Сям'я Гарэцкіх (Да Міжнароднага дня сям'і)

Максім Гарэцкі. 1928 г.
Максім Гарэцкі з бацькамі і братам Гаўрылам. Др. пал. 1900-х гг.
Леаніла Чарняўская. Др. пал. 1910-х гг.
Максім і Леаніла Гарэцкія з сынам Леанідам і дачкой Галінай. 1922-1923 гг.
Максім і Леаніла Гарэцкія з сынам Леанідам, дачкой Галінай і хроснай маці дзяцей Аленай Сакаловай-Лекант. 1920-я гг.
Леаніла Гарэцкая з дзецьмі. 1925 г.
Максім Гарэцкі з братам Гаўрылам. 1926 г.
Максім і Леаніла Гарэцкія з дзецьмі. 1935 г.
Гаўрыла Гарэцкі з пляменнікамі Галінай і Леанідам. 1940 г.
Леанід Гарэцкі 1941 г.
Галіна і Леаніла Гарэцкія. 1960-я – 1970-я гг.
Галіна Гарэцкая. 1980-я гг.

Пісьменнік, літаратуразнаўца і навуковец Максім Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся 18 лютага 1893 г. у вёсцы Меншая Багацькаўка Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.) у сялянскай сям’і, дзе акрамя Максіма было яшчэ чацвёра дзяцей. Брат пісьменніка акадэмік Гаўрыла Гарэцкі ўспамінаў: “На фарміраванне асобы Максіма вялікі ўплыў мела спадчыннасць ад бацькі і маці. Іван Кузьміч ­– невысокага росту, чарнявы. Па характары і знешне Максім быў вельмі падобны на бацьку. Яскравы сангвінік, з праявамі халерычнасці, надзвычайна жывы, рухавы, палкі, уражлівы, непасрэдны, актыўны. Маці – Ефрасіння Міхайлаўна Папова – мела дзве доўгія русыя касы, вялікія блакітныя вочы, добры спакойны характар. Дужа любіла пець песні і многа іх ведала. Ад маці таксама многае перайшло ў характар брата. Выключная дабрата, цярплівасць, стрыманасць, разважлівасць, невычэрпны аптымізм, летуценнасць, самаахвярнасць. Бацькаў і матчын пачаткі бароліся ў істоце Максіма ўсё жыццё, але матчына спадчыннасць звычайна перамагала. … Абодвы роды мелі моцныя карэнні: бацька Івана пражыў 100 гадоў, а прадзед маці – 115”.

Максім спачатку хадзіў у школу ў в. Вялікая Багацькаўка, у 1908 г. скончыў двухкласнае вучылішча ў с. Вольша Аршанскага павету. Менавіта ў гэты час да яго прыйшло захапленне мастацкай літаратурай і выявіліся здольнасці да імправізацыі. З 1909 па 1913 гг. вучыўся у Горы-Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы, дзе склаўся невялікі гурток аматараў беларускай літаратуры. З 1912 г. ў газеце “Наша Ніва” пачаў друкаваць нататкі, карэспандэнцыі, фельетоны, а 25 студзеня 1913 г. было змешчана яго першае апавяданне “У лазні” пад псеўданімам Максім Беларус. Пасля завяршэння вучобы ў канцы 1913 г. М. Гарэцкі пераехаў у Вільню, дзе працаваў чарцёжнікам, а потым каморнікам Землеўпарадкавальных камісій Віленскай губерні. Пазнаёміўся і пасябраваў у Вільні з Я. Купалам, З. Бядулем, Л. Гмыракам. Тут выдаў першы зборнік “Рунь” (1914).

Летам 1914 г. Гарэцкі быў прызваны ў царскую армію, дзе служыў сувязістам у артылерыі. Быў паранены, неаднойчы лячыўся ў шпіталях. Падзеі першай сусветнай вайны апісаў у кнізе “На імперыялістычнай вайне” (1926).

Кастрычніцкую рэвалюцыю сустрэў у Смаленску, дзе працаваў камендантам жыллёвага аддзела смаленскага Савета, друкаваўся ў мясцовых “Известиях” і беларускай газеце “Звязда”. Разам з братам Гаўрылам Іванавічам склаў і выдаў “Руска-беларускі слоўнік”.

У канцы студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) у Маскве прымаецца рашэнне аб стварэнні Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі са сталіцай у Вільні. Рэдакцыя “Звязды”, у якой на той час працаваў М. Гарэцкі, пераязджае з Мінска ў Вільню, а разам з ёй і М.Гарэцкі. Але неўзабаве Вільню забіраюць польскія войскі. У канцы красавіка рэдакцыя “Звязды” вяртаецца ў Мінск. Максім Гарэцкі застаецца ў Вільні. У ліпені пачынае працу выкладчыкам беларускіх настаўніцкіх курсаў і адначасова працуе і ў Віленскай беларускай гімназіі. Летам 1919 г. пабраўся шлюбам з настаўніцай малодшых класаў гімназіі Чарняўскай Леанілай Усцінаўнай. Яны былі равеснікамі і вельмі прыгожай парай і нарадзілі прыгожых і таленавітых дзяцей Галіну і Леаніда. Іх сустрэча і шлюб абяцалі многа шчасця. Яны пакінулі нам памяць пра дзівосныя глыбіні чалавечага кахання і пра гора, якое спаткалі на жыццёвым шляху.

Жылі і працавалі дружна. Максім Іванавіч акрамя выкладчыцкай дзейнасці, рэдагаваў газету “Наша думка”, затым “Беларускія ведамасці”, многа пісаў уласных твораў. У 1920 г. выдаў “Гісторыю беларускай літаратуры”, якая доўга была адзіным падручнікам для школ і ВНУ. Леаніла Усцінаўна ў гэты час пачынае пісаць апавяданні для дзяцей, а таксама складае і выдае чытанку для дзяцей “Родны край”, зборнік “Дзяціныя гульні”. У 1921 г. у іх нарадзілася дачка Галіна. А неўзабаве іх сям’ю напаткала вялікае выпрабаванне. У студзені 1922 года М.Гарэцкі быў арыштаваны ў ліку многіх дзеячаў беларускай культуры і зняволены ў Лукішскую турму. Аднак суд не адбыўся. Арыштаваных вывезлі на мяжу з Літвой і Гарэцкі апынуўся ў Коўне, затым у Дзвінску. Леаніла Усцінаўна была адной з ініцыятарак і аўтарак адкрытага пратэсту жонак высланых з Вільні літоўцаў і беларусаў.

У ліпені 1922 г. М. Гарэцкі вяртаецца ў Вільню і ўключаецца ў педагагічную і літаратурную працу. Але ізноў перажывае нападкі і расчараванні. Пад цяжарам абставін у кастрычніку 1923 г. Гарэцкія з дзецьмі Галінай і Леанідам пераязджаюць у Мінск. Максім Гарэцкі з падвоенай энергіяй працуе выкладчыкам беларусазнаўства на рабфаку БДУ, беларускай мовы і літаратуры ў Камуністычным універсітэце, навуковым сакратаром Літаратурнай камісіі Інбелкульта, займаецца літаратурнай працай. У доме Гарэцкіх частымі гасцямі бываюць Я. Купала, Я. Колас, У. Дубоўка і многія іншыя. Леаніла Усцінаўна пра ўсіх клапацілася, гадавала дзяцей і сама пісала.

Як творца, як дзіцячы пісьменнік, Леаніла Чарняўская была надзелена асаблівым дарам – уменнем бачыць свет вачыма дзяцей, і гэты дар, памножаны на жыццёвы вопыт, прыносіў шчодры плён. Першае апавяданне “Мікітка” ўбачыла свет у 1921 г., першая дзіцячая кніга “Варка” ­– у 1928 г. Якуб Колас адным з першых адзначыў у маладой аўтаркі добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне перадаваць дзіцячую непасрэднасць, нязмушанасць паводзін і пачуццяў іх маленькіх герояў.

 У 1926 г. М. Гарэцкі прызначаецца загадчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. У хуткім часе сям’я Гарэцкіх пераязджае ў Горкі. У 1928 г. яны зноў вяртаюцца ў Мінск, дзе Максім Іванавіч працуе вучоным спецыялістам Інстытута навуковай мовы Інбелкульта. У гэтым жа годзе разам з кампазітарамі М. Аладавым і А. Ягоравым ён запісаў ад сваёй маці 318 народных песень і выдаў іх у зборніку “Народныя песні з мелодыямі”.

Бег плённага і суладнага жыцця перапыніў арышт Максіма Гарэцкага ў ліпені 1930 года. Амаль год Леаніла Усцінаўна насіла перадачы і чакала вестак, у душы спадзяючыся на добры зыход. Але вырак быў жорсткі: пяць гадоў высылкі ў Вятку. У красавіку 1931 г. М.Гарэцкі не па сваёй волі пакінуў Беларусь, сям’ю і ўсё, за што так балела душа, і што хацеў перайначыць і зрабіць дасканалым сваёй няўтомнай, няспыннай працай.

Гора, якое звалілася на сям’ю, Леаніла Усцінаўна перажывала мужна. Пісала і чакала вестак. А пасля было цвёрдае рашэнне ехаць у высылку. У 1932 г., сабраўшы дзяцей і неабходныя рэчы, адправілася ў дарогу, у невядомы і чужы край. Жылі ў Вятцы бедна, часам без сродкаў для жыцця, але дружна і з чаканнем вяртання на Радзіму. Леаніла Усцінаўна ўладкавалася выхавацелькай у дзіцячы садок, Максім Іванавіч, выбіраць не даводзілася, – тэхнікам калькулятараў па ўліку і справаздачнасці сектара грамадзянскага будаўніцтва Зямельна-зялёнага трэста г.Кірава. У высылцы Гарэцкі скончыў “Віленскіх камунараў”, працаваў над “Камароўскай хронікай”, ранейшымі дзённікавымі запісамі. У 1935 годзе, пасля сканчэння тэрміну высылкі, сям’я Гарэцкіх пераязджае ў пасёлак Пясочню Заходняй вобласці. Там Максім Іванавіч настаўнічае. У Пясочні 4 лістапада 1937 года быў арыштаваны зноў. Пачаліся доўгія дні чакання. Дазваляліся сям’і толькі маленькія запіскі. Звычайныя бытавыя запіскі:  колькі ж у іх глыбіні трагізму, безвыходнасці і спакою перад тварам немінучай гібелі. Апошняя. Перадсмяротная, напісаная 8 студзеня 1938 г.: “Спасибо за передачу. Получил всё. Отсылаю обратно корзинку и 2 рубашки. Я здоров. Целую. Заботьтесь о себе. Максим. Што ў гэтых запісках? Зашыфраваны тэкст? Толькі адна Леаніла Усцінаўна ведала гэта. Сэрца жалем сціскала, ні на што не спадзявалася. Ведала, што няма яе мужа, што адной гадаваць дзяцей. Максім Гарэцкі быў расстраляны 10 лютага 1938 г. Месца пахавання дакладна невядома. Рэабілітаваны 15 лістапада 1957 г.

У 1938 г. Леаніла Усцінаўна з дзецьмі пераязджае ў Кіраў, бліжэй да сваёй сяброўкі па няшчасці Ганны Іванаўны Бабарэкі. Падтрымлівалі адна адну моцна: разам гадавалі дзяцей, сябравалі і дзяліліся апошнім. Леаніла Гарэцкая працуе ў дзіцячым садку і амаль не піша літаратурных твораў. Дачка Галіна паступае ў Ленінградскі універсітэт, сын у тэхнікум. Цяпер Леаніла Усцінаўна чакае лістоў ад дзяцей.

Вайна застала іх у розных месцах. Ляцелі лісты ў Кіраў да згараванай маці. Балела ў яе сэрца: сын на фронце, пайшоў дабравольцам, дачка ў апалчэнні. “Я цяпер больш здаровы, чым раней, даўно не чытаў кніг і газет. Цяпер мне ўсё часцей успамінаецца жыццё з бацькам. Яно мне бясконца дарагое і роднае... Мне зараз, як ніколі, хочацца з табой пагаварыць, пабачыць цябе” (з ліста Леаніда ад 6.09.1941).

У 14-гадовым узросце Леанід застаўся без бацькі, і Гаўрыла Іванавіч, або па-сямейнаму дзядзька Гурык, дапамагаў асірацелай Максімавай сям’і. Дзядзька быў неаспрэчным маральным аўтарытэтам і высокім ідэалам для юнака. Дзяцей Максіма ў сям’і дзядзькі Гурыка лічылі сваімі, роднымі. І хоць часцей самім жылося цяжка, для пляменнікаў, як для ўласных дзяцей, знаходзіліся і кавалак хлеба і прытулак. Глыбока кранаюць, узрушваюць радкі перапіскі Леаніда Гарэцкага з дзядзькам, які стаў для яго духоўным настаўнікам і апекуном. У 1942 г., працуючы многа і напружана ў Прыўраллі, ён піша Леаніду на фронт такія патрэбныя лісты, падбадзёрвае, мацуе дух і волю пляменніка-салдата, а потым лейтэнанта, просіць быць дужым, цярплівым, мужным. Дзядзька імкнецца выхаваць Леаніда вартым свайго бацькі, вялікага патрыёта і ахвярніка. У адказ Лёня пісаў: “Мне зразумелы стаў сэнс жыцця… Ён ясны і праўдзівы… Зараз я мару аб тым, каб час прынёс мне магчымасць пісаць…”. Леанід загінуў на Ленінградскім фронце 18 лютага 1944 г., якраз у дзень нараджэння свайго бацькі – Максіма Гарэцкага.

Невыноснае гора ізноў прыйшло ў сям’ю Гарэцкіх: “Галя! Забіты наш Лёня. Адна ты ў мяне засталася. Беражы сябе... Ён забіты 18 лютага, любы мой сыночак... Не можам мы і паплакаць разам”. Дачка і маці з 1947 г. жылі разам у Ленінградзе. Захоўвалі памяць пра мужа і сына, бацьку і брата. Збераглі архіў. Сёння, дзякуючы Леаніле Усцінаўне і Галіне Максімаўне мы маем унікальную спадчыну Максіма Гарэцкага.

26 верасня 1976 г. не стала Леанілы Чарняўскай-Гарэцкай.

Галіна Максімаўна Гарэцкая сыграла выключную ролю ў працы па вяртанні спадчыны Максіма Гарэцкага, яго грамадзянскай і літаратурнай рэабілітацыі, вывучэнні і навуковым каментаванні яго твораў.

Галіна Максімаўна Гарэцкая нарадзілася 13 сакавіка 1921 года ў Вільні. Сярэднюю школу скончыла ў 1938 г. у Кіраве (Вятцы) і адразу паступіла на літаратурны факультэт Педагагічнага інстытута імя А. Герцэна ў Ленінградзе. Як дачцы рэпрэсаванага, ёй дазволілі вучыцца толькі ў “паўночнай групе”, дзе рыхтавалі настаўнікаў для працы ў школах Поўначы. Вывучала мову мансі. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны працавала на абарончых работах пад Ленінградам, пасля жыла ў Кіраве. У Педагагічным інстытуце ў Кіраве здала экстэрнам экзамены і атрымала дыплом настаўніка. У 1946 – 1961 гг. працавала выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў школах г. Кірава, пасля Ленінграда. Па стану здароўя вымушана была пакінуць педагагічную працу. Працавала рэгістратарам у адной з паліклінік Ленінграда. У 1976 г. выйшла на пенсію. З гэтага часу займалася выключна даследаваннем жыцця і творчасці сваіх бацькоў Максіма Іванавіча Гарэцкага і Леанілы Усцінаўны Чарняўскай-Гарэцкай.

Галіна Гарэцкая магла б увайсці ў гісторыю беларускай літаратуры толькі за тое, што дапамагла сваёй маці, а пасля яе смерці ўсклала на сябе абавязкі па захоўванні і сістэматызацыі рукапіснай спадчыны Максіма Гарэцкага, багатай перапіскі сям’і з дзеячамі літаратуры, культуры, мастацтва. Але Г. Гарэцкая ніколі не была пасіўным захавальнікам гэтых унікальных скарбаў, яна была непераўзыдзеным ідэнтыфікатарам, даследчыкам, публікатарам многіх і многіх дакументаў з архіва сваёй сям’і. Г. Гарэцкая мае на сваім рахунку звыш дваццаці прац, якія прысвечаны жыццю і творчасці бацькі і маці, успаміны пра іх і пра свайго знакамітага дзядзьку акадэміка Гаўрылу Гарэцкага. Акрамя гэтага, беларускае літаратуразнаўства на працягу некалькіх гадоў папаўнялася цікавымі фактамі аб жыцці і творчасці М. Гарэцкага і Л. Чарняўскай-Гарэцкай праз даклады, прачытаныя Галінай Максімаўнай на “Гарэцкіх чытаннях”.

Г. Гарэцкая ў большай частцы сваіх даследаванняў расказала пра лёс сваёй сям’і, бацькі, маці, лёс роду Гарэцкіх. Пра жыццё, дэталі якога не змагла зберагчы дзіцячая памяць, шукала звесткі ў тых, хто мог помніць. Вяла агромністую перапіску. Толькі ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва зберагаецца звыш тысячы лістоў, у якіх раскрываюцца драбніцы жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага і Гаўрылы Гарэцкага, іх рэабілітацыі і вяртання творчай і навуковай спадчыны. Самымі выдатнымі яе ўспамінамі з’яўляюцца тыя, што надрукаваны ў зборніку “Максім Гарэцкі: Успаміны. Артыкулы. Дакументы” пад назвай “Наша сям’я”. Вялікай любоўю да сваіх бацькоў і ўсіх родных, глыбокім разуменнем і веданнем жыцця, усведамленнем высокай місіі літаратурнай творчасці прасякнуты кожны радок гэтых успамінаў. Амаль у кожным абзацы прысутнічаюць словы праца, працаваць. Яшчэ маленькай дзяўчынкай Галіна Максімаўна зразумела, што яе бацькі – нястомныя працаўнікі і роля іх у гэтым жыцці выключная. Дзеля ўзнаўлення і дакладнасці біяграфічных і бібліяграфічных дадзеных неабходна было ўключыцца ў даследчыцкую працу, успамінаць расказанае маці, сваякамі, сустрэцца і ліставацца з дзесяткамі людзей, перачытваць немалую колькасць літаратуры. Многае з жыцця ў Мінску, Горках, Вятцы Галіна Максімаўна помніла і змагла данесці да нас жывыя карціны з жыцця Максіма Гарэцкага і сям’і, яго атачэння, яго літаратурнай і педагагічнай дзейнасці. Многія эпізоды гэтых успамінаў кранаюць сваёй непасрэднасцю, цеплынёй, нейкім няўлоўным святлом, якое зыходзіць з кожнага сказанага слова, і любоўю да ўсіх і да ўсяго, пра што апавядаецца. Вось да прыкладу такі эпізод: “У трохпакаёвай кватэры нашай заўсёды, як і ў Мінску, гасцяваў хто-небудзь з радні. Прыязджалі з Малой Багацькаўкі, Слаўнава, Шумякіна. Бацька дапамагаў усім, чым мог. Пасылаў у Малую Багацькаўку грошы бацькам, братам: на пабудову хаты, на куплю каня, малатарні, хатніх рэчаў і іншыя справы. Часта бывала ў нас Ефрасіння Міхайлаўна. Распытваў у яе тата пра іх род у сяле Слаўнае. Крэпкімі былі продкі. Бацькаў дзед Кузьма Гарэцкі пражыў сто гадоў, французскую вайну добра памятаў. А слаўнаўскі яго прапрадзед, былы прыгонны пастух, памёр на сто пятнаццатым годзе жыцця”.

Ёсць нямала ва ўспамінах радкоў, якія дапамагаюць раскрыць аўтарскія задумкі М. Гарэцкага, гісторыю стварэння некаторых твораў, іх герояў і прататыпаў.

Даследавала Галіна Максімаўна Гарэцкая і многія творы Максіма Гарэцкага і Леанілы Чарняўскай-Гарэцкай. У такія моманты яна была вельмі ўважлівай чытачкай. Даследчыца ніколі не дазваляла сабе недакладнасцей і нікому не дазваляла вольнасці ў абыходжанні з творамі М. Гарэцкага.

Памерла Галіна Максімаўна 19 верасня 2006 г.

Справу сваіх родных, дзядзькі - класіка беларускай літаратуры, вучонага і педагога Максіма Гарэцкага і яго брата і свайго бацькі - грамадскага дзеяча, акадэміка Гаўрылы Гарэцкага, працягвае акадэмік НАН Беларусі і РАН Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі - арганізатар і удзельнік Гарэцкіх чытанняў, аўтар кніг “Ахвярую сваім “я”…”, "Браты Гарэцкія", “Пра сябе, пра жыццё, пра гісторыю” і інш.

16 мая 2022 г.