Публікацыі супрацоўнікаў архіва-музея ў зборніку “Філаматы і філарэты”

Пабачыў свет зборнік навуковых артыкулаў “Філаматы і філарэты: творчы лёс пакалення ў гісторыі і сучаснасці (да 200-годдзя ўтварэння таварыства)” (Мінск: Беларуская навука, 2020), у які ўключаны даклады ўдзельнікаў міжнародных навуковых чытанняў, што адбыліся 13-14 снежня 2017 г. у Мінску. Сярод іншых, у выданне ўвайшлі тэксты выступленняў дырэктара БДАМЛМ Ганны Запартыка “Публікацыі Сымона Шалковіча (1849-1886 гг.) як крыніца па гісторыі тайных студэнцкіх таварыстваў” і намесніка дырэктара БДАМЛМ Наталлі Гардзіенка “Рэцэпцыя творчасці Адама Міцкевіча ў беларускай паваеннай эміграцыі”.

У артыкуле Г. Запартыка разглядаецца нарыс С. Шалковіча “Польская пропаганда в учебных заведениях Северо-Западного края”, напісаны на падставе арганізацыйных дакументаў Следчага камітэта, да якіх Шалковіч меў свабодны доступ. Гэта дазволіла дэталізаваць гісторыю тайных таварыстваў у гімназіях і Віленскім універсітэце, таварыства філаматаў, раскрыць ролю яго сяброў Тамаша Зана, Франца Малеўскага, Яна Чачота і інш.

Артыкул Н. Гардзіенка прадстаўляе аналіз успрымання асобы і творчасці Адама Міцкевіча ў асяроддзі беларускіх інтэлектуалаў на Захадзе ў другой палове ХХ ст. Гэтае ўспрыманне часам было абумоўлена паходжаннем аўтараў з Заходняй ці Усходняй Беларусі (як у выпадку з Вітаўтам Тумашам і Антонам Адамовічам), а таксама беларуска-польскімі дачыненнямі на эміграцыі.

27 ліпеня 2020 г.