Выстава "У суаўтарстве з народам"

У гэтыя дні ўспамінаюць адну з самых трагічных падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны – блакаду Ленінграда. З 8 верасня 1941 г. і да 27 студзеня 1944 г., амаль 900 дзён вялікіх пакут, гора, сотні тысяч памерлых ад голаду і холаду. І той, хто выжыў – да апошняга свайго дня жыў з вялікім болем у сэрцы, з пастаяннай памяццю пра трагедыю. Трагедыя Ленінграда адлюстравана ў многіх творах мастацтва, але заўсёды першай узгадваецца “Блакадная кніга”, якую стварылі беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч і рускі пісьменнік Данііл Гранін. Але спачатку была кніга “Я з вогненнай вёскі…” беларускіх пісьменнікаў Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка пра сотні трагедый беларускіх вёсак, спаленых фашыстамі разам з іх насельнікамі. Гэтыя дзве кнігі – прадстаўнікі асаблівага жанру літаратуры, які можна называць па-рознаму: зборнікі успамінаў, дзённікі, дакументальная трагедыя, рэпартаж з месца падзей, кніга-памяць, кніга-дакумент. Гэтыя кнігі ствараліся з думкай пра тое, каб распавесці чалавецтву пра вялікую, нечуваную трагедыю народаў у гады Вялікай Айчыннай вайны праз аповеды непасрэдных удзельнікаў – жыхароў вёсак і гарадоў.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва працуе выстава “У суаўтарстве з народам”, прысвечаная кнігам “Я з вогненнай вёскі…” і “Блакадная кніга”. Выстава падрыхтавана сумесна з Цэнтральным дзяржаўным архівам літаратуры і мастацтва Санкт-Пецярбурга (ЦДАЛМ СПб).

У экспазіцыі прадстаўлены дакументы з асабістых фондаў БДАМЛМ А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка: запісы гутарак з жыхарамі спаленых вёсак, чарнавыя варыянты рукапісаў кніг, перапіска аўтараў па пытаннях падрыхтоўкі кнігі “Я з вогненнай вёскі…”, фатаграфіі жыхароў вёсак (герояў кнігі), зробленыя У.Калеснікам, фатаграфіі А.Адамовіча і Я.Брыля падчас збору матэрыялаў для кнігі на Магілёўшчыне.

ЦДАЛМ СПб перадаў для выставы ўнікальныя дакументы з асабістага фонда пісьменніка Д.Граніна, які разам з А.Адамовічам працаваў над “Блакаднай кнігай”. На выставе можна ўбачыць дзённікі і ўспаміны жыхароў блакаднага Ленінграда, стэнаграмы гутарак з імі, пісьмы блакаднікаў да аўтараў, пісьмы А.Адамовіча да Д.Граніна, картатэку і фатаграфіі блакаднікаў – герояў кнігі, інтэрв’ю з аўтарамі, рэцэнзіі на “Блакадную кнігу” на розных мовах.

Запрашаем у чытальную залу архіва-музея наведаць выставу ці азнаёміцца з прадстаўленымі на ёй матэрыяламі на нашым сайце.

16 верасня 2020 г.