Завершана навуковае апісанне фонду № 387 (вопіс № 1) піяніста, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Шаршэўскага Рыгора Юдэлевіча

Шаршэўскі Рыгор Юдэлевіч (Ільіч) нарадзіўся 19 жніўня (1 верасня) 1913 г. у г. Растове-на-Доне. З 1922 г. пачаў займацца ў мызычнай школе. У 1928-1931 гг. вучыўся ў Растоўскім музычным вучылішчы (клас В.В. Шаўбы). У 1931 г. паступіў у Ленінградскую кансерваторыю імя М.А. Рымскага-Корсакава (клас вядомага педагога, піяніста, прафесара С.І. Саўшынскага). У 1933 г. як выдатнік атрымаў стыпендыю імя А.П. Барадзіна. У 1936 г. скончыў кансерваторыю і адразу паступіў у аспірантуру (клас У.У. Сафраніцкага). У 1939 г., пасля заканчэння аспірантуры, па размеркаванні прыехаў у Мінск. 10 лістапада 1940 г. быў зацверджаны ў навуковым званні дацэнта па кафедры спецыяльнага фартэпіяна. У пачатку вайны быў эвакуіраваны ў г. Намаган Узбекскай ССР, а ў жніўні 1943 г. па запрашэнні Саратаўскай кансерваторыі пераехаў ў Саратаў, дзе працягваў педагагічную дзейнасць у якасці выкладчыка класа фартэпіяна. З’яўляўся ўдзельнікам канцэртных брыгад, якія выязджалі з выступленнямі на фронт. У 1945 г. вярнуўся ў Мінск выкладаць у Белдзяржкансерваторыі. З 1948 г. зацверджаны на пасаду выконваючага абавязкі прафесара. У 1983 г. атрымаў званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”, а ў 1984 г. – прафесара.

Р.Ю. Шаршэўскі памёр 7 жніўня 1991 г. у Мінску.

Сваю выканальніцкую дзейнасць Р.Ю. Шаршэўскі пачаў яшчэ ў студэнцкія гады і працягваў яе да 1960-х гг. Шмат выступаў з сольнымі канцэртамі (1939-1965), у ансамблях з віяланчалістамі А.К. Уласавым, М.Я. Шэндэравым, скрыпачамі А.Н. Амітона, А.Л. Бяссмертным і інш., прымаў удзел у запісах на радыё. Пачынаючы з 1950-х гг. актыўна гастраляваў з канцэртамі па Беларусі. У канцэртных праграмах былі шырока прадстаўлены музычныя сачыненні розных напрамкаў: класіка, рамантызм, сучасная музыка. Быў адным з першых выканаўцаў твораў беларускіх кампазітараў В.А. Залатарова, А.К. Клумава, П.П. Падкавырава і інш.

Сваю выканальніцкую дзейнасць Шаршэўскі спалучаў з педагагічнай працай у Белдзяржкансерваторыі і ў Мінскай сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Белдзяржкансерваторыі. Ён з’яўляўся адным з заснавальнікаў беларускай фартэпіяннай педагогікі, быў не толькі знакамітым выканаўцам, але і выдатным выкладчыкам. Яго вучнямі былі М.І. Ахвердава, Э.І. Ахрэмчык, Б.М. Бергер, Г.М. Вагнер, І.М. Лучанок і інш.

Дакументы Рыгора Юдэлевіча Шаршэўскага паступілі ў БДАМЛМ у красавіку 1994 г. ад Уладзіміра Міхайлавіча Кузменкі, па даручэнні удавы Э.З. Шаршэўскай (перад ад’ездам у ЗША). У выніку навуковага апісання быў складзены вопіс № 1 у колькасці 64 адзінак захоўвання (187 дакументаў) за 1931-1991 гг.

Вопіс складаецца з 5 раздзелаў:

  1. Рукапісы выканальніцкіх аналізаў музычных твораў, метадычныя распрацоўкі, артыкул і успаміны пра рускага піяніста і педагога У.У. Сафраніцкага.
  2. Дакументы да біяграфіі: пасведчанні да медалёў, даведкі, выпіскі з загадаў і пратаколаў, водгукі і характарыстыкі на імя Р.Ю. Шаршэўскага і інш. Афішы канцэртаў.
  3. Дакументы, сабраныя Р.Ю. Шаршэўскім: дакументы вучаніцы Шаршэўскага І.М. Шумлінай, праграмы і афішы розных канцэртаў, газета “Советский музыкант” з артыкулам К.Х. Аджэмава, выканальніцкае даследаванне “Р. Шуман. “Ночные пьесы” М.І. Ахвердавай і інш.
  4. Фатаграфіі Р.Ю. Шаршэўскага з роднымі, сябрамі, студэнтамі і інш.
  5. Дакументы жонкі Р.Ю. Шаршэўскага, педагога музычнага вучылішча імя М.І. Глінкі Эміліі Зелікаўны (Захараўны) Шаршэўскай: асабістыя і службовыя дакументы, фатаграфіі.

17 ліпеня 2018 г.