«Па старонках “амбарнай кнігі”». Выстава да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча

Адзін з унікальных дакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю вядомага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, – так званая “амбарная кніга”, якая доўгія гады захоўвалася ў яго сябра, прафесара Адама Мальдзіса. Кніга з’явілася ў 1960-х, калі літаратары жылі ў суседніх дамах па вуліцах Веры Харужай і Чарвякова і, праз адсутнасць тэлефонаў, прыдумалі час ад часу “пераміргвацца” настольнымі лямпамі…

“Тады і з’явіўся гэты сшытак. Яго прывезла мая Марыя аднекуль з радзімы – мы з ёй землякі, з суседніх вёсак на Астравечыне. Валодзя адразу ўзяў гэты «гросбух», паправіў назву і сказаў, што гэта будзе наша гасцявая кніга, дзе сябрам належыць пакідаць аўтографы. Зразумелая справа, што больш за ўсё ў ёй апынулася яго ўласных эпіграм, вершаў і малюнкаў” – распавёў Мальдзіс. Гэтую кнігу былога бухгалтарскага ўліку, перайменаваную Караткевічам у “Часопісь iнвентарнага ўліку выпiтага”, яны называлі паміж сабой “застольная” ці “амбарная”» (з артыкула Святланы Ліцкевіч «Адам Мадьдзіс: “З Караткевічам мы «пераміргваліся» настольнымі лямпамі”»).

Уладзімір Караткевіч быў галоўным аўтарам “амбарнай кнігі” да 1973 года, пакуль не пераехаў на новую кватэру па вуліцы Карла Маркса. Аднак і пасля гэтага кніга яшчэ доўга працягвала папаўняцца новымі запісамі – пераважна прысвячэннямі Адаму Мальдзісу і яго сям’і. У ёй пакінулі аўтографы і малюнкі многія беларускія і замежныя пісьменнікі, навукоўцы, мастакі.

24 лістапада 2010 г. падчас вечарыны ўспамінаў пра У. Караткевіча, што праводзілася ў БДАМЛМ, А. Мальдзіс распавёў гісторыю стварэння “амбарнай кнігі” і перадаў яе на захаванне ў архіў-музей. А 26 лістапада 2020 г., на 90-ю гадавіну з дня нараджэння пісьменніка, на 5 паверсе будынка архіва-музея адбылося адкрыццё выставы «Па старонках “амбарнай кнігі”». На ёй дэманструецца больш за 40 старонак з “амбарнай кнігі” з малюнкамі і аўтографамі У. Караткевіча.

26 лістапада 2020 г.