“…Прайсці праз вернасць”: віртуальная выстава да 110-годдзя народнага паэта Беларусі Максіма Танка (1912-1995)

“…Прайсці праз вернасць”

Да 110-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка (сапр. Скурко Яўген Іванавіч; 1912–1995), паэта, перакладчыка, грамадскага дзеяча, народнага паэта Беларусі

Максім Танк – паэт незвычайнага размаху і высокай культуры творчасці. Яго постаць знаходзіцца сярод тых буйных і часта трагічнага лёсу мастакоў, якія прынялі ўдзел у рэалізацыі надзвычай зманлівага праекта—прымірыць і паяднаць дзве супрацьлегласці—жыццё і рэвалюцыю, паэзію і камунізм. Паэт заўсёды імкнуўся да шырокай, усеахопнай канцэпцыі чалавека і свету, да асваення новых ідэй. Бунтар, наватар, патрыёт, філосаф, сатырык – гэтымі і многімі іншымі характарыстыкамі даследчыкаў адзначаны сціплы ў жыцці чалавек, які не любіў бляску пражэктараў і гучных слоў.

Паэзія Максіма Танка дзівіць разнастайнасцю тэм, вобразаў, форм, творчым засваеннем нацыянальнай паэтычнай традыцыі і наватарствам. Плён штодзённай працы паэта нават у 80-гадовым узросце быў варты павагі – да трох вершаў у дзень. Фонд паэта, які захоўвае Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, уражвае колькасцю спраў – больш за 2000.

Пры ўсёй сціпласці Максіма Танка і ўласных, адрозных ад афіцыйных, каштоўнасцях у жыцці, яго талент не мог не быць адзначаны грамадствам: Народны паэт Беларусі (1968). Акадэмік АН Беларусі (1972). Герой Сацыялістычнай Працы (1974). Ганаровы грамадзянін г. Мінска (1987), г. п. Радашковічы (1992). Лаўрэат Ленінскай прэміі (1978, за кнігу паэзіі «Нарачанскія сосны»), Дзяржаўнай прэміі СССР (1948, за зборнік «Каб ведалі»), літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1959, за зборнік «След бліскавіцы»), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1966, за зборнік «Мой хлеб надзённы»), літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1980, за кнігу «Прайсці праз вернасць»). Сярод узнагарод Максіма Танка – медаль Францыска Скарыны і ордэн Дружбы народаў.

Прапануем вашай увазе віртуальную выставу “…Прайсці праз вернасць”, на якую мы адабралі дакументы, якія прадстаўляюць Максіма Танка як сына сваёй бацькаўшчыны, паэта высокага кахання і вернага мужа, як чалавека, што разумеў сваё значэнне ў літаратуры, але быў разам з тым сціплым і простым.

Радзіма, маці, жанчына – гэтыя дарагія сэрцу, цёплыя і пяшчотныя вобразы праходзяць праз усю творчасць і жыццё паэта з такім гучным рэвалюцыйным псеўданімам – Танк (інш. Аўгень, Бура, А. Граніт).

Радзіма паэта

Нарадзіўся Яўген Іванавіч Скурко, будучы паэт, 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына Вілейскага павета Віленскай губерніі (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці). Яго паэзія наталялася любоўю да радзімы – роднай Нарачаншчыны. Яго душа поўнілася дабрынёй і пяшчотнай замілаванасцю ўсім, што было змалку знаёмым і блізкім. Гэта, па словах Танка, – “калыска песні”, месца непаслабнага “зямнога прыцягнення”.

Я не прашу сабе спагады

Ні ўзнагароды і ні ўлады.

Дай толькі ты маёй краіне

Мір і спакой пад небам сінім,

На бацькоўскай страсе – буслянку,

Шыпшынавы куст – каля ганку,

Калоссе шчодрае – на ніве,

Напеваў родных пералівы,

А ў засені дубровы недзе,

Дзе спяць мае бацькі, суседзі, –

Хоць непрыкметную мясціну

Свайму тулягу, адпачынак.

За што гатоў я свой аўтограф

Паставіць пад любы цырограф. “Літанія”

Вобразы роднай вёскі паўстаюць з мноства вершаў Максіма Танка, асабліва старая хутаранская хата пры вёсцы, сяліба бацькоў, вялікай сям’і (“Ля старой хаціны”, “Сямейны фотаздымак”). Жыхары Пількаўшчыны назаўсёды засталіся жыць у вершах паэта. Гэта бабка Улляна (“Мыццё бабкі Улляны”), дзед Хведар (“Дзед”), дзядзькі Фадзей і Ціхан, сястра Вера, бацька і маці (“Карона”, “Рукі маці”, “Голас”). Усе яны былі для паэта прыкладам чалавечай дабрыні, высакароднасці, сціпласці, увасабленнем вечнасці.

Родную Пількаўшчыну будучаму паэту давядзецца пакідаць не аднойчы. Яўген Скурко вучыўся ў Маскве, Вілейцы, Радашковічах, Вільні. За вальнадумства і ўдзел у падпольных арганізацыях супраць польскай улады, якая ўсталявалася пасля Рыжскай дамовы 1921 года ў Заходняй Беларусі, Танка выключалі з гімназій і арыштоўвалі.

У прадстаўленым на выставе віншавальным лісце з нагоды прысуджэння Максіму Танку Сталінскай прэміі (1948) літоўскі паэт Антанас Венцлава напіша: “Не забывайте Вашей родины Вильнюса, где Ваши друзья и в первую очередь я всегда очень рад буду Вас видеть”. Актыўная рэвалюцыйная дзейнасць на Віленшчыне і Наваградчыне, супрацоўніцтва ў нелегальным друку, зняволенне на два гады з перапынкамі ў Лукішскай турме, выданне ў Вільні першых кніжак – “На этапах” (1936), “Журавінавы цвет” (1937), “Пад мачтай” (1938), паэма “Нарач” (1937), – усё гэта дазволіла называць віленскі край таксама родным для Максіма Танка.

Нарачанская тэма стане адной з галоўных у творчасці паэта. У родным нарачанскім краі пусціць свае карані Максім Танк, пабудуе тут хату, дзе будзе збірацца ўся вялікая сям’я паэта: сын Максім, дочкі Іра з Верай, унукі, праўнукі.

Пахаваны Максім Танк паводле свайго тэстаменту – на радзіме, каля вёскі Навікі на Мядзельшчыне, ля магіл бацькоў, побач з каханай жонкай Любай. На магіле, паводле запавету паэта, няма помнікаў. Толькі два строгія крыжы, якія, як нарачанскія стромкія сосны, сягаюць у вышыню нябёсаў.

Надаюць адпаведны настрой выставе і аздабляюць яе фотаздымкі Пількаўшчыны, Нарачанскага краю, бацькоў і родных паэта.

Жанчына паэта

У гэтай частцы выставы мы вырашылі распавесці пра каханне Максіма Танка да адзінай жанчыны – жонкі Любові Андрэеўны Скурко (у дзявоцтве Асаевіч). Прапануем вашай увазе фотаздымкі розных гадоў, ліставанне, паштовую перапіску, якія захоўваюцца ў фондзе Максіма Танка.

Прыгожыя твары паэта і яго абранніцы. “… выйшлі мы добра; гэтым разам і мне ўдалося ашукаць фатаграфічны апарат, бо я выйшла вельмі добра, лепш за цябе”, – жартоўны, па-жаноцку какетлівы допіс у адным з лістоў Любові Андрэеўны інтрыгуе і запрашае нас да ўважлівага прагляду сямейных фотаздымкаў.

Ліставанне, якое прадстаўлена вашай увазе, сведчыць аб неверагодна цёплых і шчырых адносінах як маладых Любові і Жэні яшчэ да жаніцьбы, так і ў шлюбе, якім яны пабраліся ў 1940 годзе.

У паштоўцы са штэмпелем ад 17.ІІ.1939, накіраванай “шаноўнаму Пану Максіму Танку” ў Вільню, чытаем: “Пасылаю майму цюцьмоку яго падабізну. Як прыеду, а будзеш благім падчас маёй адсутнасці – пападзеш у такую сітуацыю”. Перавярнуўшы паштоўку, бачым малюнак маленькага хлопчыка, які з сумным выглядам сядзіць за кратамі на падлозе перад талеркай з лыжкай, што стаіць на зэдліку. Адразу становіцца зразумелай сітуацыя, калі яшчэ не жонка, але каханая Максіма Танка, ведаючы яго няўрымслівы бунтарскі характар і пастаянны ўдзел у барацьбе супраць польскага ўціску, што перыядычна прыводзілі яго да арышту і турэмных заключэнняў у Лукішках, з мацярынскай перасцярогай непакоіцца аб сваім каханым. Тут жа можам прачытаць какетлівыя і гуллівыя, з нотамі рэўнасці, словы закаханай дзяўчыны да свайго абранніка: “А ўсё ж шкада, што ня маеш цяпер з кім сварыцца, бо вэрсальская конвэрсацыя з паннамі, якую толькі можаш стасаваць (бо сварыцца з іншымі ня маеш права) будзе, думаю, недастатковай для выладаваньня тваіх рэторычных здольнасьцяў”. Блізкія адносіны закаханых пацвярджае і наступнае даручэнне: “Жэнюсю, схадзі да мамы і дакладна напішы аб ёй. Я вельмі неспакойна за яе здароўе. Яна ж адзіны чалавек, каторы думае аба мне і жадае для мяне дабраты, бо так усе страшна занятыя эгоісты і тутэйшыя мае родныя, толькі дзівіцца! Бывай. Цалую Л.”

Праз ліставанне можам зразумець, што Любоў Андрэеўна жыла аднымі думкамі з Максімам Танкам, была шчырым прыхільнікам і крытыкам яго паэзіі, давала адказы на лісты яго сяброў. У паштоўцы, накіраванай 10.ІІ.1939 з Вільні ў Мядзель яна піша: “У Вільні ніякіх зменаў – Калоссяў не бачыла нікога. Быў да цябе ліст ад Хмары – прачытала і дала яму належны адказ, бо не магла вытрымаць. Ты ня гневайся – як даведаешся як я зрабіла, то спадзяюся, пахваліш, Сашка раскажа табе. Цудоўныя твае гэтыя вершы – от засыпаў перцу ўсім нашым “ідэолёгам” у в. “Калі хочаш…”, незвычайна выцягнуў іх думкі-мары на сьвет! Абраз “Восенню” – харошы і такі ж прыемны канец”. “Зноў загарэліся сосны над краям…” – страшна мне падабаецца і вельмі хочацца яго ўсім прачытаць. “Марозны белы вецер…” і “Скрыпка” – дык гэта дзьве такія жэмчужыны па сваяму хараству, здаецца, што так і пераліваюцца рознакалёрнымі агнямі”. Такія словы паэту пра яго творы толькі ўмацоўвалі каханне і шчырую злучанасць Яўгена Іванавіча і Любові Андрэеўны.

Праз допісы Любові Асаевіч можна адчуць атмасферу даваеннай Вільні і яе культурнага асяроддзя, дзе Максім Танк часта аказваўся ў цэнтры ўвагі. “Добры дзень Жэнька! Сёння ўласнымі вачамі прачытала, што адным з імпонуючых момэнтаў на канцэрце было тваё выступленне, што саля прыняла цябе сардэчнымі воплескамі і таму я так моцна ўсцешана і так страшна хачу расцалаваць цябе. Я заўсёды вельмі задаволена як чую аб табе добрыя водзывы, гэта таксама знача што цябе разумеюць… і што ты ў гэтыя сумныя часы ўліваеш крыху святла, надзеі. З другога боку, таксама сёння, слухаючы радыё вельмі перанялася “апошнімі паведамленнямі”. Так зрабілася цяжка, так абідна… дык не магу пагадзіць гэтых двух уражаньняў” (15.ІІІ.1939).

Асаблівую цікавасць выклікае ліставанне паэта і яго жонкі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Любоў Андрэеўна з маленькім сынам Максімкам знаходзяцца ў Саратаве, Максім Танк працуе ў рэдакцыі газеты “За Савецкую Беларусь”. У лістах і паштоўках – перажыванні, звязаныя з выпрабаваннем вайной і нястачамі, спалучаюцца з маленькімі побытавымі і бацькоўскімі радасцямі, а найперш – вялікімі надзеямі на перамогу і сустрэчу пасля яе. Цешылі бацькоўскае сэрца такія словы: “Я не магу табе перадаць, як змяніўся наш хлопчык за гэты час, калі ты яго апошні раз бачыў. З яго расце вялікі фантазёр, гаворыць амаль усё… Апошнім часам называе сябе Німа Ко, што абазначае “Максім Скурко”… гавора, што ён сын толькі папін, а мамін не. Вельмі любіць глядзець кніжкі з карцінкамі… Толькі бы дажыць таго дня калі паедзем на бацькаўшчыну з такім цудоўным сынам”. З ліставання даведваемся, што нягледзячы на суровы час, Любоў Андрэеўна закладала, па яе словах, фонд іх будучай бібліятэкі, яна ўвесь час чытала кнігі і захоўвала іх, каб прывезці іх потым на радзіму.

Цікава чытаць пасляваенныя лісты, якія перадаюць штодзённыя сямейныя турботы, згадваюць сяброў-пісьменнікаў, называюць акалічнасці, якія забываюцца з часам (як неабходна набыць у Маскве “хороший французский… замок к дверям входным”, “ноты для второго и третьего классов”, “кнопок для прикалывания занавесок к карнизу”; як прымаюць дачок у піянеры і Іра будзе расказваць верш бацькі ў перакладзе на рускую мову; як Любоў Андрэеўна выбірае паміж запрашэннем на юбілей Алеся Якімовіча ў рэстаране “Лета” 23.01.1954 г. і ваннай, бо “цяпер нам падаюць гарачую ваду 2 разы на тыдні”). Вось паэт перадае вітанні з Парыжа (“Пішу табе з цудоўнага Парыжа”). У іншым допісе Танк расказвае: “Купіў я тут сабе харошую кашулю № 42 за 320 рублёў. Бардовага колеру”. І ў кожным лісце Максім Танк нязменна ласкава называе жонку “дарагая Любаша”. Яна ж у сваіх лістах называе яго “Жэнюшка”, “дарагі наш папачка і Жэня”, “дарагі Жэнічка”, выказвае пяшчотныя словы пра абдымкі і пацалункі, турбуецца пра яго здароўе, дае жаноцкія парады. Яўген Іванавіч і Любоў Андрэеўна былі шчаслівыя ў сваіх сямейных радасцях.

Адчуў нірвану

Учора а трэцяй.

Здолеў вярнуцца

Навошта тая вечнасць

Мне, без твайго подыху.

Каханне ў жыцці не пярэчыць каханню ў паэзіі. Любоўная лірыка Максіма Танка – пярліна беларускай і сусветнай паэзіі. Паэт сягае недасяжных вышыняў гэтага невымоўнага чалавечага пачуцця. У яго вершах “Готыка Святой Ганны”, “Ня ведаючы”, “Ты бачыў яе…”, “Адчуў нірвану…”, “Свавольнай была маладая суседка”, “Неферціці”, “Бурштын”, “Журавінавы цвет”, “Чаўны хмар наплываюць…”, “Я не ведаў хто ты”, “Ave Maria” і мн. інш. паэт перадае самыя няўлоўныя адценні пачуцця кахання – эратычныя і цнатлівыя, жарсныя і пяшчотныя, меладычныя і маўклівыя. Бясконцая палітра пачуццяў паэта ад зямнога кахання сягае ў вечнасць:

І вось высокі агонь палае,

Ды дзіва-дзіўнае бачаць людзі:

Агонь, цалуючы, абдымае

Сваёй ахвяры і стан і грудзі.

 

І застывае гатыцкім храмам,

Дзе быццам з бронзы гараць чаканнай

Званіцаў вежы, абсіды, рамы…

І вусны шэпчуць: “Святая Ганна!..” (1972)

Дапаўняюць выставу рукапісы вершаў Максіма Танка пра каханне і жаночую прыгажосць. Прадстаўлена таксама сяброўскае віншаванне ад Пімена Панчанкі (30.12.1962), дзе ён жартам прызнаецца сябру ў грэшных снах і пытаецца, што адчувае сам Танк:

Кастарыканкі і афрыканкі

У сны прыходзяць, спаць не даюць.

Ці бачыў ты іх грэшныя вейкі?

Што ты ў Нью-Йорку

                          сніў па начах?

Ці лёгка несці табе паўвека

На нарачанскіх сваіх плячах?

Не парадніся з развагай прэснай,

Дзяўчат прыгожых не абмінай.

Нібы адказ на запытанне мы падабралі рукапіс верша Максіма Танка “Хай пішуць распуснікі посныя вершы…”.

Наколькі разнастайным быў паэт Максім Танк у любоўнай і эратычнай лірыцы, настолькі цэльным, пастаянным і нязменным быў Яўген Іванавіч Скурко ў каханні да сваёй “Любашы”.

Паэт (Юбілейнае)

У гэтай частцы выставы мы падабралі матэрыяльныя сведчанні таго, як сам Максім Танк адносіўся да сваіх юбілеяў, што пісалі яму сябры ў віншавальных лістах, куды даходзілі яму паштоўкі ад жонкі і дзяцей і інш. Віншаванні з 45-годдзем заспявалі паэта ў Кіеве, радыёграма з днём народзінаў ад жонкі і дзяцей – на лайнеры ў адкрытым моры. Танка віншавалі, яго шанавалі, помнілі важныя падзеі ў яго жыцці. Напрыклад, украінскія пісьменнікі ў віншавальным лісце, які прадстаўлены на выставе, згадалі, што ўпершыню друкаваны верш паэта быў падпісаны псеўданімам Максім Танк у беларускай газеце ў Львове.

Някідкая высакароднасць і сціпласць, часам самаіронія і перажыванні аб прызначэнні паэта прачытваюцца ў рукапісах вершаў і ліставаннях з сябрамі, што захоўваюцца ў фондзе Максіма Танка.

У вершы “Юбілейнае”, рукапіс якога прадстаўлены вашай увазе, 50-гадовы Максім Танк, мужчына ў росквіце фізічных сіл і паэтычнага натхнення, з пачуццём суму ад надыходзячай нібы “старасці”, гаворыць:

Спадзяваўся, як кожны з людзей,

У жыцці стрэць любоў, шчасце,

                                          гора, растанне,

Толькі – ні сваю старасць,

                                           ні свой юбілей –

Вясёлую рэпетыцыю пахавання. (1962)

Лірычны герой верша імкнецца “хутчэй уцякаць, хоць на месяц”, каб пазбегнуць “рэпетыцыі непатрэбнай”, на якой “многа тостаў пустых і віна ў чаркі ліецца”.

Думкі аб шкадаванні часу дзеля любых іншых акрамя паэзіі спраў знаходзім у ліставаннях паэта. Так, у лісце ад Мацея Юзафа Канановіча (19.11.1978) чытаем водгук аўтара на выказаныя, відаць, самім Танкам ў папярэднім лісце перажыванні: “…Дарагі Максіме, ведаю, які горб праблем грамадскіх, побытавых, рухаеш на сваіх плячах. Нарады, абрады, сімпозіўмы, дэлегацыі – гэта праславутыя зладзеі і марнатраўцы часу, які ты павінен аддаць паэзіі. Тым больш здзіўляе факт, што ты здолеў столькі “змарнаваць паперы” на паэзію. Шэсць тамоў – гэта рэдкая спадчына! Але ты лунаеш, вібруеш, выпраменьваеш паэзію. Нават твае лісты – гэта прыгожыя вершы”.

У лісце Канановіча ад 14.07.1980 зноў сустракаем тэму душэўнай стомленасці Танка абавязкамі, да якіх далучаецца хвароба жонкі Любові. “З ліста твайго вынікае, што ты прысціснуты хваробай тваёй Пані, змучаны прасоўваннем кучы грамадскіх абавязкаў”.

Пры знаёмстве з некаторымі дакументамі з асабістага архіва М. Танка звяртае на сябе ўвагу імкненне паэта пазбегнуць грамадскай мітусні і пільнай увагі, жаданне засяродзіцца на паэтычнай творчасці. Падобныя пачуцці гучаць і ў яго вершах:

Як не пазайздросціць лёсу паэтаў,

Якіх попусту ніхто не трывожыць,

Ніхто не шматае на цытаты,

Не распінае на крыжах успамінаў,

Не лезе ў дакучлівыя сваякі,

Якім у падручніках

Не дарысоўваюць

Вусоў, барод ці рагоў,

За вершы якіх не ставяць двоек

І якім не дакучаюць ні турысты,

Ні штатныя плакальшчыцы,

Ні юбілейныя алілуйшчыкі. (1989)

Верш перадае адчуванне марнавання часу на інтэрв’ю, паездкі, выступы і жаданне заставацца невядомым паэтам, каб аддаваць сябе толькі творчасці. Паэт-філосаф Алесь Разанаў, калі ў яго папрасілі пракаментаваць пачуцці лірычнага героя названага верша Максіма Танка, заўважыў: “Каб ад нечага адмаўляцца, трэба яго мець. Гэта па-першае. І па-другое: каб ад нечага адмаўляцца, трэба мець большае за тое, ад чаго адмаўляешся, і якраз у творчасці гэтае большае намацваецца, прадбачыцца і асягаецца. Творчасці без твораў не бывае, а яны ўжо ёсць пэўным чынам “інтэрв’ю, паездкі, выступы”. Творца можа да іх ад сябе нешта дадаць і растлумачыць, але асноўнае ў іх: не яны дадатак да яго, а ён да іх. А вось для таго, каб здзяйснялася асноўнае, ён і пакліканы… Яшчэ не стаўшы ўсім, паэт пачынае належаць усім, але заўсёды недастатковай належнасцю, і сам ён у ёй (на дзіва сабе!) мае сябе тым, хто недастатковы. Адсюль імкненне да вядомасці і імкненне ад вядомасці, і верш, пра які мы гаворым, адсюль”.

Сапраўды, жыццё Максіма Танка было на дзіва багатым на падзеі, людзей і прызнанне яго заслуг. Яны давалі яму натхненне, жывілі яго паэтычны дар, але і змушалі яго адмаўляцца ад казённых каштоўнасцяў, іранічна ставіцца да “табеля аб рангах”, урачыстасцяў, запоўненых “рознай балбатнёй, тэатралізаванай мітуснёй”. Афіцыйна ўганараваны паэт на схіле гадоў у сваіх заглыбленых філасофскіх роздумах вяртаўся да спрадвечных ісцін і гаварыў:

Усе прэміі і званні

Хіба толькі патрэбны

Для прамоў юбілейных,

Памінальных малебнаў.

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што важнасць юбілейных урачыстасцяў для іншых знакавых творцаў Танк не адмаўляў. На выставе прадстаўлены сцэнар юбілейнага вечара Васіля Быкава (1984 г.), дзе вядучым быў Максім Танк.

Нягледзячы на пісьмовую просьбу не называць яго імем вуліц і ўстаноў, у Мінску вуліца Танкавая была перайменаваная ў вуліцу Максіма Танка, імя Максіма Танка прысвоена Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту, Мінскаму педагагічнаму каледжу, Сваткаўскай сярэдняй школе (Мядзельскі раён) і Мядзельскай раённай бібліятэцы. У Мінску, на вуліцы яго імя і на доме, дзе ён апошнія гады жыў і працаваў (вул. Кульман, 15), устаноўлены мемарыяльныя знакі. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь 29 жніўня 2013 года ўвёў у абарачэнне памятную манету – “Максім Танк. 100 гадоў”. 5 снежня 2014 года ў Мядзеле адкрылі першы ў Беларусі помнік Максіму Танку. Аўтары кампазіцыі — скульптары І. Міско і А. Фінскі, архітэктар А. Сардараў.

Я спытаў чалавека,

Які прайшоў праз агонь,

І воды,

І медныя трубы:

               Што самае цяжкое

На гэтым свеце?

І ён адказаў:

               Прайсці праз вернасць. (1976)

Максім Танк прайшоў выпрабаванне вернасцю сваёй радзіме, родным, сябрам, сваёй жанчыне і сабе самому.

 

Аўтары выставы: Наталля Мізон, Таццяна Іванова.