Завершана навуковае апісанне фонду № 201 (вопіс № 5) паэта, празаіка, перакладчыка Грахоўскага Сяргея Іванавіча

Грахоўскі Сяргей Іванавіч нарадзіўся 25 верасня 1913 г. у м. Нобель Пінскага павета Мінскай губерніі (цяпер Зарэчненскі р-н Ровенскай вобл. Украіны) у беднай сялянскай сям’і. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі на радзіме маці ў м. Глуск Мінскай вобл. Пасля сканчэння семігодкі ў 1930 г. пайшоў працаваць на Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат. У 1931 г. пераехаў у Мінск. У 1935 г. скончыў літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Працаваў у рэдакцыі газеты “Чырвоная змена” і рэдактарам на Беларускім радыё (1935-1936). 19 кастрычніка 1936 г. быў рэпрэсаваны і сасланы на 10 гадоў на лесанарыхтоўкі ў Горкаўскую вобл. Выкладаў рускую мову і літаратуру ва Урэцкай сярэдняй школе на Случчыне (1946-1949). 19 мая 1949 г. ізноў рэпрэсаваны. Працаваў сталяром, загадчыкам гаспадаркі, а з 1950 г. выкладчыкам у вясковай школе ў Новасібірскай вобл. 19 кастрычніка 1956 г. канчаткова рэабілітаваны, вярнуўся ў Мінск. У 1956-1959 гг. – супрацоўнік рэдакцыі часопіса “Бярозка”, у 1959-1972 гг. – часопіса “Вясёлка”. У 1973-1974 гг. працаваў адказным сакратаром Камітэта па Дзяржаўным прэміях БССР. З 1974 г. на пенсіі.

С.І. Грахоўскі ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь імя Я. Коласа (1993), медалём імя Ф. Скарыны (1994).

Памёр 11 снежня 2002 г. Пахаваны на Ўсходніх могілках г. Мінска.

Першыя вершы С.І. Грахоўскі змясціў ў часопісе “Беларускі піянер” у 1926 г. Друкаваўся ў бабруйскай акруговай газеце “Камуніст”, часопісе “Маладняк” і рэспубліканскіх газетах. Аўтар зборнікаў паэзіі “Дзень нараджэння” (1958), “Чаканне” (1960), “Табе зайздросціць сонца” (1963), “Памяць” (1965), “Тры вымярэнні” (1967), “Зазімак” (1976), “Зачараванасць” (1978), “Сонечная сцежка” (1980), “І радасць і боль” (1988), зборнікаў вершаў для дзяцей “Ад вясны да вясны” (1959), “Сёння і заўтра” (1961), “Гарыць касцёр” (1965), зборнікаў апавяданняў “Які вялікі дзень” (1966), “Агенчык у акне” (1972), аповесцяў “Рудабельская рэспубліка” (1968), “Гарачае лета” (1974), “Ранні снег” (1975), “Суровая дабрата” (1977) і інш. Пераклаў на беларускую мову Ж. Верна “80 000 лье пад вадой” (1935), А.Гайдара “Ваенная тайна” (1936), Р. Тагора “Крушэнне” (1959) і інш.

Апошняя частка дакументаў С.І. Грахоўскага паступіла ў БДАМЛМ ад дачкі Таццяны Сяргееўны Грахоўскай у 2016 г. У выніку навукова-тэхнічнай апрацоўкі фонду складзены вопіс № 5 у колькасці 26 адзінак захоўвання (52 дакументы) за 1963-2000 гг.

Вопіс складаецца з 4 невялікіх раздзелаў:

  1. Рукапісы С.І. Грахоўскага: нарыс “Мірыям і месія” (1984), артыкул “Сеяли разумное, доброе, вечное” (1980), рэцэнзія, “Дзённікі-споведзі” за 1975-1996 гг.
  2. Пісьмы С.І. Грахоўскага да Р.Г. Гарэцкага, А.Г. Дыбы да С.І. Грахоўскага.
  3. Дакументы да біяграфіі С.І. Грахоўскага і выяўленчыя дакументы: запрашэнні, памятная грамата Валынскага абласнога камітэта КП Украіны і выканкама абласной Рады дэпутатаў працоўных, фатаграфія С.І. Грахоўскага ў групе з У.У. Алоўнікавым, З.І. Браварскай, Я. Брылем і інш. на пасяджэнні Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі.
  4. Дакументы, сабраныя С.І.Грахоўскім па цікавых для яго тэмах: артыкулы П. Ахрыменкі, А.Г. Дыбы і інш., выпіскі С.І. Грахоўскага пра Лесю Украінку.

9 ліпеня 2018 г.