Завершана навуковае апісанне фонду № 110 (вопіс № 2) опернай спявачкі, народнай артысткі БССР Валянціны Валчанецкай

Валчанецкая Валянціна Фёдараўна нарадзілася 27 лістапада (9 снежня) 1898 г. у Ніжнім Ноўгарадзе. У 1909 г. паступіла ў 2-ю жаночую гімназію Ніжняга Ноўгарада, якую скончыла ў 1917 г. З 1917 г. па 1920 г. вучылася ў Маскоўскай Дзяржаўнай кансерваторыі на вакальным аддзяленні (да 4 курса). Атрымала спецыяльнасць “салістка оперы”.

Сцэнічную дзейнасць В.Валчанецкая пачала ў 1920 г. у Смаленску. У 1920-1939 гг. спявала ў оперных тэатрах Тбілісі, Саратава, Куйбышава і інш. гарадоў. З 1940 г. – салістка Дзяржаўнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР. Вядомыя партыі: Ганка (“Міхась Падгорны” Я.К.Цікоцкага), Марыя Грыгатовіч (“Кастусь Каліноўскі” Д.Лукаса), Марфа (“Хаваншчына” М.Мусаргскага), Любаша (“Царская нявеста” М.Рымскага-Корсакава) і інш. У 1964 г. у якасці рэжысёра-пастаноўшчыка паставіла дзіцячую оперу-казку “Джанат”. У 1965 г. пераехала ў Маскву. Працавала пастаянным кансультантам па пытаннях сцэнічнага майстэрства ў Доме культуры Люблінскай станцыі аэрацыі Масквы.

У 1949 г. В.Валчанецкая атрымала званне “Заслужаная артыстка БССР”, а ў 1955 г. – “Народная артыстка БССР”.

В.Валчанецкая памерла 6 мая 1980 г. Урна з яе прахам знаходзіцца ў закрытым калумбарыі Мікола-Архангельскіх могілак Масквы.

Другое паступленне дакументаў В.Валчанецкай у БДАМЛМ адбылося ад Марыі Юр’еўны Валчанецкай (унучкі) у 1985 г. У выніку навуковага апісання быў складзены вопіс № 2, у які ўвайшлі 12 спраў (22 дак.) за 1922-1973 гг.

Вопіс складаецца з 3-х невялікіх раздзелаў, справы ў якіх сфарміраваны па жанрах і храналогіі (фатаграфіі ў ролях, афішы і праграма оперных спектакляў, дакументы да юбілеяў В.Валчанецкай і інш.).

15 лютага 2021 г.