Адкрыццё выставы “Я – Маці”

22 лютага 2019 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Я – Маці”, прысвечанай 150-годдзю з дня нараджэння Марыі Апанасаўны Багдановіч, маці геніяльнага паэта, класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.

З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва на выставе прадстаўлены дакументы аб вучобе Марыі Апанасаўны ў Санкт-Пецярбургскай земскай вучыцельскай школе, пасведчанне аб вянчанні з Адамам Ягоравічам Багдановічам у прыходскай Хмарына-Нарадзецкай царкве Мінскага павета; асабістыя рэчы, якія належалі сям’і Багдановічаў: шкатулка, кававарка, лыжка і скрыначка для гарбаты.

На выставе таксама можна ўбачыць прадметы з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Некаторыя рэчы, якія належалі Марыі Апансаўне Багдановіч, прадстаўлены ўпершыню. Дапаўняюць выставу мастацкія работы Генадзя Чыстага – партрэты сучасных жанчын-маці.

Азнаёміцца з выставай можна да 8 красавіка 2019 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (вул. М.Багдановіча, 7а; тэл.: (017) 334 07 61, (017) 334 42 69, maksimbagdanovich@gmail.com).

26 лютага 2019 г.