Вольскі Артур (Вольскі-Зэйдэль Артур Вітальевіч) нарадзіўся 23 верасня 1924 г. у г. Дзяржынску (Мінская вобл.) у сям’і пісьменніка В.Ф. Вольскага. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы. Працаваў у тэатры імя Я. Коласа ў якасці мастака.
У 1942 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў на баявых караблях. Супрацоўнічаў у ваенна-марской газеце “Боевое знамя”. У 1945 г. удзельнічаў у баях на Далёкім Усходзе. Пасля дэмабілізацыі працаваў у рэдакцыях газеты “Чырвоная змена”, часопісаў “Бярозка” і “Вясёлка”. У 1962 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1963 г. – загадчык літаратурна-педагагічнай часткі, у 1966-1978 гг. – дырэктар, у 1992-2000 гг. загадчык літаратурнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, у 1986-1992 гг. – загадчык літаратурнай часткі Дзяржаўнага тэатра лялек Беларусі. У 1978-1979 гг. – дырэктар Дома літаратара, у 1980-1984 гг. – літкансультант СП БССР. У 1981-1984 гг. – старшы рэдактар выдавецтва “Юнацтва”. З 1984 г. на пенсіі. Быў прапаведнікам абшчыны евангельскіх хрысціян г. Мінска.
Узнагароджаны ордэнамі “Знак пашаны”, Айчыннай вайны 2-й ступені, медалём “За баявыя заслугі”, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, Граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Малдаўскай ССР і інш.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1945 г. Разам з пісьменнікам Б. Іртышскім напісаў на рускай мове аповесць “Родная семья”. А. Вольскі – аўтар зборнікаў паэзіі: ”Водбліскі далёкіх маякоў” (1958), “Далёкія і блізкія прычалы” (1962), “Дабрата” (1966), “Выратавальны край” (1974), “Строма” (1982), “Чалавек, якому баліць” (1984), “Наваселле дрэў” (1990) і інш. Напісаў кніжкі паэзіі, прозы, казак для дзяцей “Маленькім сябрам” (1955), “Дзедаў госць” (1958), “Чырвоная зорка” (1961), “Чарнічка” (1964), “Рагатка” (1971), “Што такое мікра тое…” (1971), “Лясныя мастакі” (1973), “Жывыя літары” (1973), “А куды падаўся дождж” (1974), “Ізумрудавы горад, дзе ты?” (1977), “Еду ў госці да слана” (1978), “Сонца блізка ўжо зусім” (1984), “Дабяруся да нябёс” (1984), “Ад А да Я – прафесія мая” (1987), апавядання – эсэ “Хлеб – усяму галава” (1989) і інш. Сумесна з П.М. Макалём напісаў п’есы “За лясамі дрымучымі” (1958), “Марынка-крапіўніца” (1962). У сааўтарстве з Э. Доўнарам напісаў кінасцэнарый мастацкага фільма “Марынка, Янка і тайны каралеўскага замка” (1978). Аўтар п’ес-казак, пастаўленых у тэатрах Беларусі, Украіны, Польшчы: “Сцяпан – вялікі пан” (1979), “Тры Іваны – тры браты” (1985), “Граф Глінскі-Папялінскі” (1986), “Каб не змаўкаў жаваранак” (1989), “Чортаў скарб” (1991) і інш. На беларускім тэлебачанні па яго п’есах пастаўлены спектаклі “Апошняя ноч Алаізы” (1986), “Водар папараці” (1989), “Пастух Янка” (1991). Выступаў і як перакладчык твораў рускіх, літоўскіх, латышскіх, украінскіх пісьменнікаў.
Памёр 5 верасня 2002 г. Пахаваны на Паўночных могілках г. Мінска.
Апошняя частка дакументаў А. Вольскага была перададзена ў БДАМЛМ яго ўдавой Горцавай Ларысай Мікалаеўнай 18 сакавіка 2008 г. У выніку навуковага апісання быў складзены вопіс № 3 у колькасці 97 адзінак захоўвання (558 дакументаў) за 1945-2004 гг.
Вопіс складаецца з 6 раздзелаў:
- Рукапісы А. Вольскага. Падборка п’ес “Адэльчыны ручнікі” і п’есы “Каваль – залатыя рукі”, “Тры мушкецёры”, “Тры Іваны – тры браты”, “Як я быў вундэркіндам” (сумесна з У.Г. Машковым), “Апошняя ноч Алаізы” і інш. Лібрэта: “Несцерка” (сумесна з В.Ф. Вольскім), “Прымакі”, “Ілля Мурамец” і інш. Сцэнарыі: мастацкага фільма “Пастух Янка” (сумесна з Э. Доўнарам), радыёоперы “Палын – горкая трава”, навагодніх прадстаўленняў “Навагодняе выпрабаванне” (сумесна з М. Ходзькам), “Сустрэча”, мультыплікацыйнага фільма “Як пад вадой управіліся з бядой”, школьнага ўрока-спектакля “Страцім – лебедзь” і інш. Апавяданні “Адэльчыны ручнікі”, “З чаго любоў пачыналася”, “Кацюша” і інш., казкі “Каваль – залатыя рукі”, “Незвычайная табакерка”, “Пазычаная мова” і інш. Нарысы пра гісторыю 16-га Койданаўскага пагранатрада (па ўспамінах В.Ф. Вольскага). Паэма “Выгнанне Рагнеды”, вершы, словы песень і інш. Артыкулы пра М.А. Багдановіча, В. Вітку, М. Гусоўскага, Цётку, выступленні, пропаведзі перад вернікамі, рэцэнзіі на рукапісы твораў С.М. Басуматравай, А.А. Дракахруста, П.М. Рунца і інш., інтэрв’ю рэдакцыям газет “ЛіМ”, “На страже Октября” і інш., успаміны пра школьныя гады, службу на Далёкім Усходзе, пра З. Бядулю, П.Ф. Глебку, Я. Купалу, В.А. Лукшу і інш. Пераклады вершаў паэтаў Дагестана з аварскай, даргінскай, лакскай, кумыкскай моў, паэтаў Азербайджана, Манголіі, Украіны, п’ес А.М. Астроўскага, А.В. Вярбеца, Г. Запольскай, В.М. Паніна, А.П. Чэхава, Я.Л. Шварца з польскай і рускай моў. Пераклады вершаў А. Вольскага І.І. Васілеўскім, М. Геллерам, Ю.М. Сапажковым на рускую мову і запісныя кніжкі з запісамі сваіх твораў.
- Пісьмы да А. Вольскага В.Ф. Вольскага (бацькі), Л.А. Вольскага (сына), Я. Брыля, Э. Друлле, Л.С. Танюка і інш.
- Дакументы да біяграфіі А. Вольскага: загад камандуючага Чырвонасцяжнай Амурскай флатыліі з падзякай за працу ў газеце “Красный амурец”, праграмы, афіша спектакляў па п’есах А. Вольскага і ў яго перакладах з другіх моў, запрашэнні на вечары, ганаровыя граматы, дыпломы, інфармацыі аб узнагароджаннях, дакументы стварэння аргкамітэта па падрыхтоўцы аб’яднанага пленума творчых саюзаў Беларусі, Беларускага дэмакратычнага аб’яднання ветэранаў, юбілейныя дакументы да 50-ці, 60-ці, 70-ці, 75-ці годдзяў з дня нараджэння пісьменніка.
- Дакументы пра А. Вольскага: артыкулы Р.І. Барадуліна, А. Білана, С. Шафарэнкі і інш. пра А. Вольскага і з упамінаннем пра яго, рэцэнзіі В. Віткі, П.М. Макаля на яго творы, некралог, артыкулы Р.І. Барадуліна, В.В. Жыбуля да 80-годдзя з дня нараджэння А. Вольскага.
- Дакументы, сабраныя А. Вольскім: п’еса В.М. Паніна “Песни волка”, сцэнарый М.У. Анемпадыстава, Л. Вольскага рок-мюзікла “Narodny albom”, вершы Б.Н. Салімава, М.В. Шынкевіча, статут абшчыны евангельскіх хрысціян г. Мінска “Беларуская эвангельская царква”, тэксты песень Л. Сухарослава, Э. Бурсава, беларускіх народных песень і інш.
- Фатаграфіі А. Вольскага ў групе з вучнямі, настаўнікамі, чытачамі у г. Жодзіна, г. Ташкенце, фатаграфіі з Р.І. Барадуліным, В.У. Быкавым, Г.М. Бураўкіным, З.С. Пазняком, М.А. Ткачовым і інш. У канцы раздзела змешчаны выявы плошчы Свабоды 1860-х гг. і Дома гарадскога суда на Замкавай гары г. Мінска мастака М.М. Філіповіча (1926).
17 ліпеня 2018 г.