Адкрыццё выставы твораў Ізраіля Басава “Прамудрасць збудавала сабе дом...”

15 жніўня 2018 года ў Нацыянальным мастацкім музее Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы твораў Ізраіля Басава “Прамудрасць збудавала сабе дом...”, прымеркаванай да 100-годдзя з дня нараджэння мастака, які стаў класікам беларускага мастацтва ХХ стагоддзя.

На адкрыцці выставы выступілі дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў, намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Леанід Хобатаў, мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн, мастак Мацвей Басаў (сын Ізраіля Басава).

На выставе прадстаўлены звыш 60 жывапісных і графічных работ майстра са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Беларускага саюза мастакоў, калекцыі сям’і мастака. Многія творы дэманструюцца ўпершыню. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва на выставе прадстаўлены рэкамендацыя Басава ў сябры Саюза мастакоў БССР, індывідуальныя фатаграфіі, партрэт і экслібрыс Ізраіля Басава, выкананыя мастаком Яўгенам Красоўскім.

Экспанаванне выставы пройдзе з 16 жніўня па 16 верасня 2018 года ў Нацыянальным мастацкім музее Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20). Уваход платны.

16 жніўня 2018 г.