Новыя дакументы замежных беларусаў у БДАМЛМ

На пачатку студзеня 2016 г. у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва былі перададзеныя новыя дакументы беларусаў са Злучаных Штатаў Амерыкі. Каштоўная пасылка была адпраўлена архівістам і даследчыкам беларускай эміграцыі Лявонам Юрэвічам і ўтрымлівае дакументы і друкі, якія захоўваліся ў Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Сярод перададзенага можна вылучыць некалькі груп дакументаў. Найбольшую з іх складаюць канспекты заняткаў і дапаможныя матэрыялы для выкладання беларускай мовы і літаратуры ў розных класах беларускіх школ у лагерах для перамешчаных асобаў у паваеннай Германіі. Гэтыя матэрыялы належаць настаўніцы Апалоніі Савёнак, аўтарцы аднаго з першых беларускіх лемантароў, выдадзеных беларусамі-уцекачамі ў другой палове 1940-х гг. Новыя дакументы, разам з перададзенымі ў БДАМЛМ раней спісамі вучняў, класнымі журналамі і інш., могуць стаць выдатнай асновай для даследавання гісторыі беларускай педагогікі на чужыне.

Другая група дакументаў належыць да асабістага архіву Антона Адамовіча. У новаперададзенай частцы ўтрымліваюцца рукапісы твораў пісьменніка і публіцыста з 1940-х гг., у тым ліку рукапіс апавядання “Каханы горад”. Ёсць таксама і біяграфічныя дакументы з часоў працы дзеяча настаўнікам у Кіраве ды з перыяду пераезду і побыту ў ЗША, і іншае. Такім чынам, фонд Антона Адамовіча ў БДАМЛМ працягвае папаўняцца.

Яшчэ адну групу дакументаў складаюць рэдакцыйныя матэрыялы часопіса “Беларус у Амерыцы”. Тут захаваліся праекты вокладак, матэрыялы, што дасылаліся ў рэдакцыю.

У перададзеным таксама можна знайсці арыгінальны машынапіс з рукапіснымі дадаткамі працы Вітаўта Тумаша, прысвечанай Яўхіму Карскаму, творчыя дакументы і паперы з грамадскай дзейнасці Лявона Савёнка, некаторыя друкаваныя выданні амерыканскіх беларусаў. Усяго новая пасылка складалася з 7 вялікіх капэртаў з дакументамі, якія папоўняць фонды замежных беларусаў у БДАМЛМ.

Архіў-музей выказвае падзяку Лявону Юрэвічу і Беларускаму інстытуту навукі і мастацтва за дасланыя каштоўныя дакументы і спадзяецца, што папаўненне фондаў будзе працягвацца з удзелам і прадстаўнікоў іншых арганізацый ды краін беларускага замежжа.

Наталля Гардзіенка