Завершана навуковае апісанне фонду № 391 (вопіс № 1) мастака тэатра, жывапісца Івана Іванавіча Пешкура

Пешкур Іван Іванавіч нарадзіўся 21 снежня 1921 г. у вёсцы Вострава Слуцкага павета (цяпер Капыльскі раён Мінская вобласць). У сваёй вёсцы вучыўся ў пачатковай школе, потым у суседняй Навасёлкаўскай сямігодцы.

З 1935 г. па 1939 г. атрымліваў прафесійную адукацыю ў Віцебскім мастацкім вучылішчы на аддзяленні жывапісу (настаўнікі І.В. Ахрэмчык, Х.Я. Даркевіч, В.К. Дзежыц, Л.М. Лейтман, Ф.А. Фогт, У.Я. Хрусталёў). Быў рэкамендаваны для паступлення ў Ленінградскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры. Аднак быў мабілізаваны. З лістапада 1939 г. па сакавік 1940 г. – удзельнік Савецка-фінляндскай вайны. З 1941 г. – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з верасня 1944 г. па 1957 г. і з 1970 г. па 1980 г. І.І. Пешкур працаваў мастаком-сцэнографам у Вялікім тэатры оперы і балета БССР. Удзельнічаў у стварэнні спектакляў: “Дон Кихот” Л. Мінкуса, рэж. К.А. Муллер (1951), “Чио-Чио-Сан” Дж. Пучыні, рэж. В.М. Шахрай (1953), “Русалка” А.С. Даргамыжскага, рэж. Л.П. Александроўская (1955), “Щелкунчик” П.І. Чайкоўскага, рэж. К.А. Мулер (1956), “Подставная невеста” Г.М. Вагнера, рэж. К.А. Мулер (1958) і інш. З 1957 г. па 1969 г. з’яўляўся галоўным мастаком ТЮГа БССР. Тут пры яго ўдзеле былі пастаўлены спектаклі: “За лясамі дрымучымі” А.В. Вольскага і П.М. Макаля, рэж. Л.І. Мазалеўская (1958), “Не верце цішыні” І.П. Шамякіна, рэж. Л.І. Мазалеўская і В.В. Пацехін (1958), “Над водамі Серабранкі” І.В. Козела, рэж. Л.І. Мазалеўская (1961), “Дама-невідзімка” П. Кальдэрона, рэж. П.С. Малчанаў (1964) і інш. У 1957 г. атрымаў дыплом лаўрэата “Всесоюзного фестиваля драматических и музыкальных театров, ансамблей и хоров” за афармленне спектакля ТЮГа БССР “Папараць-кветка” І.В. Козела (рэж. Л.І. Мазалеўская). І.І. Пешкур займаўся таксама станкавым жывапісам, пісаў партрэты, пейзажы. З 1951 г. – удзельнік мастацкіх выставак, з 1960 г. – член Саюза мастакоў БССР. У 1967 г. для музея Вялікай Айчыннай вайны (у супрацоўніцтве з Я.Я. Красоўскім) стварыў дыяраму “Лагер смерці Трасцянец”.

Узнагароджаны медалямі: “Партизану Отечественной войны I степени” (1944), “За победу над Германией” (1946). Творчая дзейнасць адзначана ордэнам “Знак Пашаны”, а таксама Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і граматамі і дыпломам Міністэрстваў культуры БССР і СССР. Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь.

І.І. Пешкур трагічна загінуў 12 кастрычніка 1980 г. Пахаваны ў г. Мінску.

Дакументы Івана Іванавіча Пешкура паступілі ў верасні 1994 г. ад удавы Станіславы Альфонсаўны Пешкур. У выніку навукова-тэхнічнай апрацоўкі быў складзены вопіс №1 у колькасці 172 адзінкі захоўвання (425 дакументаў) за [1930-я]-1982, 2019 гг.

Вопіс складаецца з 6-ці раздзелаў:

  • Першы раздзел “Творчыя дакументы І.І. Пешкура” ўключае чатыры падраздзелы. Першы падраздзел “Эскізы дэкарацый да спектакляў”: эскізы дэкарацый да балетных і оперных спектакляў ДАВТ БССР, да спектакляў ТЮГа БССР, да спектакляў народных і самадзейных тэатраў БССР, да спектакля ў Белдзяржкансерваторыі “Евгений Онегин”, да неўстаноўленых спектакляў. У другі падраздел увайшлі эскізы афармлення канцэртаў, канцэртных касцюмаў, у трэці – партрэты, пейзажы, замалёўкі і інш. малюнкі, у чацвёрты – фатаграфіі работ І.І. Пешкура.
  • Другі раздзел уключае біяграфічныя дакументы І.І. Пешкура. Асабістыя дакументы: пасведчанне аб заканчэнні няпоўнай сярэдняй школы, атэстат Віцебскага мастацкага вучылішча, камандзіровачнае пасведчанне Саюза мастакоў БССР і інш. Дакументы творчай дзейнасці: праграмы і афішы спектакляў, спісы балетных, драматычных, оперных спектакляў, аформленых І.І. Пешкурам. Ганаровыя граматы, дыплом лаўрэата і дакументы да 50-годдзя з дня нараджэння І.І. Пешкура (афіша, каталог і інш. да юбілейнай выстаўкі, якая адбылася толькі ў 1975 г.).
  • У трэці раздзел увайшлі дакументы пра І.І. Пешкура: артыкулы, біяграфія І.І. Пешкура, напісаная дачкой мастака і інш.
  • Чацвёрты раздзел складаюць дакументы, сабраныя І.І. Пешкурам. Гэта – артыкулы аб спектаклях, каталогі выставак і інш.
  • Пяты раздзел “Выяўленчыя дакументы” сфарміраваны з фатаграфій І.І. Пешкура: індывідуальных, з роднымі, у групах з мастакамі М.А. Блішчом, У.П. Кульваноўскім, П.В. Масленікавым, С.П. Нікалаевым, І.А. Саніным, М.П. Чэпікам і інш.
  • Шосты раздзел – “Малюнкі [І.І. Пешкур (дачкі)]”.

30 снежня 2019 г.