“Яго зброя – сатыра”: віртуальная выстава да 120-годдзя народнага пісьменніка БССР Кандрата Крапівы

К.Крапіва. 1960-я. Ф. 371. Воп. 1. Адз. зах. 42. Л. 5.
Аўтабіяграфія К.Крапівы. Аўтарызаваны машынапіс. 1958-1962. Ф. 189. Воп. 1. Адз. зах. 14. Лл. 1, 15.
К.Крапіва з жонкай і сынам Барысам. 1928. Ф. 407. Воп. 1. Адз. зах. 230. Л. 1.
Анкета дэлегата І-га з’езда паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”. 24.11.1925. Ф. 225. Воп. 1. Адз. зах. 6. Л. 22.
К.Крапіва. Верш “Лісі хвост і воўчы клык”. Аўтограф. 1941. Ф. 259. Воп. 1. Адз. зах. 485. Лл. 2-2адв.
М.І.Аладаў. “Калядная размова”. Музычны жарт для тэнара і барытона. Словы К.Крапівы. Партытура. 1929. Ф. 416. Воп. 1. Адз. зах. 292. Л. 1.
К.Крапіва сярод удзельнікаў спектаклю “Хто смяецца апошнім?” тэатра імя Я.Купалы (рэж. І.М. Раеўскі, Л.Г.Рахленка). 1939. Ф. 129. Воп. 2. Адз. зах. 228. Л. 2.
Фатаграфія са здымак фільма “Хто смяецца апошнім?” на кінастудыі “Беларусьфільм” (рэж. У.Корш-Саблін). 1954. Ф. 367. Воп. 1. Адз. зах. 27. Л. 7.
Фатаграфія са здымак фільма “Хто смяецца апошнім?” на кінастудыі “Беларусьфільм” (рэж. У.Корш-Саблін). 1954. Ф. 367. Воп. 1. Адз. зах. 27. Л. 8.
Фатаграфія са здымак фільма “Хто смяецца апошнім?” на кінастудыі “Беларусьфільм” (рэж. У.Корш-Саблін). 1954. Ф. 367. Воп. 1. Адз. зах. 28. Л. 1.
Партрэт К.Крапівы, зроблены Я.Я.Красоўскім. Мяккі лак. 1970. Ф. 209. Воп. 3. Адз. зах. 52. Л. 1.
Сцэна са спектакля тэатра імя Я.Купалы “Пяюць жаваранкі” (рэж. К.М.Саннікаў). Л.І.Ржэцкая ў ролі Вярбіцкай, І.Ф.Ждановіч у ролі Насці, І.Б.Шаціла ў ролі Міколы Вераса, В.М.Пола ў ролі Паўліны Бохан. 1950. Ф. 367. Воп. 1. Адз. зах. 183. Л. 8.
М.В.Гогаль. Камедыя “Рэвізор”. Пераклад К.Крапівы на бел. мову. Аўтограф, машынапіс. 1950. Ф. 11. Воп. 1. Адз. зах. 24. Лл. 1, 5.
Пісьмо ў Камітэт па Дзяржаўных прэміях БССР па літаратуры, музыцы і мастацтве аб вылучэнні на атрыманне Дзяржаўнай прэміі БССР К.Крапівы за п’есу “Брама неўміручасці”. 1974. Ф. 371. Воп. 1. Адз. зах. 42. Л. 1.

“Яго зброя – сатыра”

Да 120-годдзя з дня нараджэння

народнага пісьменніка БССР

Кандрата Крапівы (1896-1991)

Знакаміты беларускі сатырык, драматург, грамадскі дзеяч Кандрат Крапіва (сапр. Атраховіч Кандрат Кандратавіч) нарадзіўся 5 сакавіка 1896 г. у сялянскай сям’і ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Вучыўся будучы пісьменнік у царкоўна-прыходскай школе ў в. Нізок, Уздзенскім народным вучылішчы, Стаўбцоўскім і Койданаўскім чатырохкласных гарадскіх вучылішчах. Працаваў настаўнікам у земскім народным вучылішчы ў в. Мнішаны на Міншчыне. У 1915-1918 гг. праходзіў службу ў царскай арміі, вучыўся ў Гатчынскай школе прапаршчыкаў, ваяваў на Румынскім фронце. У 1918 г. быў дэмабілізаваны, вярнуўся на Радзіму, дзе працаваў настаўнікам пачатковай школы ў в. Каменка на Уздзеншчыне. Са жніўня 1920 г. да 1923 г. служыў у Чырвонай арміі. Пасля дэмабілізацыі быў прызначаны настаўнікам пачатковай школы на Уздзеншчыне ў в. Астравок.

У 1925 г. пераехаў у Мінск, працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры, быў членам літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, потым “Узвышша”. У 1930 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Працаваў загадчыкам аддзела рэдакцыі часопіса “Полымя рэвалюцыі”. У 1939-1940 гг. удзельнічаў у савецка-фінскай вайне. Пад час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у рэдакцыі газеты “Красноармейская правда”, у франтавой газеце Заходняга фронту “За Савецкую Беларусь”, з сакавіка 1943 г. адказны рэдактар ілюстраванай сатырычнай газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Пасля вайны рэдагаваў сатырычны часопіс “Вожык”.

У 1946 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце I сесіі Генеральнай асамблеі ААН. У 1947-1951 гг. загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, з 1952 г. – дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР, з 1956 г. – віцэ-прэзідэнт АН БССР. У 1982-1989 гг. вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР.

Памёр пісьменнік 7 студзеня 1991 г. у Мінску.

Свой творчы шлях К. Крапіва пачаў як паэт-сатырык. Першы твор – вершаваны фельетон “Жылі-былі”, быў надрукаваны ў 1922 г. у газеце “Красноармейская правда”. Беларускамоўны твор – сатырычны верш “Сваты”, з’явіўся на старонках “Савецкай Беларусі” 23 мая 1922 г. Неўзабаве ў свет выйшлі кнігі сатыры і гумару “Асцё” (1925), “Крапіва” (1925), “Біблія” (1926) і інш., у якіх выразна выявіліся востры гумар, сатыра і надзённасць.

Крапіва паспяхова раскрыўся і як празаік. Яго ўлюбёным жанрам у галіне літаратурнай прозы стала сатырычнае апавяданне. З-пад пяра К. Крапівы выйшлі зборнікі прозы “Апавяданні” (1926), “Людзі-суседзі” (1928), раман “Мядзведзічы” (кн. 1, 1932) і інш.

У пачатку 1930-х гадоў Крапіва звярнуўся да драматургіі. Такія п’есы, як “Канец дружбы”, “Хто смяецца апошнім”, “Пяюць жаваранкі”, “Брама неўміручасці” і інш. з вялікім поспехам ставіліся на тэатральных сцэнах па ўсёй краіне і за яе межамі. За дасягненні ў галіне літаратуры К. Крапіва неаднаразова станавіўся лаўрэатам Дзяржаўных прэмій СССР, Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы.

Кандрат Крапіва актыўна займаўся навуковай і грамадскай дзейнасцю, рэдагаваў “Беларуска-рускі слоўнік” (1962), “Русско-белорусский словарь” (1982), “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” ў 5 тамах (1977-1984) і інш., узначальваў Тэрміналагічную камісію Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Неаднаразова абіраўся дэтутатам, старшынёй Вярхоўнага Савета БССР.

Кандрат Крапіва – народны пісьменнік Беларусі, акадэмік АН Беларусі, доктар філалагічных навук, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны дзеяч навукі БССР.

Пра пісьменніка створаны дакументальны фільм “Кандрат Крапіва” (1983 г.). У яго гонар названы Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Уздзенская сярэдняя школа № 2. Імя Кандрата Крапівы носяць вуліцы ў Мінску і Уздзе.

З нагоды 120-гадовага юбілею Кандрата Крапівы прапануем Вам віртуальную выставу матэрыялаў пра жыццё і творчасць выбітнага майстра слова, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.