“Мудрасць шчодрага таленту”: да 95-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна

І.П.Шамякін. 1971 г. (Ф. 154. Воп. 3. Адз. зах. 163. Л. 5)
Шамякін І.П. “Пачатак біяграфіі”. Успаміны пра час і абставіны свайго прыходу ў літаратуру. Аўтограф. 20 сакавіка 1988 г. (Ф. 154. Воп. 4. Адз. зах. 98. Лл. 1-2)
Шамякін І.П. “У снежнай пустыні”. Апавяданне. Аўтограф. 1944-1946 гг. (Ф. 154. Воп. 1. Адз. зах. 124. Л. 1)
Аповесць “Помста” на старонках часопіса “Полымя” (1945, №11-12)
Шамякін І.П. “Глыбокая плынь”. Раман. Аўтограф. (Ф. 154. Воп. 1. Адз. зах. 5. Л. 1)
Пісьмы чытачоў пра раман І.П.Шамякіна “Глыбокая плынь”. 1952 г. (Ф. 154. Воп. 1. Адз. зах. 420. Лл. 19, 20)
І.П.Шамякін. 1971 г. (Ф. 154. Воп. 3. Адз. зах. 163. Л. 8)
Шамякін І.П. “У добры час”. Кінасцэнарый. Аўтограф. 11 кастрычніка 1953 г. (Ф. 154. Воп. 1. Адз. зах. 210. Л. 1)
Шамякін І.П. “Сэрца на далоні”. Раман. Аўтограф. 1960-1963 гг. (Ф. 154. Воп. 1. Адз. зах. 87. Л. 1)
Сцэна са спектакля тэатра імя Я.Коласа “Сэрца на далоні” (рэж. А.С.Падабед). З.І.Канапелька ў ролі Валянціны Андрэеўны, А.М. Трус у ролі Кірылы Шыковіча. 1966 г. (Ф. 262. Воп. 1. Адз. зах. 61. Л. 1)
Шамякін І.П. “Няхай будзе драма”. Аповесць. Аўтограф. 20 ліпеня 1965 г. (Ф. 154. Воп. 1. Адз. зах. 120. Л. 1)
Шамякін І.П. “Эшалон у Германію”. Кінасцэнарый. Аўтограф. 10 верасня 1970 г. (Ф. 154. Воп. 2. Адз. зах. 36. Л. 1)
Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб наданні І.П.Шамякіну ганаровага звання народнага пісьменніка БССР. Выразка з газеты. 20 ліпеня 1972 г. (Ф. 154. Воп. 3. Адз. зах. 132. Л. 1)
Праграмы спектакляў, пастаўленых па творах І.П.Шамякіна. 1961-1977 гг. (Ф. 154. Воп. 5. Адз. зах. 321. Лл. 3, 7, 13)
Вокладка кнігі Ivan Šamjakin: Srdce na dlani. Praha, 1975. На чэшскай мове. (Інв. №17967)
Вокладка кнігі Iván Shamiakin. Noche de bodas. Minsk, 1980. На іспанскай мове. (Інв. №10621)
Вокладка кнігі Івана Шамякіна “Злая зорка” (раман пра чарнобыльскую катастрофу). Мінск, 1993. (Інв. №14752)
Чэхаў А.П. “Вяртуха”. Пераклад на беларускую мову Шамякіна І.П. Аўтограф. (Ф. 154. Воп. 1. Адз. зах. 412. Л. 1)
Невядомы мастак. Шарж на І.П.Шамякіна. Папера, туш, пяро. 1970-я гг. (Ф. 154. Воп. 3. Адз. зах. 162. Л. 1)
Прамова сакратара праўлення СП БССР І.П.Шамякіна на VI з’ездзе СП БССР аб сучаснай беларускай прозе. Аўтограф І.П.Шамякіна. 1971 г. (Ф. 154. Воп. 3. Адз. зах. 147. Л. 1)
Запіскі, зробленыя І.П.Шамякіным на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН. Аўтограф. 1963 г. (Ф. 154. Воп. 1. Адз. зах. 474. Лл. 15адв, 16)
Шамякін І.П. “Два месяцы ў Нью-Йорку”. Нарыс. Аўтограф. 18 снежня 1963 г. (Ф. 154. Воп. 1. Адз. зах. 264. Лл. 1, 16, 55)
Картка члена Праўлення Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі Шамякіна І.П. Машынапіс. 1963 г. (Ф. 154. Воп. 1. Адз. зах. 470. Л. 1)
Справаздача члена-карэспандэнта АН БССР І.П.Шамякіна аддзяленню грамадскіх навук АН БССР аб творчай і навуковай дзейнасці. Аўтограф. 1980 г. (Ф. 154. Воп. 4. Адз. зах. 114. Л. 1)
І.П.Шамякін. [1970-я гг.] (Ф. 154. Воп. 3. Адз. зах. 163. Л. 10)

“Мудрасць шчодрага таленту”

Да 95-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка БССР

Івана Пятровіча Шамякіна

(1921 – 2004)

Выдатны беларускі празаік, драматург, грамадскі дзеяч Іван Пятровіч Шамякін нарадзіўся 30 студзеня 1921 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння вясковай сямігодкі вучыўся ў Гомельскім тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў, дзе пачаў пісаць вершы і стаў актыўным членам літаратурнага аб’яднання пры газеце “Гомельская праўда”. Да гэтага часу адносяцца і першыя спробы ў празаічных жанрах. У 1940 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у зенітна-артылерыйскай часці пад Мурманскам. У час вайны змагаўся на поўначы (Мурманск, Кандалакша, Петразаводск), быў байцом-зенітчыкам, потым афіцэрам-палітработнікам, ваяваў на Карэльскім фронце, удзельнічаў ў вызваленні Польшчы, ваяваў у Германіі. На фронце быў прыняты ў шэрагі камуністычнай партыі. Закончыў вайну на Одэры ў афіцэрскім званні.

Пасля вайны Іван Пятровіч Шамякін працаваў на Гомельшчыне настаўнікам і завочна вучыўся ў Гомельскім педінстытуце імя В. Чкалава. У 1948 годзе паступіў у Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, пасля заканчэння якой быў прызначаны галоўным рэдактарам альманаха “Савецкая айчына”.

З 1954 года Шамякін працаваў намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, з 1966 года – сакратаром праўлення, з 1976 года – першым сакратаром. З 1990 года – член Рады Саюза пісьменнікаў БССР.

З 1980 да 1992 года Іван Пятровіч працаваў галоўным рэдактарам Беларускай Энцыклапедыі.

Памёр 14 кастрычніка 2004 года.

Першае апавяданне Івана Шамякіна “У снежнай пустыні” было надрукавана ў 1945 годзе ў часопісе “Полымя”. У хуткім часе там жа з’явілася аповесць “Помста”. У сваіх творах аўтар асэнсоўваў падзеі нядаўняй вайны як яе непасрэдны сведка і ўдзельнік. У аналагічным жанры ў 1949 годзе выйшаў раман “Глыбокая плынь”, за які пісьменніку была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР. Раман быў высока ацэнены чытачамі і меў вялікую папулярнасць.

Жыццю беларускай пасляваеннай вёскі прысвечаны раманы “У добры час” (1953) і “Крыніцы” (1957). У 1961 годзе Беларускі тэатр імя Я. Коласа паводле рамана “Крыніцы” паставіў п’есу. У 1957 годзе вышла аповесць Івана Шамякіна “Непаўторная вясна” – першая з пяці аповесцей будучага рамана “Трывожнае шчасце”, над якім пісьменнік працаваў да 1965 года.

Вялікую літаратурную вядомасць прынёс Шамякіну раман “Сэрца на далоні” (1963), у якім пісьменнік зноў звярнуўся да тэмы гераізму беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Раман ставіў мноства важных пытанняў: выхаванне дзяцей, грамадзянская мужнасць, сумленне і г.д. Філасофская думка рамана, яго мастацкая і ідэйная вартасць справядліва вылучылі раман у лік лепшых твораў беларускай літаратуры.

У 1969 годзе пісьменнік парадаваў чытачоў новым творам – раманам “Снежныя зімы”, у 1974 годзе – раманам “Атланты і карыятыды”.

У 1970-х – 1980-х гадах пісьменнік зноў звярнуўся да тэмы вайны: аповесць “Шлюбная ноч”, “Гандлярка і паэт”, раман “Зеніт”; кінааповесць “Эшалон у Германію”, па якой у 1974 годзе быў зняты фільм “Хлеб пахне порахам”.

Апошнія празаічныя творы пісьменніка былі прысвечаны надзённым праблемам сучаснасці: аповесць “Ахвяры” (1990), раман “Злая зорка” (1991), аповесць “Падзенне” (1994).

У 1972 годзе  Івану Пятровічу Шамякіну было нададзена ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі.

Іван Пятровіч Шамякін шмат увагі аддаваў публіцыстыцы і літаратурнай крытыцы. Аўтар вострасюжэтных п’ес “Не верце цішыні”, “Дзеці аднаго дома”, “Выгнанне блудніцы” і інш. Інсцэніроўкі твораў Шамякіна і пастаноўкі яго п’ес адбываліся ў Мінску, Бабруйску, Адэсе, Цярнопалі, Кіеве, Чаркасах і іншых гарадах.

Творы Івана Шамякіна перакладзены на многія мовы народаў былога СССР і за мяжою. Сам Іван Пятровіч перакладаў на беларускую мову творы А.П. Чэхава, Л.Н. Талстога і інш.

Іван Пятровіч Шамякін спалучаў творчую працу з актыўнай грамадскай дзейнасцю: не аднойчы выбіраўся ў партыйныя камітэты розных узроўняў, у мясцовыя саветы, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (з 1971 года – старшыня), дэпутатам Вярхоўнага савета СССР (1980-1989), членам беларускай дэлегацыі на 18 сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1963), членам прэзідыума Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі, старшынёй Беларускага камітэта абароны міру.

Змешчаная тут невялікая выстава прапануе Вам успомніць лёс і творчасць таленавітага беларускага пісьменніка і ўшанаваць яго памяць з нагоды 95-гадовага юбілею.