Дакументы да гісторыі беларускага скаўтынгу, студэнцтва і выдавецкай справы ў Заходняй Еўропе, дасланыя ў БДАМЛМ

У снежні 2016 г. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і масцтацтва атрымаў дзве новыя пасылкі з-за акіяну. Д-р Янка Запруднік з ЗША цягам доўгіх гадоў дасылае ў Беларусь захаваныя ў ягоным архіве як уласныя дакументы, гэтак і дакументы арганізацый, у якіх ён браў удзел, ці асобаў, з якімі быў знаёмы.

Гэтым разам сярод дасланага можна ўбачыць адметную частку архіваў скаўцкіх беларускіх арганізацый: кнігі карэспандэнцыі, перапіска, метадычныя матэрыялы і выданні скаўтаў, нават скаўцкія сцягі. Акрамя таго, д-р Янка Запруднік даслаў дакументы Беларускага студэнцкага згуртавання ў Бельгіі, Беларускага нацыянальнага камітэта ў Нямеччыне, рэдакцыі мюнхенскай газеты “Бацькаўшчына” і інш. Такім чынам, эміграцыйныя фонды БДАМЛМ працягваюць папаўняцца.

Мы выказваем шчырую ўдзячнасць за дасланае д-ру Янку Запрудніку.

Пасля навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументы будуць даступныя даследчыкам.

3 студзеня 2017 г.