XIX Узвышаўскія чытанні (24.05.2019)

24 мая 2019 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі чарговыя Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя Адаму Бабарэку. Знамянальна, што яны прыпалі не толькі на 120-я ўгодкі вядомага літаратурнага крытыка, празаіка і філосафа, але і на 20-ю гадавіну з часу першай навуковай канферэнцыі, арганізаванай архівам-музеем і, дарэчы, таксама прысвечанай А. Бабарэку.

Гэта адзначылі ў прывітальным слове ганаровы архівіст Беларусі, былы першы намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Вольга Бірукова, кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ Міхаіл Шумейка, намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Аляксей Цвяткоў, а таксама дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка, якая выступіла з дакладам “Адам Бабарэка: як збіраўся архіўны фонд”.

Цікавыя даклады, прысвечаныя не толькі А. Бабарэку, але і розным аспектам культурных працэсаў нашай гісторыі і іх адлюстраванню ў дкументах архіва-музея, гучалі таксама на пасяджэннях секцый: “Выгнанне як форма жыцця ў філасофскім асэнсаванні Адама Бабарэкі” Алены Белай, “Адам Бабарэка – бібліёграф” Віктара Жыбуля, «Да гісторыі часопіса “Узвышша” 1944 года» Наталлі Гардзіенка, «“Асабістая справа” Зінаіды Бандарынай (БДАМЛМ) і іншыя матэрыялы да біяграфіі паэткі» Аксаны Данільчык, “Джаз БССР: да Рознера, з ім і пасля (паводле матэрыялаў БДАМЛМ)” Віктара Сямашкі, «Праект “(Не)расстраляныя”: праца з тэмаю рэпрэсіяў у сферы арт-менеджменту» Сяргея Будкіна, «Пераклад рамана  Ю. Алешы “Зайздрасць” як вызначальны факт у творчай біяграфіі Лукаша Калюгі» Аляксандры Чарнавокай, «Сімволіка вобразнай сістэмы рамана Лукаша Калюгі “Пустадомкі”» Ігара Шаладонава, “Творчасць Язэпа Пушчы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі” Наталлі Заяц, “Беларуская шаўчэнкіяна 1920–1930-х гадоў” Жанны Шаладонавай, “Сацыяльны міф і паўсядзённасць у раманах рэвалюцыйнай тэматыкі” Марыны Іаскевіч, «“Па-рознаму адлегласць адмярае час...”: праблемна-тэматычны дыяпазон цыкла вершаў “Маналог” А. Куляшова» Юліі Казак.

Падчас канферэнцыі адбылося адкрыццё выставы “З далін на ўзвышшы”, на якой экспануюцца фотаздымкі, рукапісы і іншыя дакументы з фонду А. Бабарэкі ў БДАМЛМ (ф. 407). На выставачных вітрынах можна пабачыць таксама асабістыя рэчы крытыка (сярод якіх талерка, гадзіннік, гальштук, шахматы), кнігі 1920-х гг. з яго хатняй бібліятэкі, а таксама працы мастакоў Алены і Вадзіма Камаровых – унучкі і праўнука А. Бабарэкі. Адна з вітрын прысвечана вяртанню і сучаснаму навуковаму асэнсаванню творчай спадчыны пісьменнікаў-узвышэнцаў, дзе цэнтральнае месца займае грунтоўны Збор твораў А. Бабарэкі ў 2 тамах, укладзены і адкаментаваны супрацоўнікамі архіва-музея.