Круглы стол “Адысея Язэпа Пушчы”

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва – адзін з удзельнікаў маштабнага сумеснага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, які Нацыянальная бібліятэка Беларусі ладзіць таксама з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Выдавецкім домам “Звязда” (газета “Літаратура і мастацтва”). Праект прысвечаны 100-годдзю літаратурнага аб’яднання “Маладняк” (1923-1928) і ўжо багата прадстаўлены на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Пачынаючы з 2019 г., у межах праекта праходзілі круглыя сталы, выставы, літаратурныя конкурсы, адкрытыя лекцыі.

20 мая 2022 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося пасяджэнне круглага стала “Адысея Язэпа Пушчы”, прымеркаванага да 120-годдзя паэта, сябра літаб’яднання “Маладняк”. Акрамя гаспадароў мерапрыемства, у семінары ўзялі ўдзел даследчыкі літаратуры, музеязнаўцы, культуролагі, супрацоўнікі бібліятэк краіны і прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Вядучы навуковы супрацоўнік архіва-музея В. Жыбуль выступіў з дакладам “Дакументы Язэпа Пушчы ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва”.

Падчас круглага стала адбылася прэзентацыя новай віртуальнай экспазіцыі на сайце Нацыянальнаай бібліятэкі Беларусі, прысвечанай юбілею Язэпа Пушчы (1902-1964). У раздзеле прадстаўлены копіі матэрыялаў з асабістага фонда паэта, які захоўваецца ў архіве-музеі: дакументы творчай і службовай дзенасці, дакументы да біяграфіі, перапіска, фатаграфіі.

23 мая 2022 г.