Завершана навуковае апісанне фонду № 226 (вопіс № 1) жывапісца, народнага мастака Беларусі Яўгена Аляксеевіча Зайцава

Зайцаў Яўген Аляксеевіч нарадзіўся 3 студзеня 1908 г. (21 снежня 1907 г.) у г. Невелі Віленскай губерні (цяпер Пскоўская вобласць, Расія). У 1914 г. разам з бацькамі пераехаў у г. Віцебск. У 1916 г. паступіў у падрыхтоўчы клас Аляксандраўскай гімназіі. У пачатку 1917 г. перавёўся ў прыватную гімназію І.Р. Неруша, пасля рэвалюцыі рэарганізаваную ў 1-ю савецкую працоўную школу. У 1920 г. быў прыняты ў Мастацкі практычны інстытут у майстэрню Марка Шагала. Па сямейных абставінах перапыніў навучанне і пераехаў у м. Калышкі (цяпер Лёзненскі раён, Віцебская вобласць). Перайшоў у 6 клас і ў 1924 г. скончыў школу ў г. Лёзна. У 1926 г. спрабаваў паступіць на рабочыя курсы пры Інстытуце імя А.І. Герцэна Пададдзела прафесійнай адукацыі Ленінградскага абласнога аддзела народнай адукацыі. З 1926 г. да 1930 г. вучыўся ў Беларускім мастацкім тэхнікуме ў г. Віцебску (на першым курсе – на аддзяленні керамікі, з другога – на аддзяленні жывапісу) у В.В. Волкава, М.А. Керзіна, М.В. Лебедзевай, М.П. Міхалапа. Летам-восенню 1930 г. працаваў мастаком-афарміцелем на Мінскай сельскагаспадарчай выстаўцы. У студзені 1931 г. быў накіраваны Наркамасветы БССР на навучанне ў Інстытут пралетарскага выяўленчага мастацтва ў г. Ленінградзе (цяпер – Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна). Першыя два гады займаўся на аддзяленні манументальнага жывапісу ў К.С. Пятрова-Водкіна, наступныя – станкова-бытавога жывапісу ў А.А. Асьмёркіна. У снежні 1937 г. скончыў інстытут і вярнуўся ў г. Мінск, дзе з 1938 да 1941 гг. узначальваў Курсы па павышэнні кваліфікацыі маладых мастакоў. У [1941]-1942 гг. служыў інжынерам-маскіроўшчыкам і тэхнікам-інтэндантам І рангу аператыўнага аддзялення штаба 38-й сапёрнай брыгады [Беларускі фронт]. У 1943-1944 гг. знаходзіўся ў распараджэнні Беларускага штаба партызанскага руху ў г. Масква, удзельнічаў у афармленні выданняў “Партизанская дубинка” і сатырычнай газеты-плаката “Раздавим фашистскую гадину”. З другой паловы 1940-х гг. знаходзіўся на творчай працы.

У 1931 г. выканаў першую манументальную работу – фрэску “Собрание в колхозе”. З 1935 г. удзельнічаў у рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выстаўках. Працаваў у жанрах: сюжэтна-тэматычная карціна (“Чапаев” (1937), “Вступление Красной Армии в Минск в 1920 году” (1940), “Похороны героя” (1946), “Парад партизан в 1944 году в Минске” (1947), “Оборона Брестской крепости в 1941 году” (1950), “Константин Заслонов” (1957), трыпціх “Моя республика в огне Отечественной” (1966-1967), “Реквием. Клятва Ильичу” (1970) і інш.); партрэты (“Портрет народной артистки БССР Александры Николаевой” (1943), “Портрет юного партизана” (1943), “Портрет лауреата Сталинской премии поэта Максима Танка” (1948) і інш.); пейзажы (“Пейзаж с рекой” (1945), “Абхазия. Эвкалиптовая роща” (1948), “Осень. Кавказ” (1949), “Припять” (1955), “Опушка леса” (1957) і інш.); выканаў роспіс фае Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР (1940) (страчаны), у сааўтарстве з І.Ц. Ціханавым аформіў інтэр’ер і экстэр’ер кінатэатра “Пионер” у г. Мінску (1964/1965).

З 1940 г. сябра Саюза мастакоў БССР, у 1948-1951 гг. старшыня яго праўлення. З 1963 г. – народны мастак Беларусі, з 1973 г. – член-карэспандэнт Акадэміі мастацтваў СССР.

Узнагароджаны ордэнамі “Дружба народов”, “Знак Почёта” (двойчы), Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі (у т.л. “За оборону Москвы”), пяццю ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета СССР.

Я.А. Зайцаў памёр 13 верасня 1992 г. Пахаваны ў г. Мінску.

Творы Я.А. Зайцава знаходзяцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і фондах Беларускага саюза мастакоў.

Дакументы Я.А. Зайцава паступілі ў БДАМЛМ ад самога мастака ў 1978 г. У выніку навуковага апісання быў складзены вопіс № 1, у які ўвайшлі 49 спраў (118 дак.) за 1927-1978 гг.

Вопіс складаецца з 4 раздзелаў:

  • “Фатаграфіі работ Я.А. Зайцава і інш.”: рэпрадукцыя і фатаграфіі малюнкаў на ваенную тэму, партрэтаў, пейзажаў і інш. і артыкул.
  • “Пісьмы да Я.А. Зайцава”: пісьмы ад мастакоў, мастацтвазнаўцаў і інш., пісьмы ад іншых асоб і пісьмы ад устаноў.
  • “Дакументы да біяграфіі Я.А. Зайцава”: асабістыя дакументы Я.А. Зайцава, дакументы пра яго і з яго ўпамінаннем.
  • “Выяўленчыя дакументы”: фатаграфіі Я.А. Зайцава, індывідуальныя і ў групах.

10 снежня 2019 г.