“Хто пяром сваім служыць народу…”: выстава да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна

Споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна.

Нарадзіўся Іван Пятровіч Шамякін 30 студзеня 1921 г. у вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Закончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў (1940). У 1940–1945 гг. служыў у Чырвонай Арміі, у час Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у баях пад Мурманскам, у вызваленні Польшчы, у баях на Одэры. У 1945–1948 гг. настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка Церахаўскага раёна, з 1946 г. вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута. Закончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1950). Працаваў старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаха “Советская Отчизна” (цяпер – часопіс “Нёман”), у 1954–1980 гг. на розных пасадах у праўленні Саюза пісьменнікаў БССР. У 1980–1992 гг. – галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1963–1985) і СССР (1980–1989). Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1971–1985). Член-карэспандэнт АН БССР. Сябра СП СССР з 1947 г.

Герой Сацыялістычнай Працы (1981). Узнагароджаны ордэнамі і медалямі, у 1972 г. уганараваны званнем Народнага пісьменніка БССР.

У час вайны выступаў у армейскай газеце “Часовой Севера” з нарысамі і вершамі. У 1945 г. надрукаваў аповесць “Помста” (часопіс “Полымя”). Аўтар раманаў “Глыбокая плынь” (1949), “У добры час” (1953), “Крыніцы” (1957), “Сэрца на далоні” (1964), “Снежныя зімы” (1970), “Атланты і карыятыды” (1974), “Вазьму твой боль” (1979), “Петраград – Брэст” (1983), “Зеніт” (1987), пенталогіі “Трывожнае шчасце” (1960, 1973, 1982), кніг апавяданняў і аповесцяў “На знаёмых шляхах” (1949), “Першае спатканне” (1956), “Матчыны рукі” (1961), “Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч” (1976) і інш., а таксама кінааповесцяў, п’ес, шматлікіх публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў.

Памёр 14 кастрычніка 2004 г. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Асабісты фонд Івана Шамякіна ў Цэнтральным дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва БССР (цяпер Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва) з’явіўся ў 1969 г. – пасля таго, як пісьменнік перадаў нямала асабістых дакументаў “у неапрацаваным стане ў колькасці каля 100 кілаграмаў”. Наступныя вялікія паступленні адбыліся ў 1976 г. (яно склала вопіс № 2), 1986 г. (вопіс № 3), 1993 г. (вопіс № 4), 1995 г. (вопіс № 5). На дадзены момант фонд празаіка налічвае 1671 адзінку захоўвання за 1940–1996 гг.

З канца студзеня 2021 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва працуе выстава “Хто пяром сваім служыць народу…”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна. Выстава запрашае паспрабаваць спасцігнуць феномен І. Шамякіна менавіта як народнага пісьменніка, паразважаць пра сакрэт яго папулярнасці, асабліва ў савецкія часы. Таму адна з цэнтральных тэм экспазіцыі – узаемаадносіны І. Шамякіна з чытачамі. Стэнды прысвечаны некаторым найбольш вядомым кнігам пісьменніка: “Глыбокая плынь”, “Трывожнае шчасце”, “Сэрца на далоні”, “Атланты і карыятыды”. Прадстаўлены старонкі рукапісаў і машынапісаў гэтых твораў на розных этапах іх стварэння, а таксама дакументы, якія ілюструюць чытацкі і крытычны рэзананс, выкліканы згаданымі кнігамі: лісты чытачоў з розных рэспублік, розных прафесій і сацыяльнага становішча, а таксама матэрыялы чытацкіх канферэнцый і дыскусій прафесійных крытыкаў у перыядычным друку. Выстаўлены таксама выданні кніг І. Шамякіна на мовах свету і некалькі музейных прадметаў – падарункі чытачоў пісьменніку.

8 лютага 2021 г.