Завершана навуковае апісанне фонду № 146 (вопіс № 1) паэта, перакладчыка Браніслава Пятровіча Спрынчана

Браніслаў Пятровіч Спрынчан нарадзіўся 16 жніўня 1928 г. у в. Каніж Новаміргарадскага раёна Кіраваградскай вобласці (Украіна). У гады Вялікай Айчыннай вайны разам з бацькамі жыў у в. Каробчына і в. Хмелева Новаміргарадскага раёна. У 1945 г. Браніслаў Спрынчан скончыў Міхайлаўскую няпоўную сярэднюю школу (Елізаветградскі раён). Пасля заканчэння Кіраваградскага машынабудаўнічага тэхнікума (1949) працаваў на заводзе “Гомсельмаш” майстрам кавальскага цэха, літсупрацоўнікам заводскай шматтыражнай газеты “Сельмашавец” (1955-1962). Адначасова займаўся на завочным аддзяленні Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1959 г. У 1963 г. пераехаў у Мінск. З 1962 г. – літкансультант і літсупрацоўнік газеты “Советская Белоруссия”. У 1964-1966 гг. вучыўся ў Мінскай вышэйшай партыйнай школе. З 1966 г. – рэдактар, потым – загадчык аддзела паэзіі часопіса “Нёман”. Са студзеня 1991 г. быў на творчай рабоце.

Трагічна загінуў 8 ліпеня 2008 г. Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.

Б.П. Спрынчан – член СП БССР з 1955 г. Друкавацца пачаў з 1949 г. у заводскай шматтыражцы “Гомсельмаша”, а з 1950 г. – у абласной газеце “Гомельская праўда”, дзе быў змешчаны яго верш “Ураджайнае”. Ён аўтар паэтычных зборнікаў “Над кручами Сожа” (1957), “В центральном пролёте” (1961), “Ветер на откосах” (1964), “Плавка” (1968), “Черты лица”(1970), “Ясень” (1973), “Вечная страда” (1978), “Стремнина” (1982), “Сотворение” (1983), “Надежды нежные ростки” (1986), “Свет любви” (1988), “Жизни вечные круги” (1990), “Васильки на белом полотне” (1990). На рускую мову пераклаў зборнікі вершаў П.М. Макаля “Прикосновение к земле” (1977) і М.А. Багдановіча “Венок”, кнігу вершаў беларускіх паэтаў “Стожары” (1984) і інш.

Дакументы Б.П. Спрынчана паступілі ў БДАМЛМ ад самога пісьменніка ў 1977 г. У 2019 г. пасля навукова-тэхнічнай апрацоўкі быў складзены вопіс №1 у колькасці 15 спраў (88 дак.) за 1959-1978 гг.

У вопіс па храналагічна-тэматычным прынцыпе увайшлі: вершы Б.П. Спрынчана, пераклады вершаў Б.І. Алейніка, Р.І. Барадуліна, Г.М. Бураўкіна, К.Ц. Кірэенкі, П.М. Макаля, А.В. Пысіна, М. Танка і інш. з украінскай і беларускай мовы; заключэнні Ус.В. Іванова, І.Л. Сяльвінскага на дыпломную працу паэта, рэцэнзія У.В. Гніламёдава на зборнік вершаў “Плавка”; пісьмы М.М. Аляксеева, М.М. Асеева, П.У. Броўкі і інш. да яго; фатаграфіі Б.П. Спрынчана, індывідуальныя, і ў групе з Г.М. Бураўкіным, В.У. Быкавым, В.В. Зуёнкам, У.І. Корбанам, М.П. Кругавых, П.С. Пестраком, М.П. Ткачовым і інш.

30 снежня 2019 г.