Арсеннева, Кіпелі, Панькоў, Стагановічы: новыя дакументы дзеячаў беларускага замежжа ў БДАМЛМ

16 чэрвеня 2015 г. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва атрымаў новую пасылку з дакументамі дзеячаў беларускага замежжа з Нью-Ёрка.

Са збораў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў БДАМЛМ на заклік створанай у архіве-музеі навукова-творчай ініцыятывы “Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа” паступілі цікавыя і каштоўныя дакументы. Сярод іх — яшчэ адна частка дакументаў Наталлі Арсенневай, у тым ліку ліставанне яе апошніх гадоў, копіі дарчых надпісаў з падараваных ёй кніг і інш. Цікавыя і асабістыя дакументы і рэчы Вітаўта, Зоры і Марыі Кіпеляў, дакументы і ліставанне Антона Адамовіча.

Асаблівую ўвагу звяртаюць на сябе ўнікальныя кнігарукапісы пісьменніка і выдаўца Міколы Панькова — невялікія рукапісныя кнігі, што дзеяч ствараў у 1946—1948 гг. у лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. Прысвечаныя зусім розным тэмам (і тагачаснай міжнароднай сітуацыі, і сусветным палітычным лідарам, і навінам тэхнікі, і беларускай літаратуры ды г.д.), перапісаныя ад рукі прыгожым ахайным почаркам, гэтыя кнігі ёсць адметнай з’явай у беларускай кніжнай культуры.

Сярод рэдкіх кніжных выданняў, атрыманых гэтым разам у БДАМЛМ, варта адзначыць таксама самаробныя кнігі з творамі Уладзіміра Дубоўкі, перапісаныя ці складзеныя з газетных выразак у 1950-х гг. эміграцыйным пісьменнікам Янкам Золакам, а таксама рэдкі асобнік зборніка вершаў Уладзіміра Жылкі “Прыкладзіны”, выдадзены суполкай “Ускалось” у Германіі ў 1950 г. Сярод іншага, у зборніку быў змешчаны тэкст знакамітага Жылкавага “Тэстамэнту”, арыгінал якога быў перададзены ў БДАМЛМ у мінулым годзе.

Вялікую частку перададзеных з Нью-Ёрка дакументаў складае архіў грамадскага дзеяча, публіцыста, аўтара мемуараў “Успаміны пасла” Аляксандра Стагановіча. Захавалася багатае ліставанне як з эміграцыйнымі аўтарамі, так і лісты-звароты, што пісаліся розным дзеячам у БССР у адказ на публікацыі ў беларускім перыядычным друку. Згаданыя дакументы, разам з перададзенымі раней успамінамі Марыі і Тамары Стагановічаў, дазволяць стварыць адмысловы сямейны фонд Стагановічаў. З’яўленне ў БДАМЛМ такога фонду тым больш важна, у сувязі з заснаваннем у мінулым годзе Прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў у галіне непрыдуманай літаратуры.

Беларускі архіў-музей літаратуры і мастацтва шчыра дзякуе Беларускаму інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку за перададзеныя скарбы.

Наталля Гардзіенка