"Кароль рэпартажу": да 110-годдзя пісьменніка і журналіста Яфіма Садоўскага
Садоўскі Яфім Ільіч нарадзіўся 4 студзеня 1908 г. у г. Мінску ў сям’і служачага. Бацька да кастрычніцкай рэвалюцыі быў трымальнікам ляснога склада; маці – хатняй гаспадыняй. Дзіцячыя гады Я.Садоўскі правёў на Украіне ў г. Нікапале. Да 1917 г. вучыўся ў гімназіі, а потым два гады ў працоўнай школе.
У 1922 г. Я.Садоўскі разам з бацькамі вярнуўся ў Мінск. Тут ён у 1925 г. скончыў вячэрнюю рабочую школу, а ў 1926 г. – прафтэхшколу дрэваапрацоўшчыкаў.
Пасля сканчэння ў 1927 г. агульнаадукацыйных курсаў Я.Садоўскі працаваў у рэдакцыях газет “Савецкая Беларусь” (1923-1925), “Рабочий” (1925-1937), “Красноармейская правда” (1931-1932, Смаленск), загадчыкам аддзела інфармацыі ў рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия” (1937-1941). Адначасова займаўся ў вячэрняй школе павышанага тыпу.
У гады Вялікай Айчыннай вайны быў ваенным карэспандэнтам на Заходнім і Цэнтральным франтах. Пад г. Бялёвам Тульскай вобласці 14 ліпеня 1942 г. атрымаў калецтва. У 1942-1943 гг. знаходзіўся ў ваенным шпіталі ў Ніжнім Ноўгарадзе (у той час – г. Горкі), супрацоўнічаў у акруговым радыёкамітэце (1943). У снежні 1943 г. вярнуўся ў Беларусь. У пасляваенны час працаваў у рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия” загадчыкам аддзела інфармацыі, а з 1963 г. па 1970 г. – літаратурным супрацоўнікам у гэтым жа аддзеле. У 1970 г. выйшаў на пенсію, але працягваў рыхтаваць артыкулы, выступаў з лекцыямі.
Я.Садоўскі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Быў членам Саюзаў пісьменнікаў БССР і СССР, Саюзаў журналістаў БССР і СССР.
Я.Садоўскі пісаў на рускай і беларускай мовах. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1923 г., калі ў часопісе “Прафрух” і газеце “Красная смена” былі апублікаваны яго вершы на рускай мове, а ў газеце “Савецкая Беларусь” беларускія апавяданні. У 1920-я гады Я.Садоўскі быў членам групы рускіх літаратараў “Звенья”. У 1927 г. выйшаў паэтычны зборнік “Полустанок” (разам з Р.Ладным). Я.Садоўскі – аўтар кніг “Скрыпка і ордэн” (1935), “Я вижу” (1939), “Герой Савецкага Саюза Аляксандр Ісачэнка” (1946), “Ясные дали” (1951), “Жизни и судьбы” (1963), “Люди и подвиг” (1965), “Путь к сердцу” (1968), “Герои не умирают: методические советы лектору” (1974), “Ожерелье” (1991) і інш. Творы Я.Садоўскага перакладзены на англійскую, беларускую, нямецкую, украінскую, чэшскую мовы.
Сучаснікі называлі Я.Садоўскага “каралём рэпартажу”. Пісаў нарысы і артыкулы на самыя розныя тэмы. Друкаваўся ў шэрагу газет: “Советская Белоруссия”, “Мінская праўда”, “Известия”, “Слава працы”, “Медицинская газета”, “Воздушный часовой”, “Святло камунізма”, “Биробиджанская звезда” і інш.
Я.Садоўскі адзін з ініцыятараў выдання ў Беларусі рускага літаратурнага альманаха “Советская Отчизна” (зараз – часопіс “Нёман”). Складальнік зборнікаў “Маякоўскі ў Беларусі” (1957), “Минск: справочник-путеводитель” (1956), “«Коммунарка»: история фабрики” (1967), адзін са складальнікаў зборнікаў “Жизнь, отданная борьбе” (1983, пра В.Харужую), “Успаміны пра Змітрака Бядулю” (1988). Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў “Наваселле” (1945) і “Па малых рэках” (1947). З 1982 г. часта друкаваў вершы у бярэзінскай раённай газеце “Сцяг Леніна”. На жаль, многія творы Я.Садоўскага застаюцца ў рукапісах.
Я.Садоўскі памёр 13 верасня 1993 г. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
У Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд пісьменніка, журналіста Яфіма Садоўскага. Дакументы паступалі ў архіў-музей у 1975, 1976, 1978, 1988, 1990, 1993 гг. ад самога Я.І.Садоўскага і яго ўнучкі Ю.І.Кудрыцкай. Фонд налічвае 839 адзінак захоўвання (каля 4000 дакументаў) за [1904]-1993 гг.
Змешчаная тут выстава заснавана на дакументах, якія захоўваюцца ў асабістым фондзе Я.Садоўскага, іншых фондах архіва-музея, а таксама на дакументах з прыватнага архіва ўнучкі Я.Садоўскага Юліі Ігараўны Кудрыцкай. Выстава мае на мэце не толькі ўшанаваць 110-годдзе пісьменніка і журналіста, але і яшчэ раз звярнуць увагу на яго асобу і творчасць.
25 студзеня 2018 г.
Выставу падрыхтавала загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Т.В.Іванова