Віртуальная выстава "Як рупная пчала": Доктару Вітаўту Кіпелю, бібліёграфу, навукоўцу, дзеячу беларускай дыяспары ў ЗША — 90!

Вітаўт Кіпель. 1991 г.
Яўхім і Марыя Кіпелі з сынам Вітаўтам. Налінск, 8 жніўня 1932 г.
Школьнае пасведчанне Вітаўта Зубкоўскага (Кіпеля). Мінск, 1943 г.
Вітаўт Кіпель з маці Марыяй Зубкоўскай. Берлін, 1944 г.
Беларускія скаўты. Вітаўт Кіпель – стаіць першы ў апошнім шэрагу. Рэгенсбург, 1946 г.
Пасведчанне Вітаўта Кіпеля як выпускніка 7-га класа Беларускай гімназіі ў Рэгенсбургу. 1947 г.
Пасведчанне Вітаўта Кіпеля як выпускніка 7-га класа Беларускай гімназіі ў Рэгенсбургу. 1947 г.
Скаўцкае пасведчанне Вітаўта Кіпеля. 1948 г.
Скаўцкае пасведчанне Вітаўта Кіпеля. 1948 г.
Ды-Пі-карта, выдадзеная Вітаўту Кіпелю ў беларускім лагеры ў Міхельсдорфе  (Германія). 1948 г.
Пасведчанне Вітаўта Кіпеля як ліцэнцыята Лювенскага ўніверсітэта. 1953 г.
Вітаўт Кіпель з асістэнтам ў лабараторыі мінералогіі і аналітычнай хіміі Лювенскага універсітэта. 1954 г.
Бельгійскі падарожны дакумент (замежны пашпарт) Вітаўта Кіпеля. 1955 г.
Бельгійскі падарожны дакумент (замежны пашпарт) Вітаўта Кіпеля. 1955 г.
Вясельны здымак Вітаўта і Зоры Кіпеляў. Пасейк, 25 лютага 1956 г.
Перад царквой у Брукліне (злева направа): Янка Жытка,  Галіна Ганчарэнка, Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік. 1957 г.
Сем’і Кіпеляў і Савёнкаў. Сядзяць (злева направа): Апалонія Савёнак, Зора Кіпель, Марыя Кіпель; стаяць (злева направа): Лявон Савёнак, Юрка, Вітаўт, Алеся і Яўхім Кіпелі. 1960-я гг.
Пасведчанне Вітаўта Кіпеля як прафесійнага бібліятэкара, атрыманае ў Нью-Ёркскім гарадскім універсітэце. 1971 г.
Губернатар Брэндан Бэрн (сядзіць у цэнтры) падпісвае пракламацыю аб абвяшчэнні 25 сакавіка Днём беларускай спадчыны ў штаце Нью-Джэрсі. Вітаўт і Зора Кіпелі стаяць першыя злева. Сядзяць побач з губернатарам Галіна Русак і Пётр Кажура. Трэнтан, 1975 г.
На канферэнцыі ў Атаўскім універсітэце: Вітаўт Кіпель і Янка Запруднік. 1975 г.
Ліст Вітаўту Кіпелю ад прэзідэнта ЗША Джэральда Форда. 1976 г.
Перадача беларускай скаўцкай ліліі, зробленай з дрэвай майстам Алегам Махнюком, у Амерыканскі музей скаўтынгу. Злева направа: Юрка Кіпель, Юрка Драздоўскі, Альгерд Кажура, Ільмар Плеер (дырэктар музея), Юрка Азарка, Вітаўт Кіпель. 1970-я гг.
Вітаўт Тумаш, Вітаўт Кіпель і Антон Шукелойць у Славянскім аддзеле Ньюёрскай Публічнай Бібліятэкі
Праграма канферэнцыі Гістарычнага таварыства Нью-Джэрсі “Этнічнасць – гуманістычная перспектыва” з удзелам Вітаўта Кіпеля. Універсітэт Сэтан-Хол (Нью-Джэрсі), 1978 г.
Праграма канферэнцыі Гістарычнага таварыства Нью-Джэрсі “Этнічнасць – гуманістычная перспектыва” з удзелам Вітаўта Кіпеля. Універсітэт Сэтан-Хол (Нью-Джэрсі), 1978 г.
На Беларускім фестывалі ў Нью-Джэрсі. Злева направа: Леў Стагановіч, Вітаўт Кіпель, Лявон Літаровіч. 1978 г.
Зацемка ў газеце “Беларус” пра сустрэчу Вітаўта Кіпеля з Прэзідэнтам ЗША Джымі Картэрам.
Вітаўт Кіпель на выставе
Праграма 14-ай Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, з выступамі Вітаўта, Зоры і Алесі Кіпеляў. Кліўленд, 1980 г.
Праграма 14-ай Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, з выступамі Вітаўта, Зоры і Алесі Кіпеляў. Кліўленд, 1980 г.
Праграма канферэнцыі па пытаннях суадносінаў этнічнасці, расы і занятасці з ўдзелам Вітаўта Кіпеля. Нью-Брансвік, 1981 г.
Праграма канферэнцыі па пытаннях суадносінаў этнічнасці, расы і занятасці з ўдзелам Вітаўта Кіпеля. Нью-Брансвік, 1981 г.
Запрашэнне на інаугурацыю прэзідэнта ЗША Рональда Рэйгана.
Вокладка кнігі Вітаўта Кіпеля “Byelorussian-Americans and Their Community in Cleveland”. 1982 г.
Праграма сімпозіюму “Кнігазнаўства ў Савецкім Саюзе і Усходняй Еўропе” з удзелам Вітаўта і Зоры Кіпеляў. Вашынгтон, 1985 г.
Праграма сімпозіюму “Кнігазнаўства ў Савецкім Саюзе і Усходняй Еўропе” з удзелам Вітаўта і Зоры Кіпеляў. Вашынгтон, 1985 г.
Сустрэча з Вольгай Корбут. Злева направа: Вольга Корбут, Зора і Вітаўт Кіпелі, Данчык. 1988 г.
Антон Шукелойць, Антон Адамовіч і Вітаў Кіпель.
Янка Запруднік і Вітаўт Кіпель у рэдакцыі Радыё “Свабода”. Нью-Ёрк, 1988 г.
Першая старонка машынапісу ўспамінаў Вітаўта Кіпеля аб працы на Радыё “Свабода”.
Вітаўт Кіпель з Папам Янам Паўлам ІІ. 1990 г.
Антон Шукелойць, Зора і Вітаўт Кіпелі. Нью-Ёрк, 1990 г.
Вітаўт і Зора Кіпелі ў Мінску. 1991 г.
Зора і Вітаўт Кіпелі святкуюць абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Жнівень, 1991 г.
Адкрыццё беларускай мастацкай выставы ва ўніверсітэце Віланова (Пенсільванія).
Вокладка першага мінскага выдання “Беларусаў у ЗША”. 1993 г.
У амерыканскай амбасадзе ў Мінску (справа налева): Вітаўт, Зора і Алеся Кіпелі і Янка Запруднік. 1994 г.
Кароткія нататкі-успаміны Вітаўта Кіпеля.
На Другім міжнародным кангрэсе ў абарону дэмакратыі і культуры. У цэнтры: Вітаўт Кіпель і Васіль Быкаў. 1995 г.
Вітаўт Кіпель. Мінск, 1995 г.
Юры Хадыка, Зора Кіпель, Васіль Быкаў, Вітаўт Кіпель, Дзмітры Бугаёў, Адам Мальдзіс, Уладзімір Конан. Іслач, 1995 г.
Вітаўт Кіпель, Васіль Быкаў, Ганна Сурмач, Зора Кіпель, Радзім Гарэцкі. Прага, 1997 г.
Сям’я Кіпеляў. Стаяць (злева направа): Ларэйн, Юрка і Алеся Кіпелі; сядзяць (другі шэраг): Вітаўт і Зора Кіпелі; сядзяць (першы шэраг): Алесь, Антон і Андрэй Кіпелі. Канец 1990-х гг.
Вокладка амерыканскага выдання “Беларусаў у ЗША”. 1999 г.
На ўгодках М. Каспяровіча ў Пухавіцкай раённай бібліятэцы. У прэзідыюме (злева направа): Н. Гальпяровіч, А. Каспяровіч (сын М. Каспяровіча), Г. Запартыка, В. Кіпель, В. Скалабан. У залі: Г. Жукава, Т. Кекелева. Фота М. Лявонава. 18-19.05.2000.
Вітаўт Кіпель выступае ў БДАМЛМ. Побач Ганна Запартыка і Віталь Скалабан. 2000 г.
Удзельнікі канферэнцыі перад уваходам у БДАМЛМ. У цэнтры – Вітаўт Кіпель. 2000 г.
Вітаўт Кіпель у Фундацыі П. Крэчэўскага. 2000-я гг.
Вокладка другога беларускага выдання кнігі Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША”. 2017 г.

"Як рупная пчала": Доктару Вітаўту Кіпелю, бібліёграфу, навукоўцу, дзеячу беларускай дыяспары ў ЗША – 90!

Даследчык, бібліёграф, беларускі грамадскі дзеяч у ЗША Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 мая 1927 г. у Мінску. Яго бацька Яўхім Кіпель, былы вайсковец, працаваў у Інбелкульце, а маці Марыя Зубкоўская была настаўніцай. У 1930 г. бацька быў арыштаваны па справе Саюза вызвалення Беларусі і высланы на пяць гадоў у Вяцкую вобласць. У1933 г. следам за мужам паехала і Марыя з сынам Вітаўтам. Толькі ў 1942 г. сям’я змагла вярнуцца ў Мінск, а праз два гады назаўсёды пакінула Бацькаўшчыну.

Па сканчэнні Другой сусветнай вайны Вітаўт Кіпель апынуўся ў лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. Тут ён скончыў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы, актыўна займаўся скаўтынгам. На пачатку 1950-х Вітаўт Кіпель паступіў на геалагічны факультэт Лювенскага каталіцкага ўніверсітэта (Бельгія), які скончыў у 1955 г. са ступенню доктара мінералогіі. Тады ж у Бельгіі ён актыўна заангажаваўся ў жыцці мясцовай беларускай грамады, выконваючы абавязкі намесніка старшыні Саюза беларусаў Бельгіі.

У 1956 г., пасля пераезду на сталае жыхарства ў ЗША, Вітаўт Кіпель ажаніўся з Зорай Савёнак, якая стала і вернай спадарожніцай жыцця, і маці дваіх дзяцей (Алесі і Юркі), і апорай ды супрацоўніцай у грамадска-культурнай працы.

Першапачаткова ў ЗША Вітаўт Кіпель працаваў у розных навукова-вытворчых фірмах, у Балтымарскім універсітэце (штат Мэрыленд). А ў 1959 г. ён уладкаваўся ў Даследчы цэнтр навукі і тэхналогіі Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі. Тут працаваў у тым ліку і на пасадзе выканаўчага дырэктара да 1985 г.

Адначасова Вітаўт Кіпель падпрацоўваў у нью-ёркскай беларускай рэдакцыі радыё “Свабода” і займаўся грамадскай дзейнасцю: удзельнічаў у арганізацыі беларускіх мерапрыемстваў, выставаў, канферэнцый. У 1976—1978 гг. ён быў галоўным ініцыятарам, арганізатарам і дырэктарам знакамітых беларускіх фестываляў у Нью-Джэрсі, што збіралі па колькі тысяч наведнікаў.

У 1970-х гг. Вітаўт Кіпель актыўна заангажаваўся ў амерыканскі рэспубліканскі рух. У 1972—1982 гг. быў старшынёй Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў, у 1974 г. абраны на старшыню Рэспубліканскай федэрацыі штата Нью-Джэрсі. У гэты ж час Вітаўт Кіпель стаў рэдактарам газеты нью-джэрсійскіх рэспубліканцаў “Herіtage Revіew” (“Агляд спадчыны”). А ў 1978—1982 гг. — старшынёй Этнічнай рады Нью-Джэрсі. За сваю дзейнасць у справе развіцця этнічных супольнасцей ЗША ў 1975 г. Вітаўт Кіпель быў узнагароджаны медалём Паняволеных народаў Эйзенхаўэра.

Аднак асноўная дзейнасць Вітаўта Кіпеля заўсёды была звязана з кнігамі. У ЗША ён атрымаў дадатковую бібліятэчную адукацыю і, працуючы ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, збіраў матэрыялы для сваёй працы па гісторыі беларускай прысутнасці ў ЗША. У 1982 г. выйшла англамоўная кніга Вітаўта Кіпеля пра беларусаў Кліўленда “Byelorussian-Americans and Their Community in Cleveland”. Аднак самай вядомай і грунтоўнай сталі “Беларусы ў ЗША”. Кніга пабачыла свет у Беларусі ў 1993 г., і ў ЗША ў 1999 г. А сёлета ў Мінску выйшла другое, дапрацаванае і дапоўненае выданне.

Вітаўт Кіпель заўсёды быў актыўным сябрам Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, а ў 1982 г. — стаў дырэктарам гэтай установы. У выніку актывізавалася кніга-выдавецкая дзейнасць інстытута, сталі з’яўляцца грунтоўныя выданні і з удзелам кіраўніка. У 1985 г. выйшла ўкладзеная Зорай і Вітаўтам Кіпелямі вялікая бібліяграфія “Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе”, у 1988 г. — іх жа “Беларуская дзяржаўнасць. Хрэстаматыя і бібліяграфія = Byelorussian Statehood. Reader and Bibliography”. У 2002 г. пабачыла свет створаная Вітаўтам Кіпелем і Змітром Саўкам яшчэ адна бібліяграфія “Беларускія слоўнікі і энцыклапедыі”.

Бібліяграфічнай працай Вітаўт Кіпель разам з жонкай Зорай займаліся цягам усяго амерыканскага жыцця. Яны сабралі каласальную калекцыю беларускіх выданняў, на падставе якой з’явілася найгрунтоўнейшая бібліяграфія “Беларускі друк на Захадзе”, якая на сёння вытрымала ўжо два выданні. Большая частка ўлічаных у ёй каля чатырох тысяч паасобных друкаў, і сотні перыёдыкаў, сабраныя Кіпелямі, былі перададзеныя ў Нью-Ёркскую публічную бібліятэку як асобная калекцыя.

Ад пачатку 1990-х гг. Вітаўт і Зора Кіпелі сталі часта наведваць Беларусь: удзельнічаць у з’ездах, кангрэсах, канферэнцыях. Сярод іншага, усталяваліся кантакты і з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва. У выніку, дзякуючы Вітаўту Кіпелю, ад 1990-х пачалі вяртацца на Бацькаўшчыну эміграцыйныя архівы і захаваныя замежнымі беларусамі нацыянальныя скарбы. І гэтая архіўная супраца працягваецца дасёння.

Змешчаная тут выстава заснавана на дакументах, перададзеных дзеячам у наш архіў-музей цягам апошніх дзесяцігоддзяў. Прадстаўленыя фотаздымкі, машынапісы і іншыя дакументы адлюстроўваюць розныя перыяды і сферы жыцця і дзейнасці Вітаўта Кіпеля. Гэтай выставай мы хацелі б не толькі распавесці пра гэтага руплівага працаўніка на ніве беларушчыны, але і павіншаваць яго з паважным юбілеем і падзякаваць за ўсё тое, што ён зрабіў і працягвае рабіць для нашага архіва-музея.

23 мая 2017 г.