Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Кастравіцкія”

10 верасня 2020 г. у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося адкрыццё літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Кастравіцкія”, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння паэта Гіёма Апалінэра.

Шляхецкі род Кастравіцкіх у ХІХ ст. даў дзве знакавыя асобы, творчасць якіх паўплывала на далейшае развіццё беларускай і еўрапейскай літаратуры і культуры ХХ ст.: Гіём Апалінэр (1880-1918) – паэт, мастацтвазнавец, графік, адзін з самых вядомых эксперыментатараў у літаратуры ХХ ст.; Карусь Каганец (Казімір-Рафал Кастравіцкі; 1868-1918) – паэт, драматург, мовазнавец, мастак, скульптар, грамадскі дзеяч нацыянальнага Адраджэння пачатку ХХ ст.

У адкрыцці выставы прынялі ўдзел дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў, дыпламат, пісьменнік, перакладчык і публіцыст Уладзімір Шчасны (аўтар ідэі), дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Зміцер Яцэвіч, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, выдавец Зміцер Колас, перакладчык Гіёма Апалінэра на беларускую мову Лявон Баршчэўскі, паэт, кампазітар і выканаўца Раман Арлоў.

Побач з прадметамі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ў экспазіцыі “Кастравіцкія” прадстаўлены матэрыялы Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прыватных калекцый.

З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва на выставе можна пабачыць партрэт “Тып беларуса” і накіды фігур, выкананыя К.Кастравіцкім, ліст Казіміра Кастравіцкага да сваёй будучай жонкі Ганны Пракаповіч, візітную картку К.Кастравіцкага, запісную кніжку сям’і Кастравіцкіх з гаспадарчымі запісамі (асобныя старонкі кніжкі – з аўтографамі ўдзельнікаў паўстання К.Каліноўскага) і інш.

15 верасня 2020 г.