Адкрыццё выставы "Летапіс вайны ў фільмах Міхаіла Пташука"

10 ліпеня 2018 года ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё чарговай выставы з цыкла “Літаратура ў мастацтве”. Праект арганізаваны для папулярызацыі мастацкай літаратуры праз лепшыя ўзоры беларускага кінематографа, тэатральнага і выяўленчага мастацтва.

Сёлетняя выстава “Летапіс вайны ў фільмах Міхаіла Пташука” прымеркавана да 75-годдзя вядомага беларускага кінарэжысёра, лаурэата Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Ленінскага камсамола, народнага артыста Беларусі Міхаіла Мікалаевіча Пташука.

У стварэнні выставы прымалі удзел Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, Беларускі саюз кінематаграфістаў, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь.

На выставе можна пабачыць дакументы і матэрыялы, якія адлюстроўваюць гісторыю стварэння мастацкіх фільмаў “Час выбраў нас” (1978), “Вазьму твой боль” (1980), “Знак бяды” (1986), “У жніўні 44-га…” (2000), а таксама дакументы, звязаныя з біяграфіяй Міхаіла Пташука.

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва прадставіў на выставе рэжысёрскія сцэнарыі, справы сцэнарыяў, справы фільмаў, альбомы фотапроб акцёраў на ролі ў фільмах, фатаграфіі М.Пташука падчас сустрэчы з гледачамі пасля прэм’еры фільма “Час выбраў нас” і пісьмы гледачоў на кінастудыю “Беларусьфільм” з уражаннямі пасля прагляду.

У экспазіцыі таксама прадстаўлены друкаваныя выданні твораў (у тым ліку пераклады на замежныя мовы і з аўтографамі аўтараў), якія ляглі ў аснову фільмаў Міхаіла Пташука, касцюмы і рэквізіт, якія выкарыстоўваліся на здымках. Дачка рэжысёра Анжаліка Пташук прадставіла матэрыялы з сямейнага архіву: дзённікі, пасведчанні, дыпломы, граматы, пісьмы, фатаграфіі, асабістыя рэчы Міхаіла Пташука, у тым ліку яго плашч.

Падчас адкрыцця выставы з цёплымі словамі пра асобу і творчасць Міхаіла Пташука выступілі намеснік дырэктара Прэзідэнцкай бібліятэкі па навуковай рабоце Ала Пенда; старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк; кінарэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, памочнік генеральнага дырэктара кінастудыі “Беларусьфільм “ па творчых пытаннях Вячаслаў Нікіфараў; галоўны аператар фільма “Знак бяды” Таццяна Логінава; дырэктар Мінскага міжнароднага кінафестываля “Лістапад” у 1996-2008 гг., член Беларускага саюза кінематаграфістаў Валянціна Сцяпанава; акцёр, першы намеснік дырэктара тэатра імя М.Горкага Ігар Андрэеў; загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ляхавічскай цэнтральнай раёнай бібліятэкі імя Я.Купалы Марына Нікіціна; ляхавіцкі паэт Вячаслаў Вайшэвіч; мастацкі кіраўнік кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Поршнеў; дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка; старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Віктар Васільеў; дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч. З завяршальным словам выступіла дачка рэжысёра, актрыса Анжаліка Пташук.

Азнаёміцца з выставай можна ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь да 3 верасня 2018 года (панядзелак-пятніца 10.00-18.00). Звяртаем увагу, што ўваход у бібліятэку ажыццяўляецца па прад’яўленні білета чытача альбо пашпарта.

11 ліпеня 2018 г.