Адкрыццё выставы “Партытура жыцця Яўгена Цікоцкага”

26 снежня 2018 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы “Партытура жыцця Яўгена Цікоцкага”, прысвечанай 125-годдзю з дня нараджэння вядомага кампазітара, педагога, народнага артыста СССР.

Яўген Карлавіч Цікоцкі (1893 – 1970) – адзін з заснавальнікаў беларускай кампазітарскай школы. Ён стварыў тры оперы, шэсць сімфоній, фартэпіянны канцэрт, трыа для скрыпкі, віяланчэлі і фартэпіяна, шэраг вакальных твораў для салістаў і хору, апрацаваў некалькі дзясяткаў беларускіх народных песняў, напісаў вялікую колькасць музыкі да драматычных спектакляў і фільмаў. Актыўную кампазітарскую працу Я. Цікоцкі сумяшчаў з вялікай грамадска-музычнай дзейнасцю: дапамагаў самадзейным кампазітарам, з’яўляўся членам журы ўсесаюзных конкурсаў.

На выставе экспануюцца фотаздымкі кампазітара, аўтографы і выданні партытур яго твораў, артыкулы самога Я. Цікоцкага і манаграфіі пра яго. Большасць гэтых дакументаў захоўваецца ў асабістым фондзе кампазітара (ф. 181, воп. 1, 2), які з’явіўся ў БДАМЛМ (тады – ЦДАЛМ) у 1973 г. дзякуючы яго дачцы Кіры Цікоцкай. Пазней былі таксама паступленні з музфонду БССР (1984) і ад музыказнаўцы Тамары Дубковай (1994), частка дакументаў сабрана супрацоўнікамі аддзела камплектавання. Сёння фонд Я. Цікоцкага налічвае 243 адзінкі захоўвання.

Адкрыла мерапрыемства дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка, якая расказала пра камплектаванне фонду і яго змест. Адмыслова запрошаным госцем быў унук кампазітара, кандыдат філалагічных навук, дацэнт БДУ Аляксандр Цікоцкі. Ён прыгадаў яркія факты біяграфіі свайго знакамітага дзеда, падзяліўся ўспамінамі дзяцінства, ахвотна адказаў на пытанні прысутных. З паведамленнем пра спадчыну Я. Цікоцкага выступіла таксама загадчыца аддзела навуковага апісання дакументаў асабістага паходжання БДАМЛМ Валянціна Данекіна. А вядучы навуковы супрацоўнік Віктар Жыбуль правёў экскурсію па выставе і распавёў пра найбольш цікавыя экспанаты з фонду Я. Цікоцкага.

Фотаздымкі з мерапрыемства змешчаны тут.

27 снежня 2018 г.