Выстава "У народ і край свой толькі веру..."

20 жніўня 2019 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылося адкрыццё выставы “У народ і край свой толькі веру”. Праект прысвечаны 100-годдзю з дня смерці грамадскага дзеяча, палітыка, археолага Івана Луцкевіча.

У межах выставы прадстаўлены матэрыялы са збораў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Грамадскай арганізацыі “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча” (Вільнюс, Літва). Упершыню дэманструюцца рэчы Івана Луцкевіча з прыватнага архіву сям’і.

Для часовага экспанавання на выставе архівам-музеем перададзены арыгіналы дакументаў з фонда № 3 “Калекцыя дакументаў аддзела рукапісаў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў г. Вільня”: статут Беларускага навуковага таварыства ў Вільні; ліставанне (ліст Антона Луцкевіча да брата Івана, лісты Зоф’і Луцкевіч да сыноў Антона і Івана, ліст Юліяны Менке (Вітан-Дубейкаўскай) да Браніслава Тарашкевіча, ліст Змітрака Бядулі да братоў Луцкевічаў); заява І.Луцкевіча і І.Станкевіча аб выхадзе са складу Дзяржаўнай рады Літоўскага ўраду; пракатол ператрусу кватэры І.Луцкевіча; пратакол таварыскага суда над І.Луцкевічам; гаспадарчыя і фінансавыя дакументы І.Луцкевіча, сярод якіх рахунак на аплату пахавання; фатаграфія І.Луцкевіча ў дзяцінстве з сёстрамі Станіславай, Вікторыяй і Марыяй; фатаграфіі бацькі І.Луцкевіча Яна Баляслава Луцкевіча; фатаграфія ўдзельнікаў урачыстай акадэміі ў 10-я ўгодкі смерці І.Луцкевіча ў Вільні і іншыя дакументы. З музейных фондаў архіва-музея на выставе прадстаўлены белы тканы абрус і ручнікі з вышытым раслінным арнаментам, якія належалі сям’і Ю.Менке (Вітан-Дубейкаўскай).

Наведаць выставу можна да 11 верасня па адрасе: г. Мінск, вул. Я.Купалы, 4. Інфармацыю пра час працы і кошт квіткоў шукайце на сайце Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

21 жніўня 2019 г.