Завершана навуковае апісанне фонду № 448 (вопіс № 1) мастачкі Астаповіч-Бачаровай Зінаіды Антонаўны

Астаповіч-Бачарова Зінаіда Антонаўна нарадзілася 23 (10) верасня 1898 года ў г. Мінску. У 1900 г. з прызначэннем бацькі настаўнікам-інспектарам чатырохкласных вучылішч пераехала у м. Рэчыцу, у 1906 г. – у г. Гродна, дзе паступіла ў Марыінскую жаночую гімназію. У 1914 г. пасля смерці бацькі разам з сям’ёй перасялілася да сваякоў у г. Петраград. Праз год скончыла Аляксандраўскую жаночую гімназію з правам на сярэбраны медаль. З 1915 г. да 1919 г. займалася ў Рысавальнай школе пры Імператарскім таварыстве заахвочвання мастацтваў (цяпер Санкт-Пецярбургскае мастацкае вучылішча імя М.К. Рэрыха.), наведвала графічнае аддзяленне І.Я. Білібіна, вывучала жывапіс у П.С. Навумава, рысунак у А.Р. Эберлінга. З 1917 г. выкладала маляванне ў школе Таварыства спажыўцоў пры Абухаўскім заводзе і ў Аляксандра-Неўскім гарадскім пачатковым вучылішчы ў г. Петраградзе. Ратуючыся ад голаду, у 1919 г. пераехала на лецішча бацькоў у в. Навасёлкі (Ігуменскі павет Мінскай губерні), дзе да 1922 г. працавала выкладчыцай рысунка ў школах для сялянскіх дзяцей. З 1923 г. да 1925 г. працягнула навучанне ў У.Н. Лявіцкага і А.Р. Эберлінга ў І Дзяржаўным мастацка-прамысловым тэхнікуме ў г. Ленінградзе. З 1923 г. да 1928 г. працавала ў часопісе “Ленінград” і прыватных выдавецтвах, з 1927 г. да 1928 г. выконвала замовы Беларускага дзяржаўнага музея. У 1927 г. узяла шлюб і пераехала ў г. Наваржэў (Пскоўская вобласць) – месца працы мужа. Праз тры гады вярнулася ў г. Ленінград, выкладала маляванне і чарчэнне ў сярэдніх школах, на рабфаку Ленінградскага ветэрынарнага інстытута. У 1941 г. эвакуіравалася ў в. Заазер’е (Пермскі раён Свярдлоўскай вобласці), працавала па спецыяльнасці ў мясцовай школе, з 1945 г. – пасля вяртання ў г. Ленінград – у СШ №320 і №322. У 1955 г. пераехала да дачкі ў г. Рыбнае (Разанская вобласць), у 1963 г. разам з дачкой – у г. Віцебск.

З 1911 г. да 1990 г. З.А. Астаповіч-Бачарова пісала амаль штодзённа. Значная частка работ 1930-х – 1940-х гг. згубілася ў блакадным г. Ленінградзе і ў час пераездаў. Малявала акварэллю, алеем, алоўкамі, вуглём, гуашшу, пастэллю і інш. Працавала ў жанрах: партрэт (“Аўтапартрэт” (1923), “Партрэт Н.Р. Якубовіч” (1923), “Партрэт прыяцелькі” (1925), “Жаночы партрэт” (1926) і інш.), пейзаж (“Асіны і елка” (1915), “Сасна” (1916), “Вечар у лесе” (1968) і інш.), агітацыйны плакат (“Авалодвайце паветрам і часам” (1926) і інш.), кніжная ілюстрацыя (да казкі “Жылі-былі стары ды старая” (1922), да кніг-казак у вершах паэтаў У.І. Эрліха і Я.Л. Шварца) і інш. Удзельнічала ў выстаўках: прац самадзейных мастакоў-рабочых, служачых і іх сямей (г. Ленінград, 1952), “Аркадзь Антонавіч Астаповіч і Зінаіда Антонаўна Астаповіч-Бачарова” (Дзяржаўны мастацкі музей БССР, 1989), “Аркадзь Антонавіч Астаповіч і Зінаіда Антонаўна Бачарова-Астаповіч” (Арт-цэнтр Марка Шагала ў г. Віцебску, 1990), “Драма и удача художника. Зинаида Антоновна Бочарова-Астапович” (Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М. Кірава, 1993).

З.А. Астаповіч-Бачарова памёрла 26 верасня 1993 г. Пахавана на Мазурынскіх могілках у г. Віцебску.

Дакументы З.А. Астаповіч-Бачаровай паступілі ў БДАМЛМ ад Алены Дзмітрыеўны Смірновай (унучкі) у 2001, 2004 і 2009 гг. і мастацтвазнаўцы Надзеі Міхайлаўны Усавай у 2003 г. У выніку навуковага апісання было сфарміравана 317 адзінак захоўвання (933 дакументы) за [кан. 1890-х]–2008 гг.

Вопіс складаецца з 6 раздзелаў:

  1. Творчыя дакументы З.А. Астаповіч-Бачаровай: пейзажы, кампазіцыі на тэмы “Балет”, “Мацярынства” і інш., партрэты і замалёўкі людзей, нацюрморты, кніжная графіка, арнаменты. Творы выкананы ў тэхніках: акварэль, аловак, вугаль, гуаш, пастэль, сангіна, сэпія, туш, фламастэр і шарыкавая ручка на кардоне, звычайнай і пастэльнай паперы, шпалерах, некалькі работ – на вокладках школьнага сшытка і членскай кніжкі, кардонцы з-пад пральнага парашка.
  2. Перапіска З.А. Астаповіч-Бачаровай: пісьмы да і ад сваякоў, мастацтвазнаўцаў, устаноў.
  3. Біяграфічныя дакументы: пасведчанні аб нараджэнні і працаўладкаванні, членскія кніжкі і інш., дакументы аб супрацоўніцтве мастачкі з Дзяржаўным мастацкім музеем БССР (дакументы аб набыцці яе графічных і жывапісных работ, запрашэнне на адкрыццё яе выстаўкі і інш.).
  4. Дакументы пра З.А. Астаповіч-Бачарову: артыкулы, нататкі і інш.
  5. Выяўленчыя дакументы: індывідуальныя фатаграфіі і рэпрадукцыя фатаграфіі З.А. Астаповіч-Бачаровай; рэпрадукцыі фатаграфій, змешчаных у каталозе яе выстаўкі і інш. За падраздзелам – паштоўкі з рэпрадукцыямі карцін вядомых мастакоў за [кан. 1890-х]–1948 гг.
  6. Дакументы А.А. Астаповіча і іншых членаў сям’і З.А. Астаповіч-Бачаровай. Дакументы А.А. Астаповіча: пейзажы (акварэль, алей), яго перапіска з роднымі і інш. Дакументы Ант. А. Астаповіча (бацькі), М.І. Казловай (у шлюбе – Астаповіч) (маці), А.А. Астаповіча (брата), Н.Р. Якубовіч (у шлюбе – Астаповіч) (братавай і стрыечнай сястры) і інш. – выпіскі з метрычных кніг, перапіска і фатаграфіі.

17 ліпеня 2018 г.