Прэзентацыя першых дзвюх кніг новай кніжнай падсерыі “Спадчына: агледзіны”

18 верасня 2017 г. у музеі “Краіна міні”, што ў Палацы прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы, адбылася прэзентацыя першых дзвюх кніг новай кніжнай падсерыі “Спадчына: агледзіны”, заснаванай Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва сумесна з Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Беларускім інстытутам навукі і мастацтва (Нью-Ёрк). Гэта зборнікі “Выбранага” дзеяча беларускай эміграцыі ў міжваеннай Празе, лідара беларускіх эсэраў, філосафа і публіцыста Тамаша Грыба і літаратуразнаўцы, філосафа, грамадскага дзеяча, бібліятэкара Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні Уладзіміра Самойлы.

У прэзентацыі ўдзельнічалі старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”” Алена Макоўская і дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка. З аповедамі пра аўтараў зборнікаў і змешчаныя ў іх матэрыялы выступалі літаратуразнаўцы Ціхан Чарнякевіч і Ганна Севярынец. Яны адзначылі важнасць і актуальнасць тэкстаў Тамаша Грыба і Уладзіміра Самойлы для сучаснасці, значнасць асобаў аўтараў для свайго часу і неабходнасць далейшага вяртання ў беларускую інтэлектуальную прастору спадчыны беларускіх дзеячаў 1920-х – 1930-х гадоў.

Вяла імпрэзу адна з укладальнікаў выданняў гісторык, намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Наталля Гардзіенка.

19 верасня 2017 г.