Узвышаўскія чытанні - добрая традыцыя БДАМЛМ

Вось ужо дваццаты год у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва жыве традыцыя ладзіць пры канцы траўня навуковую канферэнцыю пад назвай “Узвышаўскія чытанні”, прысвечаную найперш літаратуры міжваеннага перыяду – аднаму з найбольш цікавых у гісторыі айчыннага прыгожага пісьменства.

Першыя Узвышаўскія чытанні адбыліся 26 траўня 2001 г. і былі прымеркаваныя да 75-годдзя вядомага літаратурнага згуртавання “Узвышша”. Менавіта датай 26.05.1926 пазначаны дакумент, з якога бярэ адлік гісторыя суполкі – пратакол пасяджэння Цэнтральнага бюро “Маладняка”, дзе была абмеркавана заява У. Дубоўкі, Я. Пушчы, К. Чорнага, А. Бабарэкі і З. Бядулі аб выхаду са складу аб’яднання “Маладняк”. Тады ж згаданыя пісьменнікі падрыхтавалі ліст аб дазволе стварыць новую літаратурную арганізацыю, паслаўшы яго ў ЦК КПБ…

Падчас той памятнай канферэнцыі 2001 года адбылося адкрыццё выставы “Каб узняцца ізноў і вышай…”, на стале быў разасланы легендарны белы абрус узвышэнцаў, а на ім урачыста прадэманстраваны выданні 1920-х гг., часопіс “Узвышша”, пісьменніцкія фотаздымкі. У запісе гучаў усхваляваны голас яшчэ жывога на той час узвышэнца Максіма Лужаніна. На жаль, і многія з удзельнікаў першых Узвышаўскіх чытанняў ужо адышлі ў іншы свет: Міхась Мушынскі, Уладзімір Конан, Алеся Гесь, Іван Чыгрын, Алеся Бабарэка, Віталь Скалабан…

З таго часу не прайшло ніводнага года без Узвышаўскіх чытанняў, а матэрыялы многіх з іх склалі 5 зборнікаў «Пра час “Узвышша”», некаторыя ўвойдуць у новы архіўны альманах “Аўтограф”. Галоўнымі “героямі” чытанняў былі Язэп Пушча, Тодар Кляшторны, Паўлюк Трус, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Янка Купала, Андрэй Мрый, Адам Бабарэка і іншыя вядомыя літаратары.

Гэтым разам у сувязі з неспрыяльным эпідэміялагічным становішчам аргкамітэт прыняў рашэнне перанесці ХХ Узвышаўскія чытанні на кастрычнік, аб’яднаўшы іх з XVIII Архіўнымі чытаннямі (канкрэтная дата будзе вызначана пазней). Але мы памятаем пра знакавую дату 26 траўня – як і пра тых, хто спрычыніўся да яе ў далёкім 1926 годзе.

Прапануем вашай увазе фотагалерэю здымкаў Узвышаўскіх чытанняў за розныя гады.

26 траўня 2020 г.