Адкрыццё выставы да 150-годдзя кампазітара В. А. Залатарова

13 красавіка 2022 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы “В.А.Залатароў – заснавальнік кампазітарскай школы Беларусі” да 150-годдзя з дня нараджэння педагога і кампазітара, народнага артыста БССР. На адкрыцці выставы прысутнічалі архівісты і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з выкладчыкам, загадчыкам кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі, кандыдатам мастацтвазнаўства Аленай Васільеўнай Лісавай. А. В. Лісава расказала аб значнасці асобы кампазітара, аб яго плённай педагагічнай дзейнасці на кафедры кампазіцыі Белдзяржкансерваторыі ў 1933-1941 гг. Дырэктар архіва-музея Г. В. Запартыка засяродзіла ўвагу на каштоўнай спадчыне беларускіх кампазітараў старэйшага пакалення, фонды якіх захоўваюцца ў архіўных сховішчах і актыўна выкарыстоўваюцца навукоўцамі.

Аўтар выставы, вядучы архівіст Т. В. Кекелева азнаёміла прысутных з жыццёвым і творчым шляхам Васіля Андрэевіча Залатарова (1872-1964), выпускніка Пецярбургскай кансерваторыі, які ў Беларусі падрыхтаваў два выпускі студэнтаў – будучых выдатных кампазіраў і дзеячаў культуры А. Багатырова, У. Алоўнікава, Л. Абеліёвіча, І. Жыновіча, М. Крошнера, П. Падкавырава, Д. Лукаса, С. Нісневіч, В. Яфімава і інш. На працягу ўсёй педагагічнай дзейнасці ён прапаведаваў сваім вучням рэалістычныя прынцыпы, характэрныя для эстэтыкі рускай акадэмічнай кампазітарскай школы. Вялікую ўвагу надаваў ролі фальклору ў аўтарскай творчасці, падтрымліваў збіранне, вывучэнне і апрацоўку народных песень і танцаў для розных інструментаў.

На выстаўцы прадстаўлена музычная спадчына кампазітара: клавіры і партытуры асобных частак 1, 2 і 3 сімфоній, опер “Дзекабрысты” (1924), “Хвесько Андзібер” (1929) і “Ак-Гюль” (1941), пралог да балета “Князь-возера” (1949), пастаўленага на сцэне Тэатра оперы і балета БССР. У экспазіцыі – асабовая справа В. А. Залатарова – сябра Саюза камспазітараў БССР, рукапіс успамінаў пра сваіх знакамітых настаўніках М. А. Балакірава і М. А. Рымскага-Корсакава, вёрстка 3-га выдання яго кнігі “Фуга” – дапаможніка для студэнтаў, цудам захаваныя пейзажныя замалёўкі кампазітара, рэдкія нотныя выданні, фотаздымкі з беларускімі кампазітарамі, са студэнтамі, з сям’ёй і інш.

Фатаграфіі з мерапрыемства.

14 красавіка 2022 г.