Выстава “1918: БНР – Ідэя. Край. Дзяржава (Крок да Незалежнасці)”

14 сакавіка 2018 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “1918: БНР – Ідэя. Край. Дзяржава (Крок да Незалежнасці)”, прысвечанай 100-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

На мерапрыемстве выступілі дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вячаслаў Даніловіч, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, доктар гісратычных навук, прафесар Ігар Марзалюк, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім, першы міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь (1990-1994 гг.), кандыдат гістарычных навук Пётр Краўчанка.

На выставе прадстаўлены дакументы і матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, прыватных збораў.

Пазнаёміцца з экспазіцыяй выставы Вы можаце ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь – вул. Карла Маркса, 12. Штодня з 11.00 да 19.00. Выстава экспануецца да 7 мая.

15 сакавіка 2018 г.