрскіх курсах у ГИТИСе (г. Масква). З лістапада 1951 г. да верасня 1954 г. працавала рэжысёрам Славянскага дзяржаўнага рускага драмтэатра імя У.У. Маякоўскага (УССР). Ёй былі пастаўлены наступныя спектаклі: “Таня” А.М. Арбузава, “Завтра будет нашим” К. Мюфке, “Стрекоза” М. Бараташвілі, “Юность отцов” Б.Л. Лаўранёва, “Опасный спутник” А. Салынскага і інш. У 1955 г. пераведзена ў Гомельскі абласны драмтэатр (1955-1957). Сярод яе пастановак: “Гісторыя аднаго кахання” К.М. Сіманава, “Іван Рыбакоў” В.М. Гусева, “Маці сваіх дзяцей” А.М. Афінагенава, “Хітрамудрая закаханая” Лопэ дэ Вэгі і інш. З 1957 г. працавала рэжысёрам, з 1959 г.– галоўным рэжысёрам Белдзяржфілармоніі. З 1966 г. – рэжысёр, у 1967 – 1986 гг. – галоўны рэжысёр, з 1986 г. – рэжысёр вышэйшай катэгорыі літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага рэспубліканскага радыё. Ажыццявіла больш за 200 радыёпастановак, пераважна твораў беларускай прозы і паэзіі (у большасці была і аўтарам інсцэніровак). Сярод іх: “Жураўліны крык”, “Пайсці і не вярнуцца” В.У. Быкава, “Хлеб”, “Першы генерал”, “Вазьму твой боль” І.П. Шамякіна, “Рудабельская рэспубліка”, “Васіль Корж” С.І. Грахоўскага, “Песня Дзвіны” Т.К. Хадкевіча, “Мінскі напрамак, “Завеі, снежань” І.П. Мележа, “Векапомныя дні” М.Ц. Лынькова, “Новая зямля”, “Рыбакова хата” Я. Коласа, “Хамуціус” А.А. Куляшова і інш. Стварыла на радыё цыкл творчых партрэтаў майстроў тэатраў Беларусі: Г.Б. Абуховіч, З.І. Браварскай, А.І. Клімавай, Г.К. Макаравай, Ю.У. Сідарава і інш. З 1989 г. С.Я. Гурыч займалася свабоднай творчай дзейнасцю.

Лаўрэат Дзяржаўных прэмій у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры: у 1974 г. за радыёспектакль”Векапомныя дні” паводле рамана М.Ц. Лынькова і ў 1984 г. за радыёспектаклі “Хамуціус” паводле паэмы А.А. Куляшова і “Рыбакова хата” паводле паэмы Я. Коласа. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1985).

Памерла С.Я. Гурыч 28 красавіка 1999 г. Пахавана ў Мінску.

Дакументы С.Я. Гурыч паступілі ў архіў-музей у 1991 г. ад самой фондаўтваральніцы. У выніку навуковага апісання быў складзены вопіс № 1 у колькасці 98 адз. зах. (289 дакументаў) за 1938–[1980-я гг].

Вопіс складаецца з 5 раздзелаў.

  1. У раздзеле “Творчыя дакументы С.Я. Гурыч” 4 падраздзелы. У першым падраздзеле сабраны фатаграфіі сцэн з спектакляў, сыграных С.Я. Гурыч у ТЮГ БССР імя Н.К. Крупскай: Макса (“Гады выпрабавання” К. Раймонд), Ніны (“Ноч у верасні” І. Чэкіна), Шурыка (“Казка” М.А. Святлова) і ў ролі Антона (“Старыя сябры” Л.А. Малюгіна), сыгранай у Брэсцкім абласным драмтэатры імя Ленінскага камсамола БССР. У другі падраздзел увайшлі п’есы С.Я. Гурыч: “Доктара мне”, “Вера, Надежда, Любовь”, “Танежскія дзяўчаты”, “Миколкино путешествие”, радыёп’есы “Возвращение”, ”Улица Петра Блохина 17”, “Под одной крышей”, “Жураўліны крык” (паводле аповесці В.У. Быкава), “Хлеб” (паводле апавядання І.П. Шамякіна), “Песня Дзвіны” (паводле рамана Т.К. Хадкевіча), “Хатынскі снег” (паводле паэмы Г.М. Бураўкіна), “Пушча” (паводле рамана В.Ф. Карамазава), сцэнарыі радыёперадач, тэлеп’есы. Інсцэніроўкі С.Я. Гурыч раманаў І.П. Шамякіна ”Глубокое течение”, І.П. Мележа “Мінскі напрамак”, аповесці В.У. Быкава “Пайсці і не вярнуцца”, апавядання А.П. Кудраўца “Вяселле” і інш. сабраны ў трэцім падраздзеле. Апавяданні, артыкулы, нататкі, выступленне С.Я. Гурыч склалі чацвёрты падраздзел.
  2. Раздзел сабраў пісьмы да С.Я. Гурыч ад Б.Е. Жукоўскага, І.П. Шамякіна, Палаца культуры МТЗ, рэдакцыі газеты “Советская культура” і інш.
  3. Біяграфічныя дакументы С.Я. Гурыч прадстаўлены яе камандзіровачнымі пасведчаннямі, рэпертуарным лістком Брэсцкага абласнога драмтэатра імя Ленінскага камсамола БССР, дакументамі на вылучэнне Дзяржаўных прэмій БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, афішамі і праграмамі спектакляў Брэсцкага абласнога драмтэатра імя Ленінскага камсамола БССР, Славянскага дзяржаўнага рускага драмтэатра імя У.У. Маякоўскага, Гомельскага абласнога рускага драмтэатра і інш.
  4. У раздзел увайшлі дакументы пра С.Я. Гурыч.
  5. Раздзел “Выяўленчыя дакументы” склалі фатаграфіі С.Я. Гурыч, індывідуальныя, з сябрамі, Г.А. Арловай, М.Г. Захарэвіч, З.П. Зубковай, Ю.У. Сідаравым і інш.

22 лістапада 2017 г.