Выстава "Вандроўнік, шукальнік, летуценнік" да 135-годдзя Янкі Маўра

27 красавіка 2018 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адкрылася выстава “Вандроўнік, шукальнік, летуценнік”, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння вядомага пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Янкі Маўра (1883 – 1971).

Янка Маўр (Іван Міхайлавіч Фёдараў) – адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, класік прыгодніцкага, фантастычнага і навукова-пазнавальнага жанраў. Яго творчасці ўласцівыя захапляльны сюжэт, непасрэднасць, даступнасць выкладання. Як зазначыла літаратуразнаўца Маргарыта Яфімава, Я. Маўр быў “вялікім аптымістам, фантазёрам, узяў з дзяцінства і захаваў на ўсё жыццё свежасць і яркасць успрымання, здольнасць здзіўляцца, захапляцца, знаходзіць незвычайнае ў штодзённым”.

Дакументы Янкі Маўра паступілі ў Цэнтральны дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР 3 ліпеня 1984 г. ад сына пісьменніка – вядомага фізіка, акадэміка Фёдара Фёдарава. Сёння асабісты фонд Я. Маўра ў БДАМЛМ налічвае 165 адзінак захоўвання. Гэта – рукапіс неапублікаванага рамана “Дзяўчына-маці”, аповесцяў “Шлях з цемры”, “Аповесць будучых дзён”, “Тысяча дзён”, “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага”, п’ес, апавяданняў, нарысаў, замалёвак, нататак, фельетонаў, а таксама перапіска, дакументы службовай і літаратурнай дзейнасці, фотаздымкі. Некаторыя з гэтых дакументаў знайшлі сваё месца на выставе, прадстаўленай стэндамі “Яго шлях”, “Свет прыгодаў і фантастыкі”, “Талент – дзецям”, “Ад удзячных чытачоў”, “З калегамі па пяры”, “У коле сям’і”, “Сваты: Янка Маўр і Якуб Колас”, “Янка Маўр – эсперантыст”, “Памяць”.

На адкрыцці выставы дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка распавяла пра ролю Янкі Маўра ў беларускай літаратуры і яго архіўны фонд. З цікаўнасцю прысутныя слухалі ўнукаў вядомага пісьменніка: Марыя Міцкевіч падзялілася сваім успрыманнем творчай спадчыны Янкі Маўра, расказала пра новыя выданні яго твораў, а Андрэй Фёдараў прыгадаў яркія, памятныя з дзяцінства эпізоды з жыцця свайго дзеда. Пры канцы сустрэчы вядучы навуковы супрацоўнік архіва-музея Віктар Жыбуль правёў экскурсію па выставе, якая, спадзяемся, хутка прыцягне ўвагу настаўнікаў і вучняў.

Фотаздымкі з адкрыцця выставы змешчаны тут.

 

27 красавіка 2018 г.