Новыя дакументы з БІНіМа (Нью-Ёрк)

У студзені 2017 г. намаганнямі даследчыка эміграцыі Лявона Юрэвіча ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва былі дасланы дзве скрыні дакументаў з архіўных збораў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Цягам дзесяцігоддзяў БІНіМ збіраў дакументы пісьменнікаў, мастакоў, музыкаў, навукоўцаў, а таксама беларускіх арганізацый з розных краінаў свету. Цяпер, дзякуючы дзейнасці навукова-творчай ініцыятывы “Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа” ў БДАМЛМ, эміграцыйныя архівы актыўна прыходзяць у Беларусь.

У атрыманых з Нью-Ёрка скрынях машынапісы і рукапісы Антона Адамовіча, Наталлі Арсенневай, Льва Акіншэвіча, Вітаўта Тумаша і інш., карэспандэнцыя айца Аляксандра Надсана, Аляксандра Ружанцова, Янкі Ліманоўскага, Аляксандра Лашука, Янкі Станкевіча, Міколы Панькова, Янкі Чарапука-Змагара і дзясяткаў іншых дзеячаў з Аргенціны, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Францыі. Акрамя таго, са збораў БІНіМа ў БДАМЛМ трапілі дакументы рэдакцыі газеты “Бацькаўшчына” (Мюнхен), Рады БНР і інш. Усе дакументы папоўняць фонд Беларускага інстытута навукі і мастацтва, а таксама іншыя фонды замежных беларусаў і калекцыі БДАМЛМ.

Архіў-музей выказвае шчырую ўдзячнасць БІНіМу і Лявону Юрэвічу за працу па захаванні і вяртанні спадчыны беларускай эміграцыі ў Беларусь.

Пасля навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументы будуць даступныя даследчыкам.

1 лютага 2017 г.