Віртуальная выстава да 95-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа

І.П.Мележ. [1950-я гг.]. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 570. Л. 5)
Мележ І.П. “Радзіма”, “У апошні час”. Вершы. Машынапіс з аўтарскай праўкай. 1938-1943 гг. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 87. Лл. 4, 13)
Мележ І.П. “Хто прыйшоў уночы” = “Тварам да твару”. П’еса ў адной дзеі. Варыянт. Выразка з газеты “Чырвоная змена” з аўтарскай праўкай. 21 ліпеня 1945 г. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 76. Л. 1)
Сцэна са спектакля тэатра імя Я.Купалы “Пакуль вы маладыя” (рэж. Л.І.Мазалеўская). С.С.Бірыла ў ролі Аляксея Грачова, В.У.Галіна-Александроўская ў ролі Аляксандры Андрэйчык. 1957 г. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 600. Л. 1)
Мележ І.П. “Мінскі напрамак”. Раман. Кніга другая. “Мінск за небакраем”. Перапрацаваны варыянт. Друкаванае выданне з праўкамі аўтара. 1958 г. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 7. Лл. 2-4)
Мележ І.П. “Мінскі напрамак”. Раман. Кніга другая. “Мінск за небакраем”. Перапрацаваны варыянт. Друкаванае выданне з праўкамі аўтара. 1958 г. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 7. Лл. 2-4)
Пісьмы чытачоў пра раман І.П.Мележа “Мінскі напрамак”. 1955-1956 гг. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 554. Лл. 7, 16-17)
І.П.Мележ з танкістамі пад час работы над раманам “Мінскі напрамак”. 1950 г. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 578. Л. 1)
Гётэ І. “Міньён”. Верш у перакладзе І.П.Мележа з нямецкай мовы. Аўтограф. [1950 г.] (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 294. Л. 1)
Мележ І.П. “Вакол Еўропы”. Блакнот з дзённікавымі запісамі. Аўтограф. 1956 г. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 263. Лл. 1-2)
Мележ І.П. “Людзі на балоце”. Раман. Накіды. Чарнавы аўтограф. 1956-1960 гг. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 27. Лл. 1-2адв)
Сцэны са спектакля тэатра імя Я.Купалы “Людзі на балоце” (рэж. Б.У.Эрын, З.І.Браварская, Г.І.Уладамірская). Г.М.Гарбук у ролі Васіля, Л.М.Давідовіч у ролі Ганны, М.М.Яроменка ў ролі Міканора. 1966 г. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 601. Лл. 2, 3, 5)
І.П.Мележ з акцёрамі тэатра імя Я.Купалы пасля спектакля “Людзі на балоце”. 1966 г. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 581. Л. 2)
Мележ І.П. “Подых навальніцы” = “Навальніца над полем”. Раман. Варыянт. Аўтограф. 1965 г. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 37. Лл. 1-2)
Пісьмы чытачоў пра раманы І.П.Мележа “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”. 1966-1969 гг. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 554. Лл. 57, 65)
І.П.Мележ. [1941 г.]. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 570. Л. 1)
Пастанова ЦК КПСС і СМ СССР аб прысуджэнні Ленінскай прэміі І.П.Мележу за раманы “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”. Копія. 22 красавіка 1972 г. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 414. Лл. 1адв-2)
І.П.Мележ з А.Л.Барто, С.А.Герасімавым, М.С.Ціханавым і інш. пад час уручэння Ленінскіх прэмій. Красавік 1972 г. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 588. Л. 7)
Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб наданні І.П.Мележу ганаровага звання народнага пісьменніка БССР. Выразка з газеты. 19 ліпеня 1972 г. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 415. Л. 1)
Мележ І.П. “Auoros alsavimas”. Урывак з рамана “Подых навальніцы” ў перакладзе І.К.Стралкунаса на літоўскую мову. Выразка з газеты. 6 мая 1972 г. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 295. Л. 1)
Сюжэтны план раманаў І.П.Мележа з цыклу “Палеская хроніка”. Машынапіс з праўкамі аўтара. 1968-1976 гг. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 69. Л. 1)
Мележ І.П. “Завеі, снежань…”. Няскончаны раман. Накіды. Аўтограф. 1970-я гг. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 60. Лл. 32-33, 57-58)
Мележ І.П. “Завеі, снежань…”. Няскончаны раман. Накіды. Аўтограф. 1970-я гг. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 60. Лл. 32-33, 57-58)
Вокладка папкі, у якой І.П.Мележ захоўваў рукапісы сваіх прац. 1947-1965 гг. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 39. Л. 52)
Паўлоўскі З.С. Сяброўскі шарж на І.П.Мележа. 1965 г. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 568. Л. 3)
Мележ І.П. “The force of Fraternity”. Нататка. Выразка з газеты. 28 ліпеня 1957 г. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 158. Л. 2)
Лось Е. “Крымская ростань”. Верш, прысвечаны І.П.Мележу. Выразка з газеты “Літаратура і мастацтва”. 19 красавіка 1974 г. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 500. Л. 2)
І.П.Мележ. [1972 г.]. (Ф. 277. Воп. 1. Адз. зах. 570. Л. 20)

Віртуальная выстава

да 95-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка БССР

Івана Паўлавіча Мележа

(1921 – 1976)

Вядомы беларускі празаік, драматург, публіцыст, народны пісьменнік БССР Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 г. у в. Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Пачатковую адукацыю Іван Мележ атрымаў у Глінішчах, школу-сямігодку скончыў у Алексічах, дзесяцігодку – у Хойніках (1938). У школьныя гады шмат маляваў, удзельнічаў у драматычным гуртку.

Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў у Хойніцкім райкоме камсамола. У 1939 г. паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, але з першага курса быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў на Украіне, у Карпатах. У 1940 г. удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны і Бесарабіі. У 1941 г., з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, Іван Паўлавіч Мележ ваяваў на фронце пад Уманню, Нікалаевам, Сінельнікавым, Лазавой, Растовам-на-Доне.

У чэрвені 1942 г. пад Растовам быў цяжка паранены і пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. Жыў у г. Бугуруслане Арэнбургскай вобласці (дзе завочна вучыўся на літаратурным факультэце Малдаўскага педінстытута). У 1943-1944 гг. выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які ў той час знаходзіўся на станцыі Сходня пад Масквой. Адначасова завочна вучыўся на філалагічным факультэце БДУ. Скончыў вучобу ў 1945 г. ужо ў г. Мінску. У 1945-1948 гг. вучыўся ў аспірантуры пры БДУ. Пісаў дысертацыю па творчасці Кузьмы Чорнага. Адначасова працаваў у рэдакцыі часопіса “Полымя” (1945-1947 гг.).

З 1945 г. Іван Мележ – член Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР.

У 1948-1951 гг. працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў БДУ, у 1950-1951 гг. – кансультантам аддзела прапаганды і агітацыі па пытаннях літаратуры ЦК КПБ.

У 1966 г. Іван Паўлавіч Мележ быў абраны сакратаром, а ў 1971 г. намеснікам старшыні праўлення СП БССР.

Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967-1976), быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнага Савета Міру, старшынёй Беларускага аддзялення таварыства “СССР-Францыя”. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1946), ордэнам “Знак Пашаны” (1955), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967, 1971) і медалямі.

Памёр Іван Паўлавіч Мележ 9 жніўня 1976 г.

Літаратурную дзейнасць Іван Мележ пачаў у 1930-я гг. У 1939 г. у газеце “Чырвоная змена” быў надрукаваны першы верш Івана Мележа “Радзіме”. Перад вайной яго вершы друкаваліся таксама ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Бальшавік Палесся”. Першыя апавяданні напісаў у тбіліскім шпіталі. У “Бугурусланской правде” ў 1943 г. было апублікавана апавяданне “Апошняя аперацыя”.

У 1946 г. выйшаў першы зборнік апавяданняў Івана Мележа “У завіруху”. Апавяданні былі напісаны ў 1942-1945 гг. і прысвечаны падзеям вайны. У 1948 г. выйшаў другі зборнік прозы “Гарачы жнівень”.

У 1947-1952 гг. Іван Паўлавіч Мележ напісаў раман “Мінскі напрамак”, у якім паказаў вызваленне Беларусі воінамі Чырвонай Арміі і партызанамі ў красавіку-ліпені 1944 г.

У далейшым Іван Мележ выдаў зборнікі прозы “Блізкае і далёкае”, “У гарах дажджы”, “Што ён за чалавек”. Пасля паездак па краінах Еўропы напісаў нарысы “Паездка ў Прагу” і “Вакол Еўропы”.

Іван Мележ працаваў у галіне драматургіі. Стварыў аднаактную п’есу “Хто прыйшоў уночы”, прысвечаную падзеям вайны, і шматактавыя п’есы “Пакуль вы маладыя”, “Дні нараджэння” і “У новым доме”. П’есы ставіліся тэатрам імя Я.Купалы і Магілёўскім абласным драмтэатрам.

Шырокую вядомасць атрымала трылогія Івана Мележа “Палеская хроніка”, якая складаецца з раманаў “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы” і “Завеі, снежань” (няскончаны). У раманах раскрываецца цяжкі лёс сялянства ў пераломны перыяд гісторыі, адлюстроўваюцца падзеі 1920-х гг. і калектывізацыя на Палессі. За раман “Людзі на балоце” Івану Мележу была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР (1962). За раманы “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” – Ленінская прэмія (1972).

У 1972 г. Івану Мележу было нададзена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР.

Аўтар кніг літаратурна-крытычных артыкулаў, нарысаў і публіцыстычных выступленняў “Жыццёвыя клопаты”, зборнікаў “Белыя вішні і яблыні”, “Першая кніга. Дзённікі. Сшыткі. З запісных кніжак” і інш. Творы пісьменніка перакладаліся на мовы народаў СССР і за мяжой.

На тэлебачанні былі пастаўлены тэлеспектаклі па раманах Івана Мележа з трылогіі “Палеская хроніка”, зняты шматсерыйны тэлефільм. Інсцэніроўкі раманаў Мележа паставілі тэатр імя Я.Купалы, Народны тэатр у Мазыры, Гомельскі абласны тэатр, Мінскі тэатр юнага гледача. На студыі “Беларусьфільм” рэжысёрамі В.Туравым і Д.Зайцавым па “Палескай хроніцы” быў пастаўлены мастацкі фільм “Людзі на балоце” (у 1984 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР).

Імем Івана Мележа названы вуліцы ў Мінску, Хойніках, Лельчыцах, Глінішчы, завулак у Кобрыне. Імя пісьменніка прысвоена сярэдняй школе на яго радзіме, бібліятэцы і гімназіі ў Гомелі. У Мінску на доме №7 па вул. Я.Купалы, дзе жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка (1978). У 1983 г. на радзіме Мележа ў вёсцы Глінішча быў адкрыты мемарыяльны музей. З 1980 саюз пісьменнікаў БССР прысуджае літаратурную прэмію імя Івана Мележа.

З нагоды 95-гадовага юбілею Івана Мележа прапануем Вам пазнаёміцца з некаторымі дакументамі, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў асабістым фондзе пісьменніка (Ф. 277).