Завершана навуковае апісанне фонду № 103 (вопіс № 2) опернай спявачкі, заслужанай артысткі БССР Людмілы Ганеставай

Ганестава Людміла Раманаўна нарадзілася 18 ліпеня 1923 г. у вёсцы Калышкі Віцебскага павета Віцебскай губерніі (цяпер – Лёзненскі раён Віцебскай вобласці). Вучылася [ў СШ № 1 мястэчка Лёзна]. У час Вялікай Айчыннай вайны служыла сувязісткай у 2-й Паветранай арміі. У 1955 г. скончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А.В.Луначарскага (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі) (клас В.М.Несцярэнкі). З 1949 г. працавала артысткай хору беларускага радыё, у 1957-1980 гг. – салісткай Дзяржаўнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР (цяпер – Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь).

Найбольш вядомыя партыі, выкананыя Л.Р.Ганеставай у Дзяржаўным Вялікім тэатры оперы і балета БССР (лірыка-драматычнае сапрана): Дзяўчыны “Девушка из Полесья” Я.К.Цікоцкага [1957], Марысі “Михась Подгорный” Я.К.Цікоцкага (1957), Маргарыты “Фауст” Ш.Гуно (1957-[1950-я]), Тамары “Дэман” А.Р.Рубінштэйна [пасля 1957-1960-я], Жавоты “Манон” Ж.Маснэ (1958), Софі “Вертер” Ж.Маснэ (1959), Кармэн “Корневильские колокола” Р.Планкета (1959), Вольгі “Русалка” А.С.Даргамыжскага (1974) і інш.

За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне ўзнагароджана ордэнам “Отечественной войны” і медалямі. У 1964 г. атрымала званне “Заслужаная артыстка БССР”.

Л.Р.Ганестава памерла 16 лістапада 2009 г. Пахавана ў Мінску.

Другое паступленне дакументаў Л.Р.Ганеставай у БДАМЛМ адбылося ад яе самой у 1991 г. У выніку навуковага апісання быў складзены вопіс № 2, у які ўвайшлі 33 справы (128 дакументаў) за 1957-1983 гг.

Вопіс складаецца з 3-х невялікіх раздзелаў, дзе сабраны фатаграфіі Л.Р.Ганеставай у ролях і сцэнах са спектакляў, дакументы да яе біяграфіі і яе фатаграфіі (індывідуальныя і ў групах з членамі сям’і, знаёмымі і інш.).

12 лютага 2021 г.