Сумесны выставачны праект “Страчаныя абліччы”

4 кастрычніка 2017 г. ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылося адкрыццё выставачнага праекта-мемарыяла “Страчаныя абліччы”, прысвечанага беларускім літаратарам, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 1920-1950-ыя гады.

Выстава – плён сумеснай працы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Яна прымеркавана да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і 130-годдзя з дня нараджэння яго сябра, пісьменніка і грамадскага дзеяча Цішкі Гартнага. Выстава нагадала яшчэ адну трагічную дату ў беларускай гісторыі – 80-годдзе самага піку сталінскіх рэпрэсій ў 1937 годзе.

У цэнтры ўвагі праекта – арыгінальныя дакументы Янкі Купалы, сям’я якога (маці і сёстры) былі раскулачаныя ў канцы 1920-х гадоў, а сам паэт у выніку пераследу і допытаў з боку карных органаў восенню 1930 года робіць спробу самагубства. Выстава вяртае з небыцця імёны беларускіх літаратараў, тых “святых пакутнікаў”, сяброў і знаёмых Янкі Купалы, якія былі расстраляны, замардаваны ў турмах, лагерах і на высылках. На выставе па-мастацку вобразна і шчымліва-пранізліва адлюстраваны асноўныя эпізоды жыцця пад рэпрэсіўным прыгнётам: вобшук і арышт, знаходжанне ў турме, прага да творчасці ў невыносных умовах ГУЛАГУ, жыццё сямей зняволенных і захаванне памяці пра іх. Апагеем паказу здзекаў над чалавекам стала апошняя вітрына, на якой прадстаўлены знаходкі з Курапатаў – месца гібелі ахвяраў палітычных рэпрэсій пад Мінскам. Упершыню дэманстраваліся дакументы з асабістага архіва Алеся Дудара, перададзеныя ў экспазіцыю яго пляменніцай Л.М.Малінінай.

Архіў-музей, які на працягу доўгага часу мэтанакіравана камплектуецца дакументамі рэпрэсаваных пісьменікаў, прадставіў на выставу дакументы і рэчы Адама Бабарэкі, Цішкі Гартнага, Платона Галавача, Уладзіміра Дубоўкі, Міхася Чарота, Уладзіміра Жылкі, Францішка Аляхновіча, Сяргея Законнікава, Сяргея Дарожнага, Міхася Багуна, Уладзіміра Хадыкі, Майсея Кульбака – фотаздымкі, лісты з турмы, урыўкі з дзённікаў, службовыя пасведчанні, заявы, абвінаваўчыя заключэнні, чамадан і вышыванкі Л.У.Гарэцкай, нож, знойдзены на месцы хаты Янкі Купалы, ветачку вераса, якую захоўваў У.Дубоўка ўдалечыні ад Радзімы і інш.

Падчас адкрыцця выставы выступілі дырэктары музеяў А.Р.Ляшковіч, Г.В.Запартыка, А.Г.Рыжкоў, З.Л.Яцкевіч, намеснік старшыні рады Беларускага фонда культуры А.І.Бутэвіч, дачка В.А.Ніжанкоўскай (жонкі Б.А.Тарашкевіча) І.У.Ніжанкоўская. Напрыканцы мерапрыемста змястоўную эмацыянальную экскурсію па выставе правёў старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Павел Каралёў.

Наведаць выставу можна да 2 лістапада 2017 года.

9 кастрычніка 2017 г.