Адкрыццё выставы "Іван Мележ "Людзі на балоце"

4 кастрычніка 2017 года ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё другой выставы з цыкла “Літаратура ў мастацтве”. Праект арганізаваны для папулярызацыі мастацкай літаратуры праз лепшыя ўзоры беларускага кінематографа, тэатральнага і выяўленчага мастацтва.

Чарговая выстава прысвечана раману народнага пісьменніка БССР Івана Мележа “Людзі на балоце” і аднайменнаму мастацкаму фільму, знятаму на кінастудыі “Беларусьфільм” у 1981 годзе (рэж. В.Тураў). У стварэнні выставы прымалі удзел: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, Музей гісторыі тэатральнай і музыкальнай культуры Рэспублікі Беларусь, Хойніцкі раённы краязнаўчы музей, Пружанская раённая бібліятэка імя М.Засіма.

Архіў-музей прадставіў на выставе дакументы, якія адлюстроўваюць гісторыю стварэння мастацкага фільма “Людзі на балоце”: літаратурны і рэжысёрскі сцэнарыі, справу фільма, альбомы фотапроб акцёраў, мантажныя запісы, пратакол прыёмкі пастановачнага праекту фільма, дазвольнае пасведчання мастацкага фільма, фатаграфіі кадраў з фільма і інш. На выставе таксама можна пабачыць рукапісы Івана Мележа: чарнавыя накіды рамана “Людзі на балоце”.

Падчас адкрыцця выставы сваімі ўражаннямі ад знаёмства з творчасцю Івана Мележа падзялілася мастак Наталля Паплаўская, якая ілюстравала першае выданне рамана. Успамінамі аб здымках мастацкага фільма падзяліліся аператар, рэжысёр, сцэнарыст Дзмітрый Зайцаў і член Савета мэтраў пры генеральным дырэктару Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Ізольда Кавелашвілі.

Азнаёміцца з выставай можна ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь да 27 кастрычніка 2017 года. Звяртаем увагу, што ўваход у бібліятэку ажыццяўляецца па прад’яўленні білета чытача альбо пашпарта.

6 кастрычніка 2017 г.