"Мы жылі ў буднях барацьбы..."

“Мы жылі ў буднях барацьбы…” – так называецца кніга, што нядаўна ўбачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”.

У выданні ўпершыню пад адной вокладкай друкуюцца дзённікі чатырох беларускіх пісьменнікаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Выключнасць кожнага ў тым, што яны адлюстроўваюць падзеі на розных ваенных напрамках, з’яўляюцца своеасаблівым геаграфічным ці тапанімічным паказнікам вялікіх шляхоў Перамогі. Мікола Лобан — удзельнік баёў на Ленінградскім фронце, быў двойчы паранены. Антон Алешка Вялікую Айчынную вайну прайшоў франтавым урачом, спачатку на Заходнім фронце, а потым на 3-м Беларускім. Дзённік Пятра Валкадаева раскрывае гераічныя і трагічныя старонкі партызанскага руху на Магілёўшчыне. Запісы Вісарыёна Гарбука адлюстроўваюць падзеі 1941—1945 гг., звязаныя з абаронай Масквы, вызваленнем Беларусі, Польшчы, узяццем Берліна.

Выхад гэтага зборніка вырашае дзве вельмі важныя праблемы: уводзіць у шырокі навуковы і грамадскі ўжытак новыя крыніцы па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і засцерагае ад знікнення ўнікальныя дакументы. 

У кнізе выкарыстаны аўтографы дзённікаў і фотаздымкі з фондаў названых пісьменнікаў, што захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, а ўкладальніцай, аўтаркай прадмовы, уступных артыкулаў і каментарыяў выступіла Ганна Запартыка.

Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

17 чэрвеня 2020 г.