Новыя дакументы з архіва Юрыя Туронка ў БДАМЛМ (13.10.2015)

Днямі фонды Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва папоўніліся новымі дакументамі з асабістага архіва беларускага гісторыка з Польшчы Юрыя Туронка.

Гэтая ўжо другая частка дакументаў, перададзеных сёлета (першая паступіла ўвесну), складаецца з 20 тэчак. Сярод атрыманага можна знайсці ліставанне гісторыка з Мар’янам Пецюкевічам, Язэпам Найдзюком, Аляксеем Каўкам і інш. Асобна варта адзначыць перапіску Юрыя Туронка з айцом Аляксандрам Надсанам, што трывала ад 1970-х да 2000-х гадоў.

Асабліва каштоўныя матэрыялы, сабраныя Юрыем Туронкам пра сваіх бацькоў. Сярод перададзеных дакументаў можна знайсці арыгінал атэстата спеласці Браніслава Туронка, атрыманага ім у Яраслаўскай гімназіі ў 1917 г., пасведчання на права лекарскай практыкі, здымкі з 1917—1920-х гг.

Звяртае на сябе ўвагу і асобнік першага нумара студэнцкага часопіса “Наш шлях” (1922), дзе друкаваліся тэксты Наталлі Арсенневай, Зоські Верас, Антона Навіны і інш.

Сярод іншых дакументаў, перададзеных Юрыем Туронкам на захаванне ў БДАМЛМ, можна згадаць матэрыялы ўдзелу ў навуковых канферэнцыях, кангрэсах Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Першым З’ездзе беларусаў свету і г. д., ліставанне з рэдакцыямі і выдавецтвамі, дакументы адносна дактарату.

Згаданыя дакументы будуць далучаны да асабістага фонду Юрыя Туронка ў БДАМЛМ.

Архіў-музей выказвае падзяку гісторыку Юрыю Грыбоўскаму за дапамогу ў перапраўцы згаданых архіўных каштоўнасцей з Варшавы ў Мінск.

Наталля Гардзіенка