Выстава “Леў Лейтман. Да 125-годдзя з дня нараджэння / Графіка”

З 12 жніўня па 6 верасня 2021 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстава “Леў Лейтман. Да 125-годдзя з дня нараджэння / Графіка”.

Леў Мееравіч Лейтман (1896-1974) – заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, мастак-графік, педагог, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Творчасць мастака развівалася ў агульным рэчышчы савецкага мастацтва і беларускай мастацкай школы. Яно ахоплівае некалькі дзесяцігоддзяў і адлюстроўвае важныя падзеі ў жыцці рэспублікі: будні будаўніцтва сацыялізму, паўсядзёны ход часу ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пасляваеннае аднаўленне краіны, шматграннае жыццё сучаснікаў. Жанравы дыяпазон майстра шырокі: гэта і пейзажы, і сюжэтна-тэматычныя карціны, і партрэты, і нацюрморты. Ён праявіў свой талент і ў розных тэхніках, такіх як туш, соус, італьянскі аловак, сангіна, сепія, манатыпія, фламастар і алей, але асабліва віртуозна ім выкананы творы ў тэхніцы акварэлі і гуашы.

Выстава Льва Лейтмана ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь ахоплівае ўсе перыяды творчага жыцця майстра, пачынаючы з работ віцебскага перыяду 1930-х гадоў і заканчваючы работамі, створанымі ў апошні год жыцця. На выставе экспануюцца звыш 50 твораў арыгінальнай графікі са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, з фондаў Беларускага саюза мастакоў і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. З фондаў архіва-музея на выставе прадстаўлены творы арыгінальнай графікі (пейзажы “Гулянье в парке”, “Ветер”, “В парке”; партрэты “На часовом заводе”, “Пограничник”, “Девушка”, “Портрет рабочего”; розныя накіды і замалёўкі), фатаграфіі розных гадоў (індывідуальныя, сярод выкладчыкаў Мінскага мастацкага вучылішча, на абароне дыпломных прац, сярод наведвальнікаў на адкрыцці выставы да 75-годдзя мастака), а таксама фотапартрэт Льва Лейтмана (фатограф Ісак Салавейчык) і сяброўскі шарж Міхаіла Лісоўскага.

Больш падрабязна пра выставу, час працы і кошт білетаў можна даведацца на сайце Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

11 жніўня 2021 г.

На афішы: Л. Лейтман. “Праспект імя І.В. Сталіна”. З серыі “Новыя абрысы гарадоў Беларусі (Новы Мінск)”. 1952 год. Папера на кардоне, гуаш, акварэль. Са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.