Выстава "Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч (1929–2013). Да 90-годдзя з дня нараджэння"

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь 24 ліпеня 2020 г. адкрылася мемарыяльная выстава “Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч (1929–2013). Да 90-годдзя з дня нараджэння”, падрыхтаваная сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва.

Народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч належыць да найярчэйшых майстроў другой паловы ХХ– пачатку XXI стагоддзя, творы якога атрымалі шырокае прызнанне ў нашай краіне і за мяжой. Адзін з заснавальнікаў школы сучаснай беларускай графікі і найбуйнейшы майстар кніжнай ілюстрацыі за час сваёй працы аформіў больш за 200 кніг айчынных і замежных аўтараў, прайшоў доўгі прафесійны шлях.

На рэтраспектыўнай выставе прадстаўлена больш за 100 работ, выкананых у графічных тэхніках афорта, літаграфіі, лінагравюры, акварэлі, малюнка тушшу, мяккімі матэрыяламі і інш. Наведвальнікі могуць убачыць творчасць Арлена Міхайлавіча Кашкурэвіча ў шырокім храналагічным дыяпазоне, пачынаючы ад самых ранніх работ 1959 года да малюнкаў 2010-х гадоў.

Аснову мемарыяльнай выставы складаюць працы, якія ўславілі майстра: манументальныя серыі гравюр і ілюстрацыі кніг, якія ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх і міжнародных выставах і конкурсах і былі адзначаны высокімі ганаровымі ўзнагародамі. На выставе прадстаўлены малюнкі, жывапіс і шэраг рэдкіх матэрыялаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і сям’і мастака. Дапоўнена выстава жывапіснымі і скульптурнымі творамі, прысвечанымі Арлену Міхайлавічу Кашкурэвічу.

4 жніўня 2020 г.