"Маладнякоўскімі крокамі" (НББ, 16.01.2020)

“На хвалі часу, у плыні жыцця” – рэспубліканскі праект, прысвечаны жыццю і творчасці ўдзельнікаў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, ініцыяваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і Выдавецкім домам “Звязда” (часопіс “Маладосць”).

16 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў межах праекта адбыліся адразу некалькі мерапрыемстваў: круглы стол “Маладнякоўскімі крокамі”, святочная імпрэза і ўрачыстае адкрыццё ў Музеі кнігі выставы, якая аб’яднала дакументы, выданні і асабістыя рэчы найбольш выбітных маладнякоўцаў-“юбіляраў” 2019 – 2020 гг.: Адама Бабарэкі, Алеся Дудара, Міхася Лынькова, Максіма Лужаніна, Валерыя Маракова, Паўлюка Труса, Уладзіміра Хадыкі, Міколы Хведаровіча.

З прывітальным словам выступілі намеснік генеральнага дырэктара – дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці НББ Алесь Суша, дырэктар ДМГБЛ Міхаіл Рыбакоў, дырэктар – галоўны рэдактар выдавецкага дома “Звязда” Павел Сухарукаў. Галоўны бібліёграф НББ Таццяна Лаўрык прадставіла віртуальны праект, прымеркаваны да 100-годдзя ўтварэння “Маладняка”, і яго новыя раздзелы. Захаванню, даследаванню і папулярызацыі спадчыны літаратараў-маладнякоўцаў былі прысвечаныя выступленні і іншых удзельнікаў: Святланы Воцінавай, Эліны Свірыдовіч, Анатоля Вераб’я, Аксаны Данільчык, Дзмітрыя Давідоўскага, Наталлі Мізон, Таццяны Барадулі. З расповедам пра лёс пісьменніка Міколы Нікановіча выступіла яго ўнучатая пляменніца Яўгенія Дзяркач.

На святочнай імпрэзе з нагоды адкрыцця выставы выступілі дырэктар  Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы – філіяла Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Саверчанка і настаўніца, пісьменніца, даследчыца літаратуры Ганна Севярынец. Літаратурна-музычную частку імпрэзы забяспечылі слайд-праект “Naka Piano” (Анастасія Шпакоўская і Ірына Кліменка) і народны літаратурны тэатр “Жывое слова” пад кіраўніцтвам Алесі Сівохінай.

БДАМЛМ прадстаўлялі дырэктар Ганна Запартыка і вядучы навуковы супрацоўнік Віктар Жыбуль, якія расказалі пра маладнякоўцаў-“юбіляраў” і іх дакументы, што захоўваюцца ў фондах архіва-музея і таксама прадстаўлены на выставе.

Фотаздымкі з мерапрыемстваў можна ўбачыць тут і на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

20 студзеня 2020 г.