Завершана навуковае апісанне фонду № 359 (вопіс № 1) празаіка, паэта, публіцыста Скобелева Эдуарда Марцінавіча

Скобелеў Эдуард Марцінавіч нарадзіўся 8 снежня 1935 г. у сям’і ваеннага інжынера-будаўніка ў Мінску. У 1953 г. скончыў сярэднюю школу з сярэбраным медалём у Ташкенце, у 1959 г. – Маскоўскі інстытут міжнародных адносін. Працаваў у Міністэрстве замежных спраў СССР рэферэнтам-перакладчыкам прэсаддзела Пасольства СССР у Швейцарыі (1959-1961), затым – трэцім і другім сакратаром Міністэрства замежных спраў БССР у Мінску, з 1966 г – у апараце ЦК КПБ, з 1973 г. па 1990 г. – інструктарам аддзела замежных сувязей ЦК КПБ, з 1991 г. – выконваючым абавязкі дырэктара міжнароднага цэнтра Акадэміі кіравання пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, пасля быў прызначаны на пасаду дарадцы-кансультанта Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўным рэдактарам “Информационного бюллетеня Администрации Президента Республики Беларусь”.

Памёр Э.М. Скобелеў 15 кастрычніка 2017 г. у г. Мінску.

Друкавацца Э.М. Скобелеў пачаў з 1964 г. Спачатку выступаў як аўтар артыкулаў, як паэт – з 1966 г. У Саюз пісьменнікаў СССР яго рэкамендавалі П.У. Броўка і С.У. Міхалкоў у 1970 г. Аўтар зборнікаў паэзіі: “Дорога” (1969), “Капли дождя” (1973), “Вечерние тени” (1977), “Земные долги” (1987), “Мой дом” (1988), “Исцеление” (1989), “Тревога в сердце вашем – боль моя” (2001), “Венки сонетов” (2001), “Нарочанская тетрадь” (2003), “Минская тетрадь” (2005), “Крымская тетрадь” (2006), “Сочинская тетрадь” (2009), “Петербургская тетрадь” (2009), “Псковская тетрадь” (2011) і інш., раманаў: “Шаги за твоей стеной” (1971), “Маятник надежды” (1978), “Мирослав – князь Дреговичский” (1979), “Катастрофа” (1984), “Свидетель” (1986), “Беглец” (1989), “Гефсиманский сад” (1993), “Пересечение параллельных” (2005) і інш., кніг аповесцей: “Чудо любви” (1975), “Выпускники”(1984), “Кристина” (1986), “Сегодня исповедь моя” (1988), зборніка “Рассказы разных лет” (2004), зборнікаў паэтычных драм: “Из тьмы светлеющие лики” (1983), “Фигуры” (1986), “Хранители света” (1991), “Средь нас последние мужи” (1995) і інш. Э.М. Скобелеў выдаў некалькі кніг для дзяцей: “Приключения Арбузика и Бебешки” (1983) (пад назвай “Полёт в страну чудовищ” пастаўлены фільм на к/с “Беларусьфільм”), “Новые приключения Арбузика и Бебешки” (1985), “Пацаны купили остров” (1985), “Удивительные приключения пана Дыли” (1996), “Чёрный колдун” (2000) і інш. Напісаў кнігі нататкаў пра літаратурную творчасць “Узелки на память. Заметки о литературном мастерстве” (1997), “Через три необъявленных войны. Автобиографические заметки” (2014). Пісьменнік выступаў як публіцыст. Ім напісана шмат артыкулаў у часопісах “Политический собеседник”, “Кубань”, “Молодая гвардия”, газетах “Славянский набат”, “Московский литератор” і інш., дзе асэнсоўваюцца актуальныя праблемы часу. Выйшлі ў свет тры кнігі “Портреты современников” (2010-2012) і інш.

Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (1996). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1998). Атрымаў прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” (2005). Акадэмік Міжнароднай славянскай акадэміі навук, культуры, мастацтва і адукацыі (Масква), акадэмік Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (Санкт- Пецярбург).

Дакументы Э.М. Скобелева паступілі ў БДАМЛМ у 1991 г. ад самога фондаўтваральніка. У выніку навуковага апісання быў складзены вопіс №1 у колькасці 136 адзінак захоўвання (626 дакументаў) за 1938-1991 гг.

Вопіс складаецца з 7 раздзелаў:

  1. Рукапісы Э.М. Скобелева. Раманы “Шаги за твоей стеной”, “Маятник надежды”, “Катастрофа”, “Гефсиманский сад”, “Беглец”. Аповесці “Что не дозволено Юпитеру”, “Седьмое чудо любви”, “Необыкновенные приключения Арбузика и Бебешки”, “Загадка епископа”, “Кристина”, “Сегодня исповедь моя”. П’есы “Дело доктора Дариэля”, “День из жизни Сократа”, “Купала в Печищах”, “Еретик”, “Царский наставник”, “Свидание с совестью”, “Цветы, которые даришь”. Артыкулы, рэцэнзія, водгук, разважанні Э.М. Скобелева. Апавяданні, казкі, выступленне, інтэрв’ю пісьменніка. Пераклад Э.М. Скобелевым аповесці З. Дусматава з узбекскай мовы на рускую.
  2. Выпіскі і запісныя кніжкі з выпіскамі да сваіх твораў.
  3. Перапіска. Пісьмы і паштоўкі да Э.М. Скобелева ад дзеячаў літаратуры Азербайджана, Беларусі, Расіі: А. Абдуллы, Э.С. Валасевіча, Д.П. Губіна, П.П. Катаева, А.В. Мальдзіса, С.У. Міхалкова, М. Танка і інш. Пісьмы ад знаёмых, чытачоў, настаўнікаў і вучняў за 1982-1991 гг. За падраздзелам знаходзяцца дароўныя надпісы Э.С. Валасевіча, А.Н. Марціновіча, М.І. Мушынскага і інш. Э.М. Скобелеву на вокладках сваіх кніг.
  4. Біяграфічныя дакументы Э.М. Скобелева: асабістыя дакументы і дакументы святкавання 50-годдзя з дня яго нараджэння.
  5. Дакументы пра Э.М. Скобелева: рэцэнзіі на яго творы, артыкулы з упамінаннем пра яго і інш.
  6. Дакументы, сабраныя Э.М. Скобелевым: дакументы М.П. Ананьіна – фотажурналіста, А.М. Сухіна – прэзідэнта Чэлябінскага клуба “Позитив”, выязныя справы беларускіх пісьменнікаў, дакументы пра грамадска-палітычнае жыццё ў канцы 1980-х гг.
  7. Выяўленчыя дакументы: аўтапартрэт Э.М. Скобелева, фатаграфіі С.У. Міхалкова з дароўным надпісам Э.М. Скобелеву, А.Я. Макаёнка, Н.Л. Сняжковай на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай і рускай эміграцыі ў Нью-Йорку.

17 ліпеня 2018 г.